Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З сакавіка рэзка падаражэюць білеты зь Менску ў Варшаву і Вільню


Аўтобус фірмы Ecolines
Аўтобус фірмы Ecolines

У перавозчыкаў цэны на білеты адрозьніваюцца, аднак пераважна паказваюць істотны рост.

З сакавіка некаторыя перавозчыкі паднімаюць цэны на білеты зь Менску ў Варшаву і Вільню. Напрыклад, калі раней да сталіцы Польшчы можна было дабрацца за 130 рублёў, то зараз білет можа каштаваць нават 200 рублёў. Office Life паспрабаваў разабрацца, што стала прычынай падаражэньня.

Самы танны білет у сакавіку зь Менску да Вільні, які ўдалося знайсьці, каштаваў 80 рублёў. Самы дарагі — 140 рублёў. Напрыклад, «Мінсктранс» на 5 сакавіка прапануе білеты да Вільні за 125 рублёў. Раней дабрацца да сталіцы Літвы можна было на 25 рублёў таньней. У «Интеркарса» цана на гэтую ж дату па такім жа маршруце стартуе ад 95 рублёў, максымальна — 125 рублёў. У «Экалайнса» такі ж варыянт абыдзецца ў 140 рублёў.

Білеты да Варшавы таксама падаражэлі: той жа «Экалайнс» прапануе паездку ў сакавіку за 200 рублёў (у канцы лютага білет каштаваў 130 рублёў, а за некалькі дзён да адпраўленьня можна было знайсьці варыянты і за 90 рублёў). «Интеркарс» просіць 130–140 рублёў (у канцы лютага было 105 рублёў).

У замежных перавозчыкаў цэны яшчэ вышэйшыя. Напрыклад, Eurolines прапануе паездку зь Менску ў Вільню за 36–41 эўра (122–139 рублёў). Зрэшты, на 5 сакавіка можна знайсьці білет і за 115 рублёў. Паездка ў Варшаву зь перасадкай магчымая за 60 эўра (204 рублі).

Прычыны росту

Прычыны росту цэнаў, якія называюць перавозчыкі, — закрыцьцё з 1 сакавіка яшчэ двух пераходаў на мяжы зь Літвой і скарачэньне колькасьці рэгулярных рэйсаў. Да гэтых падзей айчынныя перавозчыкі маглі забясьпечыць больш прывабныя цэны на білеты за кошт добрага абароту. Цяпер сытуацыя іншая.

Пры гэтым літоўскі бок анансаваў, што скароціць колькасьць дазволаў на рэгулярныя рэйсы для беларускіх і літоўскіх перавозчыкаў да 29. У нерэгулярнага транспарту таксама павінен быць дазвол на перавозку.

Яшчэ адна прычына падаражэньня білетаў — жаданьне зраўнаваць цэны з прапановай замежных перавозчыкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG