Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніца МУС Літвы на мяжы зь Беларусьсю заявіла, што калі будуць новыя пагрозы, будуць новыя абмежаваньні


Міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце, 29 лютага 2024
Міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце, 29 лютага 2024

Міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце і кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Рустам Любаеў у чацьвер на памежным пераходзе ў Лаварышках расказалі аб прычынах і наступствах закрыцьця яшчэ двух КПП на мяжы зь Беларусьсю з 1 сакавіка.

Закрыцьцё двух пунктаў памежнага кантролю зьнізіць паток на 32%

Міністар унутраных спраў Літвы Агне Білатайце заявіла, што а 12-й гадзіне ў ноч на 1 сакавіка ўступае ў сілу пастанова ўраду Літвы, згодна зь якой у пунктах кантролю «Лаварышкі» і «Райгорад» на мяжы зь Беларусьсю закрываецца пасажырскі і ня толькі — увесь рух.

«Таксама прынята рашэньне абмежаваць рух пешаходаў і раварыстаў у астатніх пунктах памежнага кантролю, а менавіта ў Салечніках і Медніках. Прынята рашэньне абмежаваць выдачу дазволаў на пасажырскія маршрутныя перавозкі да 50%».

Паводле яе слоў, цяпер актыўна вырашаецца пытаньне з кантрабандай зь Беларусі, бо, прыкладам, у пункце памежнага кантролю «Райгорад» колькасьць перахопленай за апошні год кантрабанды вырасла ўдвая.

«А як вядома, кантрабанда — крыніца фінансаваньня рэжыму ў Беларусі, бо яна падкантрольная Лукашэнку і яго атачэньню. Закрыцьцё пунктаў дазволіць нам запэўніць лепшы кантроль менавіта для ажыцьцяўленьня санкцыяў. Адна з прычынаў прыняцьця гэтага рашэньня зьвязаная менавіта з рызыкамі росту патоку грамадзян Беларусі ў нашу краіну, з магчымымі пагрозамі».

На КПП у Лаварышках
На КПП у Лаварышках

Паводле слоў Агне Білатайце, закрыцьцё гэтых двух пунктаў памежнага кантролю азначае зьніжэньне патоку паміж дзьвюма краінамі прыблізна на 32%.

«Наконт будучыні і магчымага ўвядзеньня новых абмежаваньняў — гэта залежыць ад узроўню пагрозаў на мяжы зь Беларусьсю: калі ўзьнікнуць новыя пагрозы або сытуацыя на беларуска-літоўскай мяжы зьменіцца, мы можам увесьці новыя абмежаваньні», — заявіла міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце.

Пункт памежнага кантролю «Лаварышкі» на мяжы Літвы і Беларусі. 29 лютага 2024
Пункт памежнага кантролю «Лаварышкі» на мяжы Літвы і Беларусі. 29 лютага 2024

Галоўныя прычыны — нацыянальная бясьпека Літвы і кантрабанда

На пытаньне журналістаў Свабоды, што стала галоўнымі фактарамі, якія паўплывалі на рашэньне Літвы закрыць яшчэ 2 памежныя пераходы на беларуска-літоўскай мяжы, Білатайце адказала, што, па-першае, гэта нацыянальная бясьпека Літвы і геапалітычная сытуацыя, па-другое — праблема кантрабанды празь беларуска-літоўскую мяжу, па-трэцяе — тое, што суседзі Літвы (Латвія і Польшча) закрылі шэраг пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю, і гэта ў пэўным сэнсе паўплывала на Літву.

«Канечне, мы адчуваем большы ціск на нашу мяжу», — адзначыла міністарка.

На пытаньне, ці ня думае яна, што закрыцьцё яшчэ двух пунктаў пропуску найперш паўплывае на звычайных беларусаў, а не на рэжым Лукашэнкі, Білатайце адказала:

«Я так ня думаю, бо два пункты пропуску на беларуска-літоўскай мяжы па-ранейшаму застаюцца адкрытымі. І што тычыцца гуманітарных выпадкаў, мы працягваем нашу дапамогу і падтрымку беларускаму народу».

Папярэджаньні на беларуска-літоўскай мяжы пра небясьпеку наведваньня Беларусі
Папярэджаньні на беларуска-літоўскай мяжы пра небясьпеку наведваньня Беларусі

Закрыцьцё апошніх двух памежных пунктаў на мяжы Беларусі і Літвы пакуль не разглядаецца, заявіў Свабодзе кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Рустам Любаеў.

«Мы павінны ацаніць сытуацыю, якая будзе ўтварацца на нашай мяжы пасьля закрыцьця. На цяперашні момант размоваў ці плянаў наконт закрыцьця дадатковых памежных пунктаў няма», — сказаў ён.

Паводле Рустама Любаева, дадатковых мераў па кантролі беларусаў на мяжы, акрамя тых, якія дзейнічаюць цяпер, пакуль ня будзе.

Кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Рустам Любаеў
Кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Рустам Любаеў

Пра «гуманітарны калідор»

На пытаньне Свабоды наконт працягу працы «гуманітарнага калідора» і пра тое, якім чынам літоўскія памежнікі вызначаюць, што беларус пакідае краіну з гуманітарных меркаваньняў, Рустам Любаеў адзначыў, што ў такіх выпадках з чалавекам праводзяць размову, а таксама вывучаюць усе дакумэнты, якія ёсьць у чалавека.

«Калі чалавек перасьледуецца рэжымам, ён павінен ня проста пра гэта заявіць, ён павінен нейкім чынам гэта даказаць. Гэта гутарка, усялякія суправаджальныя дакумэнты. Калі чалавек, напрыклад, едзе ў Літву на пахаваньне сваяка — відавочна, што ён павінен прадставіць пэўныя дакумэнты, якія пацьвярджаюць, што ён едзе туды. Калі ён едзе ў Літву, каб прайсьці нейкі курс лекаваньня — таксама ёсьць пэўныя дакумэнты, якія могуць гэта пацьвердзіць. Гэта ўсё вельмі лёгка правяраецца», — патлумачыў ён.

КПП «Лаварышкі», 29 лютага 2024
КПП «Лаварышкі», 29 лютага 2024

Наконт сытуацыі з кантрабандай зь Беларусі Рустам Любаеў адзначыў, што калі паглядзець на агульны аб’ём кантрабанды, у асноўным тытуню, назіраецца даволі істотнае яе зьніжэньне, аднак што тычыцца колькасьці спробаў арганізаваць такую кантрабанду — памежнікі назіраюць іх рост.

Паводле яго, гэта адбываецца ў сувязі з тым, што пасьля ўвядзеньня дадатковых мераў кантролю на мяжы арганізатары кантрабанды «спрабуюць прыстасавацца да сытуацыі» і выкарыстоўваюць іншыя спосабы кантрабанды тавараў — напрыклад, бесьпілётнікі.

Таксама ён выказаў упэўненасьць, што закрыцьцё яшчэ двух пунктаў пропуску на беларуска-літоўскай мяжы паспрыяе далейшаму зьніжэньню колькасьць кантрабандных тавараў, якія трапляюць у Літву.

Мігранты, кантрабанда, вагнэраўцы. Як Лукашэнка стварае «жалезную заслону»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:16 0:00

Што кажуць на гэта ў Беларусі

Дзяржаўны памежны камітэт прагназуе зьмяншэньне штосутачнай колькасьці грузавікоў, якія фактычна запускаюцца на літоўскую тэрыторыю сумежным бокам, прыкладна на 40%, паведаміла прэс-служба ведамства напярэдадні закрыцьця Літвой пунктаў пропуску «Лаварышкі» (зь беларускага боку «Катлоўка») і «Райгорад» («Прывалка»).

«Літоўскі напрамак застаецца самым загружаным для грузавога транспарту на мяжы Беларусі і краін Эўразьвязу. Нягледзячы на гэта, сумежны бок мэтанакіравана працягвае ствараць перашкоды ў перасячэньні мяжы грузаперавозчыкам і ўласным грамадзянам», — заявіў ДПК.

Падобнае рашэньне, лічыць ДПК Беларусі, прывядзе да пераразьмеркаваньня транспартных патокаў і істотнага росту нагрузкі на астатнія пункты пропуску — «Меднікі» («Каменны Лог») і «Салечнікі» («Беняконі»).

«За мінулыя суткі супрацоўнікі чатырох літоўскіх пераходаў, якія функцыянуюць, прапусьцілі на сваю тэрыторыю 32% фураў ад нормы. Зь іх 13% транспарту прайшлі праз пункты пропуску «Лаварышкі» («Катлоўка») і «Райгорад» («Прывалка»), якія сумежны бок плянуе закрыць», — паведаміла ведамства.

21 лютага ўрад Літвы прыняў рашэньне аб закрыцьці з 1 сакавіка пагранічных пераходаў «Лаварышкі» і «Райгорад» для вырашэньня праблем нацыянальнай бясьпекі, барацьбы з кантрабандай і парушэньнем міжнародных санкцый.

Такім чынам, на мяжы зь Беларусьсю працягнуць працаваць два пункты пропуску з шасьці — «Меднікі» («Каменны Лог») і «Салечнікі» («Беняконі»). КПП «Шумск» («Лоша») і «Цьверач» («Відзы») былі зачыненыя 18 жніўня 2023 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG