Шэраг беларускіх банкаў у сакавіку ўводзяць зьмены для сваіх кліентаў: так, «Альфа-Банк» будзе спаганяць плату за захоўваньне даляраў ЗША і эўра на рахунках, некаторыя іншыя банкі падвысяць памер камісіі за асобныя паслугі. Выданьне «Люстэрка» сабрала асноўныя зьмены.
«Белгазпрамбанк» з 4 сакавіка ўнясе зьмены ў камісіі за некаторыя апэрацыі для фізычных асобаў — банк перастане браць аплату за выдачу даведак пра адсутнасьць запазычанасьці ў крэдытах. Таксама банк адновіць міжнародныя пераводы з рахунку фізычнай асобы і пераводы без адкрыцьця рахунку па даручэньні ў далярах, а яшчэ зьменшыць мінімальную суму па іх у эўра — да 5000.
З 18 сакавіка «Белгазпрамбанк» павысіць камісію за прыём, пералік наяўных грошай пры плацяжах у касах банку на карысьць вытворцаў паслуг — да 4 рублёў (пры аналягічных плацяжах онлайн, праз банкаматы і інфакіёскі камісію плаціць ня трэба). Камісія за прыём наяўных грошай ад фізычных асобаў з наступным пераводам на рахункі юрыдычных асобаў і ІП, адкрытыя ў «Белгазпрамбанку», з 18 сакавіка будзе складаць 0,2% ад сумы (мінімум — 4 рублі).
«Альфа Банк» з 1 сакавіка павялічыць мінімальны памер платы за рэгістрацыю ўгодаў з каштоўнымі паперамі з удзелам рэзыдэнтаў Беларусі з 60 да 80 рублёў. Таксама банк увёў тарыф за прыём на захоўваньне/зьняцьце з захоўваньня кожнага выпуску (часткі выпуску) каштоўных папер эмітэнта — яго памер складзе 5 рублёў.
«Сбер Банк» з 1 сакавіка ўвядзе зьмены ў тэрмінах заказу гатоўкі ў касах і тэрміне дзеяньня дамовы банкаўскага абслугоўваньня, унясе папраўкі ў парадак аказаньня паслугі «апавяшчэньне пра апэрацыі». У падрабязнасьцях новаўвядзеньняў банк прапануе разабрацца кліентам самастойна. Таксама з 1 сакавіка банк перастане адпраўляць апавяшчэньні (SMS, push, электронныя лісты) аб апэрацыях, праведзеных з дапамогай мабільнай праграмы «СберБанк Онлайн».
«РРБ-Банк» з 1 сакавіка павысіць кошт індывідуальнага банкаўскага сэйфа (ячэйкі) для закрытага захоўваньня — з 20 да 40 рублёў за месяц. Дадаткова за карыстаньне паслугай трэба заплаціць закладную цану за ключ — 70 даляраў ЗША (выплочваецца ў беларускіх рублях па курсе Нацбанку на дату заключэньня дамовы), гэтая цана ня зьменіцца.
«Белінвэстбанк» з 1 сакавіка прапіша падрабязнасьці аб штомесячнай абанэнцкай плаце за абслугоўваньне ў пакеце паслуг «Сямейка». Абанэнцкая плата складзе 25 рублёў за месяц.
«Цэптэр Банк» з 1 сакавіка запусьціць акцыю для юрыдычных асобаў і ІП па пераводах у расейскіх рублях у Расею, у межах якой камісія за такое адпраўленьне будзе складаць 1 рубель. Плянуецца, што акцыя будзе дзейнічаць да канца траўня, але ёсьць абмежаваньні.
Раней «Альфа-Банк» аб’явіў, што з 1 сакавіка будзе спаганяць плату за захоўваньне даляраў і эўра на рахунках, калі іх сума перавышае 160 тысяч беларускіх рублёў у эквіваленце. Першапачаткова платную паслугу зьбіраліся ўвесьці з 1 лютага. У банку растлумачылі рашэньне тым, што «ў эканоміцы адбываецца дэдалярызацыя і юрыдычныя асобы часьцей выбіраюць беларускі рубель/расейскі рубель/юані ў якасьці валюты для крэдытаваньня». Праз гэта расьце працэнт, які банк пераводзіць у фонд абавязковых рэзэрваў ад сваіх валютных рэшткаў у эўра і далярах — як вынік, банкі вымушаныя зьніжаць абʼём валюты на рахунках.
Раней камісію за абслугоўваньне валютных рахункаў уводзілі ў тым ліку «БНБ-Банк», «Прыёрбанк».