Беларуская мытня перавядзе частку супрацоўнікаў і абсталяваньня ў тыя пункты, якія працягнуць працу, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэту.
Адкрытымі для руху застаюцца пункты пропуску Меднікі/Каменны Лог і Салечнікі/Беняконі. Аднак абмежаваньні іх таксама закранулі. Паводле рашэньня літоўскага боку, з 1 сакавіка там перастануць прапускаць пешаходаў і раварыстаў.
Беларускі бок вырашыў прыняць меры, каб пазьбегнуць затораў і зьнізіць час праходжаньня мяжы, сьцьвярджаюць у Дзяржаўным мытным камітэце. Акрамя таго, у пункты пропуску «Каменны Лог» і «Беняконі» перададуць некаторыя сродкі кантролю з «Прывалкі» і «Катлоўкі».
Закрыцьцё яшчэ двух памежных пераходаў на мяжы зь Беларусьсю ўрад Літвы ўхваліў 21 лютага. Акрамя таго, зь сярэдзіны жніўня 2023 году ўжо часова зачыненыя памежныя пераходы «Шумск» і «Цьверач» («Лоша» і «Відзы» зь беларускага боку).