Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Беларусі ў адказ на санкцыі Эўразьвязу паабяцалі новыя рэпрэсіі


Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз
Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз

МЗС Беларусі апублікавала «разгорнуты камэнтар» у сувязі з санкцыямі Эўразьвязу за перасьлед іншадумцаў і дапамогу Расеі ў вайне.

МЗС Беларусі заявіў, што вывучыў заявы Эўразьвязу і асобных краін-сяброў у сувязі з выбарамі 25 лютага і прыняў да ўвагі чарговыя высновы Рады ЭЗ і рашэньне аб прадаўжэньні «незаконных санкцый».

«Усе вышэйназваныя тэксты з загадзя падрыхтаванымі высновамі не зьмяшчаюць нічога новага. Разглядаем іх як беспасьпяховыя спробы ўмяшаньня ва ўнутраныя справы нашай краіны», — гаворыцца ў заяве МЗС Беларусі.

МЗС заяўляе, што праз гэтыя санкцыі да крымінальнай адказнасьці могуць быць прыцягнутыя грамадзяне Беларусі:

«Новыя незаконныя абмежавальныя захады, якія ўводзяцца супраць Беларусі, зьяўляюцца прадметам вывучэньня праваахоўных органаў і могуць стаць легітымнай падставай для новых крымінальных спраў у дачыненьні да асоб, якія іх ініцыявалі, у тым ліку ўжо асуджаных за падобныя злачынствы, якія ўсё яшчэ ўхіляюцца за мяжой ад адбыцьця пакараньня».

МЗС адмаўляе, што палітвязьням у Беларусі не аказваецца мэдыцынская дапамога і шмат хто ня мае сувязі з блізкімі:

«Усе зьняволеныя атрымліваюць неабходную мэдыцынскую дапамогу і іншае садзейнічаньне ў парадку і аб’ёмах, вызначаных законам».

МЗС абураецца непрызнаньнем парлямэнцкіх выбараў, якія прайшлі 25 лютага.

«Наша законнае непрыманьне выклікае пастаяннае імкненьне палітыкаў і бюракратаў Эўразьвязу даць ацэнкі палітычным працэсам у Беларусі і ў прыватнасьці выбарам. Падкрэсьліваем, што сувэрэннае права на кіраваньне сваёй дзяржавай належыць толькі беларускаму народу».

МЗС таксама апраўдвае разьмяшчэньне на тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі.

«Прымаючы да ўвагі, што большасьць краін ЭЗ зьяўляюцца ня толькі чальцамі самай узброенай у сьвеце вайскова-палітычнай Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы (NATO), але і непрапарцыйна нарошчваюць свае вайсковыя патэнцыялы, асуджэньне Эўразвязам крокаў у рэалізацыі сувэрэннага права Беларусі ў разьмяшчэньні на сваёй тэрыторыі ядзернай зброі, ажыцьцёўленага ў поўнай адпаведнасьці зь міжнародным правам, дазваляе з упэўненасьцю заяўляць аб тым, што нашы вымушаныя ахоўныя дзеяньні цалкам апраўданыя».

МЗС Беларусі называе кіраўніцтва Ўкраіны „нэанацыстамі“, а заяву ЭЗ аб гібрыдным нападзе нелегальнымі мігрантамі „лжывай“. Беларускую апазыцыю за мяжой МЗС называе „злачынцамі“.

«Насьцярожвае непрыкрытая падтрымка Брусэлем выключна празазаходніх, русафобскіх і нацыяналістычных сіл. ЭЗ павінен разумець, што ўзаемадзеяньне зь некаторымі асобамі, якія атрымліваюць прыстанішча і замежнае фінансаваньне ў Польшчы і Літве, а таксама заклікаюць і ажыцьцяўляюць даказаную дзейнасьць дзеля зьвяржэньня законнай улады і злому канстытуцыйнага ладу ў Беларусі ўзброенымі або тэрарыстычнымі мэтадамі, азначае, што Эўразьвяз сьвядома фінансуе экстрэмістаў і арыентуецца на тэрарыстычныя спосабы дасягненьня сваіх мэт».

Пазыцыя Эўразьвязу

Эўразьвяз пасьля выбараў 25 лютага пацьвердзіў свой намер прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі, а таксама ўводзіць і далей абмежавальныя захады, пакуль беларускія ўлады ня спыняць гэтых дзеяньняў.

Рада Эўрапейскага Зьвязу да 28 лютага 2025 году падоўжыла дзеяньне санкцый, уведзеных супраць чыноўнікаў і прадпрыемстваў Беларусі за рэпрэсіі супраць беларусаў і падтрыманьне агрэсіі Расеі супраць Украіны.

Як адзначаецца на сайце Рады Эўрапейскага Зьвязу, такое рашэньне ўхвалена на падставе штогадовага агляду абмежавальных захадаў і зважаючы на працяг рэпрэсій і рэзкае пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, а таксама «нязьменны ўдзел краіны ў незаконнай ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны».

Гаворка ідзе пра санкцыі, якія пасьлядоўна ўводзіліся з жніўня 2020 году і цяпер ахопліваюць 233 фізычных асобаў, у тым ліку і Аляксандра Лукашэнку, а таксама 37 арганізацый.

«Гэтымі захадамі Эўразьвяз сыгналізуе палітычным і эканамічным суб’ектам, што іх дзеяньні — падтрымка рэжыму і Расеі — маюць цану», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

Беларусь таксама застаецца абʼектам адзінкавых эканамічных санкцый, уключаючы абмежаваньні ў фінансавым сэктары, гандлі, энэргетыцы, транспарце, тэлекамунікацыях, перадачы тавараў двайнога прызначэньня і тэхналёгій.

«Рада ЭЗ таксама выказала глыбокую занепакоенасьць пагаршэньнем сытуацыі з правамі чалавека ў краіне і рашуча асудзіла працяг перасьледу беларускага грамадзтва, нязьменную падтрымку беларускім рэжымам агрэсіўнай вайны Расеі супраць Украіны, а таксама заклікала Беларусь устрымацца ад такіх дзеяньняў і выконваць свае міжнародныя абавязаньні», — адзначаецца ў паведамленьні.

Апроч таго, Эўразьвяз пацьвердзіў свой намер прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у парушэньнях правоў чалавека, а таксама ўводзіць абмежавальныя захады і далей, аж пакуль беларускія ўлады ня спыняць гэтых дзеяньняў.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG