Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камандзе Навальнага не ўдалося знайсьці месца для разьвітаньня зь ім. Адваката Навальнага затрымлівалі


Аляксей Навальны на судзе з калёніі. Архіўнае фота
Аляксей Навальны на судзе з калёніі. Архіўнае фота

Каманда расейскага апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага ня можа знайсьці ў Маскве залю для правядзеньня цырымоніі разьвітаньня з палітыкам: рытуальныя агенцтвы і пляцоўкі адпаўляюць у наданьні паслуг.

26 лютага паплечнікі Навальнага паведамілі, што яго пахаваньне можа адбыцца ў канцы гэтага тыдня. Аднак ужо сёньня, 27 лютага, стала вядома, што яны ня могуць знайсьці ў Маскве залю для правядзеньня цырымоніі разьвітаньня, бо рытуальныя агенцтвы адмаўляюцца аказваць ім такую паслугу.

«Мы абтэлефанавалі большасьць прыватных і дзяржаўных рытуальных агенцтваў, камэрцыйных пляцовак і пахавальных заляў. Дзесьці кажуць, што памяшканьне занятае. Дзесьці адмаўляюцца пры згадваньні прозьвішча „Навальны“. У адным месцы нам наўпрост сказалі, што рытуальным агенцтвам забаранілі з намі працаваць. Праз суткі пошукаў памяшканьня для разьвітаньня няма», — напісала прэс-сакратарка Навальнага Кіра Ярмыш.

Цела Навальнага не аддавалі ягонай маці на працягу тыдня. У сувязі з гэтым адвакаты Людмілы Навальнай падалі ў СК заяву з просьбай завесьці крымінальную справу паводле артыкула аб зьдзеку зь цела памерлага (артыкул 244 Крымінальнага кодэксу РФ). У мінулую суботу, 24 лютага, Людміла Навальная нарэшце атрымала цела сына.

Дырэктар «Фонду барацьбы з карупцыяй» Іван Жданаў адзначаў, што сьледчыя прасілі Навальную пахаваць яе сына без залішняй публічнасьці. Маці палітыка не пагадзілася і запісала відэазварот, у якім расказала пра пагрозы з боку супрацоўнікаў Сьледчага камітэту.

Сёньня, 27 лютага, у Маскве затрымалі адваката Навальнага Васіля Дубкова, паведаміла «Новая газета Европа». Праўда, хутка адваката адпусьцілі. Пра гэта ён сам распавёў выданьню «Верстка». Ён ня стаў камэнтаваць прычыну і абставіны затрыманьня, адзначыўшы, што лічыць тое, што адбылося, перашкодай адвакацкай дзейнасьці.

Пасьля сьмерці Навальнага адвакат суправаджаў яго маці Людмілу Навальную ў Салехардзе, куды яна езьдзіла, каб атрымаць цела сына.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG