Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зрабілі больш строгімі падатковыя праверкі набыцьця нерухомасьці


Будаўніцтва ў Менску, ілюстрацыйнае фота
Будаўніцтва ў Менску, ілюстрацыйнае фота

Цяпер запытацца, адкуль вы ўзялі грошы на дом, змогуць і празь некалькі гадоў.

Улады зьмянілі працэдуру праверкі даходаў і расходаў насельніцтва. Зьмены закранаюць людзей, якія пабудавалі дамы і кватэры.

У Беларусі ўвялі зьмены пры праверцы падатковымі службамі даходаў і расходаў фізычных асоб, якія пабудавалі нерухомую маёмасьць. Пра гэта паведаміла Міністэрства падаткаў і збораў.

Пытаньне ад падаткавікоў, адкуль чалавек узяў грошы на новую кватэру, дом ці аўтамабіль, цяпер могуць задаць і празь некалькі гадоў пасьля ўводу ў нерухомасьці ў карыстаньне.

З 2024 году падаткавікі ўвялі адразу некалькі зьменаў, якія тычацца праверак даходаў і расходаў насельніцтва. У прыватнасьці, да 1500 базавых велічынь паднялі мяжу, пры перавышэньні якой пытаюць справаздачу, адкуль у чалавека няўлічаныя сродкі. Перагледзелі і спосабы, якімі могуць запытваць тлумачэньні ў беларусаў, адкуль тыя грошы зьявіліся, то бок непасрэдна цікавіцца крыніцай даходаў грамадзян.

Падаткавікі таксама ўвялі зьмены пры праверках для тых, хто самастойна будуе нерухомасьць, гэта значыць без прыцягненьня забудоўніка ці падрадчыка. Калі падатковая пытаецца ў чалавека, за якую суму збудавалі нерухомасьць, ён сярод іншага можа самастойна вызначыць яе кошт. Але да гэтага году была ўмова — ён павінен быць ня меншы за 70% ад кошту, якую падатковая вызначае для вылічэньня падатку на нерухомасьць на 1 студзеня. З гэтага году мінімум складае ўжо 100%.

Зьявіліся агульныя правілы вызначэньня выдаткаў на будаўніцтва нерухомасьці ў тых выпадках, калі чалавек ня можа атрымаць такіх лічбаў ад забудоўніка або падрадчыка. Напрыклад, з прычыны іх ліквідацыі або таго, што ў іх няма зьвестак аб расходах па канкрэтным аб’екце.

У дадатак да гэтага, з 2024 году правяраная асоба ў выпадку нязгоды з памерам выдаткаў на будаўніцтва нерухомасьці можа прадставіць заключэньне аб ацэнцы такой нерухомасьці, складзенае з выкарыстаньнем рынкавых мэтадаў ацэнкі будынкаў і збудаваньняў на любую дату каляндарнага году, у якім аб’ект ацэнкі прынялі ў эксплюатацыю.

Падатковая можа запытаць у фізычнай асобы тлумачэньні аб даходах і расходах за 10 папярэдніх поўных каляндарных гадоў. Праверка можа праводзіцца і за пэрыяд, большы за 10 гадоў, у выпадку, калі фізычная асоба ў тлумачэньнях аб крыніцах даходаў заявіць больш раньні пэрыяд іх зьяўленьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG