У сваім тэлеграм-канале яна таксама нагадала, што 25 лютага дэмакратычныя сілы арганізуюць у «Ютубе» анлайн-маратон «Выбіраю новую Беларусь».
«У дзень „безвыбараў“ зрабі правільны выбар: застанься дома. Нам прапануюць зрабіць выгляд, што мы выбіраем. Але гэта падман. Будзе сытуацыя, калі наш удзел прывядзе да перамен. А сёньня ня ўдзельнічай у падмане — паглядзі ў „Ютубе“ маратон», — заклікаў Офіс Ціханоўскай.
Ціханоўская: «Кожны начальнік калёніі, кожны галаварэз з ГУБАЗіКа, кожны сьледчы — панясе адказнасьць»
У рамках маратону «Абіраю Новую Беларусь», які зладзілі дэмакратычныя сілы, Сьвятлана Ціханоўская зьвярнулася да беларусаў.
«Я ня буду паўтараць пра выбары — чаму гэта фарс і цырк. Вы гэта самі ведаеце і разумееце. Рэжым праводзіць іх як сапраўдную ваенную апэрацыю, у атмасфэры тэрору, без ніякай канкурэнцыі і ніякага шанцу пачуць альтэрнатыўныя галасы», — сказала Ціханоўская.
Паводле яе слоў, «факусавацца» зараз стаіць на іншым — перш за ўсё «на сітуацыі з палітзняволенымі».
«Ужо пяцёра загінула за кратамі. На гэтым тыдні замучылі Ігара Ледніка, а месяц таму — Вадзіма Храсько. І мы не павінны дапусьціць, каб гэтыя сьмерці сталі нечым нармальным. Нам неабходна званіць ва ўсе званы, каб гэта спыніць. На кожнай сустрэчы я патрабую ад міжнароднай супольнасьці канкрэтных дзеяньняў па вызваленьні людзей», — адзначыла палітык.
Ціханоўская заклікала «беларусаў сьвету» мабілізавацца:
«Хутка 25 сакавіка, Дзень Волі і Міжнародны Дзень салідарнасьці з Беларусьсю. Арганізуйце пікеты, акцыі, маршы, мерапрыемствы. Напішыце палітыкам у вашых краінах. Патрабуйце не слоў, а канкрэтных дзеяньняў».
Беларусаў «унутры краіны», яна заклікала «захоўваць баявы дух», «не губляць веры» і «падтрымліваць адзін аднаго».
Асаблівую ўвагу яна надала праблемам палітвязьняў у краіне — і заклікала аб’яднаць намаганьні для іх вызваленьня.
«Відавочна, калі ня будзе ціску — рэжым нікога ня вызваліць. Бо для дыктатара палітвязьні — не праблема. А мы павінны зрабіць так, каб гэта стала для яго праблемай. Ён павінен ведаць, што заплаціць за кожную ахвяру. Кожны начальнік калёніі, кожны галаварэз з ГУБАЗіКа, кожны сьледчы — панясе адказнасьць за свае злачынствы. Мы будзем зьбіраць усе доказы, імёны — толькі так зможам аднавіць справядлівасьць», — адзначыла Ціханоўская.
Чакаецца, што ў анлайн-маратоне прымуць удзел «больш за 20 сьпікераў» — «артыстаў і актывістаў, эканамістаў і палітыкаў, блогераў і журналістаў», якія «падзеляцца сваім бачаньнем, як ад дыктатуры падману і страху перайсьці да новай Беларусі».
Сярод удзельнікаў — Павал Латушка, Валер Кавалеўскі, Аліна Коўшык, Аляксандар Дабравольскі, Анатоль Лябедзька, Павал Лібер, Вольга Зазулінская, Андрэй Стрыжак, Андрэй Павук, Аляксандар Кныровіч, Аляксандар Кабанаў, Сяргей Пятрухін, Яраслаў Раманчук, Андрэй Курэйчык і іншыя.
Беларусам, якія плянуюць глядзець маратон зь Беларусі, рэкамэндуцюь выконваць захады лічбавай бясьпекі: выкарыстоўваць VPN і не пісаць у чаце трансьляцыі з акаўнтаў Youtube, якія зьмяшчаюць рэальныя асабістыя дадзеныя.
У гэтым годзе ўпершыню ў Беларусі праходзяць аб’яднаныя выбары — так званы Адзіны дзень галасаваньня прызначаны на 25 лютага. Назіраць за выбарамі запрасілі прадстаўнікоў СНД, Парлямэнцкай асамблеі АДКБ. Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. У якасьці кандыдатаў у дэпутаты зарэгістраваны толькі прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі.
Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%.
Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня — 2024
- 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
- Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
- Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
- Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
- Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
- Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
- Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
- Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
- Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
- Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
- Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
- На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
- Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
- З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.