Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне назвалі маніпуляцыйнай інфармацыю аб колькасьці ўкраінцаў, якія прыяжджаюць у Беларусь


Амбасадар у асаблівых даручэньнях Міністэрства замежных спраў Украіны па Беларусі Ігар Кізім. Архіўнае фота
Амбасадар у асаблівых даручэньнях Міністэрства замежных спраў Украіны па Беларусі Ігар Кізім. Архіўнае фота

У пачатку вайны зь Беларусі выехала больш грамадзян Украіны, чым выяжджала з Украіны ў Беларусь.

Амбасадар у асаблівых даручэньнях Міністэрства замежных спраў Украіны па Беларусі Ігар Кізім заявіў, што Менск распаўсюджвае непраўдзівую інфармацыю аб колькасьці ўкраінцаў, якія прыяжджаюць на беларускую тэрыторыю.

«Насамрэч гаворка ідзе не аб транзытных уцекачах ці людзях, якія ўехалі ў Беларусь, каб папрасіць прытулку. Гэта, як і раней, простыя паездкі ўкраінскіх грамадзян», — сказаў Ігар Кізім у інтэрвію выданьню «Позірк».

Паводле яго, Дзяржаўны памежны камітэт (ДПК) Беларусі «займаецца несумленнай падачай лічбаў і чыстай вады маніпуляцыяй».

«Найбольш цікава, што вы нідзе ня знойдзеце ў адкрытых крыніцах зьвесткі аб колькасьці ўкраінцаў, якія выехалі з вашай краіны. Сумленна і шчыра з боку ДПК было б даваць гэтую статыстыку», — перакананы ён.

Ігар Кізім дадаў, што ў пачатку вайны зь Беларусі выехала большая колькасьць грамадзян Украіны, чым, наадварот, выяжджала з Украіны ў Беларусь.

«Гэта было зьвязана з тым, што шмат украінцаў вярталіся з Расеі менавіта празь Беларусь, каб не ісьці праз фронт, праз тэрыторыю баявых дзеяньняў. Безумоўна, ёсьць і ўкраінцы, якія папрасілі прытулку ў Беларусі, але ня думаю, што іх вельмі шмат. Падкрэсьлю: большасьць украінскіх грамадзян, якія ўехалі ў вашу краіну пасьля пачатку вайны, ужо яе пакінулі», — адзначыў украінскі амбасадар.

Паводле яго, да вайны і эпідэміі каранавірусу колькасьць узаемных паездак грамадзян Беларусі і Ўкраіны дасягала 3 мільёнаў.

На пачатку лютага 2024 году рашэньнем міністра замежных спраў Украіны Ігар Кізім прызначаны амбасадарам у асаблівых даручэньнях па Беларусі. Ён тады паведаміў, што ў ягоныя абавязкі ўваходзяць «пытаньні, зьвязаныя з дэмакратычнымі сіламі Беларусі як часткай беларускага грамадзтва, якая выступае супраць палітыкі цяперашняга кіраўніцтва Беларусі, у прыватнасьці што тычыцца падтрымкі расейскай вайсковай агрэсіі супраць Украіны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG