Яна заявіла, што ня мае намеру выбываць з барацьбы пасьля прызначаных на суботу праймэрыз у Паўднёвай Караліне.
Гэты штат для Гэйлі родны. Як адзначае Reuters, чакаецца, што тут яна прайграе экс-прэзыдэнту Дональду Трампу на праймэрыз.
Трамп мае значную перавагу, мяркуючы па апытаньнях грамадзкай думкі. Яго саюзьнікі ўзмацнілі ціск на Гэйлі, імкнучыся прымусіць яе выйсьці з гонкі, пасьля таго як яна зь вялікім адрывам прайграла першыя чатыры конкурсы па вылучэньні кандыдатаў.
Трамп прыгразіў выключыць донараў, якія працягваюць даваць ёй грошы, з руху MAGA («Зробім Амэрыку зноў вялікай»).
Раней Гэйлі заяўляла, што лічыць сябе здольнай перамагчы Трампа ў сваім родным штаце, аднак апытаньні ўвесь час паказвалі, што яна адстае там больш як на 30 працэнтных пунктаў.
Гэйлі, якая займала пасаду губэрнатаркі Паўднёвай Караліны з 2011 па 2017 год, адстае ад Трампа ў нацыянальным маштабе прыкладна на 60 пунктаў, згодна зь сярэднім паказчыкам, апублікаваным сайтам апытаньняў і аналізу FiveThirtyEight.
Багатыя саюзьнікі Гэйлі пачалі зьвяртаць сваю ўвагу на некалькі штатаў і тэрыторый, якія галасуюць на пачатку сакавіка, у некаторых зь якіх пражывае высокая доля добра адукаваных жыхароў прыгарадаў. Гэтая дэмаграфічная група складала асноўную базу падтрымкі Гэйлі на першых праймэрыз.
Кампанія Гэйлі сфармавала ў сямі штатах лідэрскія групы, якія галасуюць 5 сакавіка, а таксама лідэрскую каманду ў Джорджыі, дзе выбарнікі пойдуць на ўчасткі для галасаваньня 12 сакавіка.