У сярэдзіне студзеня менскі чыгуначны вакзал заляпіў стужкай, падобнай да ізаляцыйнай, усе надпісы на ангельскай мове на інфармацыйных табло ў будынку вакзалу, у абодвух падземных пераходах пад пуцямі і на саміх плятформах зь цягнікамі. У Беларускай чыгунцы Свабодзе з гэтай нагоды сказалі, што цяпер «інфармацыя на вакзалах даецца на дзьвюх мовах, расейскай і беларускай».
Беларусы напісалі запыт у БЧ, каб даведацца ў чыноўнікаў, як цяпер арыентавацца на вакзале прыежджым замежнікам. Варта адзначыць, што адказ чыноўнікі напісалі па-беларуску з процьмай памылак, заўважыла выданьне CityDog.io. У тэксьце — сама меней 11 памылак.
Кіраўніцтва БЧ у адказе патлумачыла, што чыгуначны вакзал «не зьяўляецца турыстычнай славутасьцю, і выкарыстаньне замежных моваў для інфармаваньня грамадзян на ўказаным аб’екце не абавязковае». Іншаземцам параілі арыентавацца з дапамогай піктаграм, інфармацыйных схемаў, мабільных прыладаў з адпаведным дадаткам або зьвяртацца ў кантакт-цэнтар і да пэрсаналу вакзалу. Ці абавязаныя супрацоўнікі валодаць замежнай мовай, ці гэта таксама «не абавязкова», не ўдакладняецца.
Раней улады правялі кампанію па ліквідацыі дарожных знакаў і паказальнікаў на беларускай лацінцы. У прыватнасьці, беларуская лацінка зьнікла са сталічнага мэтро.