Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паплечнікі Аляксея Навальнага пацьвердзілі ягоную сьмерць


Аляксей Навальны, апошняе прыжыцьцёвае фота
Аляксей Навальны, апошняе прыжыцьцёвае фота

Пра гэта сказалі ў ФБК.

Паплечнікі выпусьцілі афіцыйнае паведамленьне, якім пацьвердзілі сьмерць вядомага расейскага апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага.

«Яго сьмерць наступіла 16 лютага ў 14:17 па мясцовым часе, як напісана ў афіцыйным апавяшчэньні, выдадзеным маці Аляксея. Супрацоўнік калёніі заявіў, што цела Навальнага знаходзіцца ў Салехардзе», — паведаміла прэс-сакратарка ФБК Кіра Ярмыш.

Паводле яе зьвестак, цела палітыка забралі супрацоўнікі Сьледчага камітэту.

Раней родныя і паплечнікі Навальнага паведамлялі, што не атрымлівалі афіцыйных апавяшчэньняў ад уладаў аб ягонай сьмерці.

16 лютага стала вядома пра сьмерць Аляксея Навальнага. Фэдэральная служба выкананьня пакараньняў Расеі заявіла, што Навальны памёр у калёніі ў Ямала-Нянецкай акрузе, у пасёлку Харб.

«16.02.2024 году ў папраўчай калёніі № 3 асуджаны Навальны А.А. пасьля прагулкі адчуў сябе дрэнна, практычна адразу страціўшы прытомнасьць. Неадкладна прыбылі мэдычныя работнікі ўстановы, была выклікана брыгада хуткай мэдычнай дапамогі. Праведзены ўсе неабходныя рэанімацыйныя мерапрыемствы, якія станоўчых вынікаў не далі. Лекары хуткай мэдычнай дапамогі канстатавалі сьмерць асуджанага», — гаворыцца ў паведамленьні Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў Расеі.

Блізкі да расейскіх сілавікоў тэлеграм-канал «112» паведаміў, што прычынай сьмерці апазыцыянэра нібыта стаў тромб, які адарваўся.

Мэдыкі больш за паўгадзіны спрабавалі рэанімаваць Навальнага, пра гэта паведамілі «Інтэрфаксу» ў Лабытнангскай гарадзкой лякарні.

Хто такі Аляксей Навальны

Аляксей Навальны — адзін зь лідэраў расейскай апазыцыі, стваральнік Фонду барацьбы з карупцыяй, вядомага шматлікімі выкрыцьцямі ўлады Ўладзіміра Пуціна, аўтар праекту «разумнага галасаваньня» і іншых апазыцыйных праектаў. Палітвязень.

  • Лідэру расейскай апазыцыі Аляксею Навальнаму было 47 гадоў. Апошнія тры ён правёў за кратамі. У месцах пазбаўленьня волі Навальны знаходзіўся са студзеня 2021 году, калі вярнуўся ў Расею зь Нямеччыны, дзе праходзіў лячэньне пасьля меркаванага атручваньня расейскімі спэцслужбамі. Расказваем, што папярэднічала ягонай сьмерці.
  • Затрымалі Аляксея Навальнага ў маскоўскім аэрапорце адразу пасьля вяртаньня з Бэрліну. Празь некалькі дзён ранейшы ўмоўны тэрмін, атрыманы па справе «Іў Рашэ», яму замянілі на рэальны. За кратамі палітык павінен быў правесьці 2 гады і 8 месяцаў. Аднак у сакавіку 2022 году Навальнаму прысудзілі яшчэ 9 гадоў зьняволеньня, абвінаваціўшы ў махлярстве. А ў жніўні 2023-га — яшчэ 19 за «стварэньне экстрэмісцкай арганізацыі і фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці».
  • Пасьля арышту ў студзені 2021 году Аляксея Навальнага трымалі ў некалькіх розных турмах і калёніях эўрапейскай часткі Расеі, аднак у сьнежні 2023 году перавялі ў калёнію асаблівага рэжыму ў Ямала-Ненецкай акрузе, на поўначы краіны. Перад гэтым праваабаронцы і паплечнікі некалькі тыдняў нічога ня ведалі пра ягоны лёс.
  • У жніўні 2023 году яго асудзілі на 19 гадоў калёніі асаблівага рэжыму па справе аб арганізацыі экстрэмісцкай суполкі. Спачатку палітык знаходзіўся ў папраўчай калёніі № 6 ва Ўладзімірскай вобласьці. У сярэдзіне сьнежня 2023 году Навальнага перавялі ў калёнію «Палярны воўк» у пасёлку Харп Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі.
  • Пра праблемы са здароўем Навальнага яго паплечнікі і праваабаронцы паведамлялі неаднаразова. Ужо празь месяц пасьля арышту паплечнікі апазіцыянэра распаўсюдзілі інфармацыю, што ў яго пэрыядычныя моцныя болі ў сьпіне і адымаецца нага. Яны таксама запатрабавалі дапусьціць да Навальнага незалежнага лекара, аднак у Фэдэральнай службе выкананьня пакараньняў заявілі, што стан ягонага здароўя здавальняючы. У турэмную лякарню Навальнага перавялі, толькі калі ён абвясьціў галадоўку.
  • Паведамленьні аб праблемах са здароўем у Аляксея Навальнага зьяўляліся і пазьней. У студзені 2023 году, напрыклад, яго адвакат расказваў пра ліхаманку і праблемы з страўнікам у Навальнага. А таксама пра тое, што ягоны падабаронны схуднеў на 7 кіляграмаў, а лечаць яго вялікімі дозамі антыбіётыку. Зь верасьня 2023 году Аляксея Навальнага зьмясьцілі ў памяшканьне камэрнага тыпу. Агулам з больш як трох гадоў за кратамі Навальны правёў у ПКТ больш за 300 дзён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG