Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ў цягніках усталююць камэры відэаназіраньня, каб папярэдзіць пагрозы транспартнай бясьпецы


Чыгуначны вакзал у Менску. Ілюстрацыйнае фота
Чыгуначны вакзал у Менску. Ілюстрацыйнае фота

Раней у Беларусі пасьля інцыдэнтаў на чыгунцы зацьвердзілі парадак, як інфармаваць аб пагрозах нападаў на транспартную інфраструктуру.

Урад Беларусі зацьвердзіў палажэньне аб патрабаваньнях да бясьпекі на чыгуначнай інфраструктуры, якія абавязаны выконваць уласьнікі чыгункі і перавозчыкі.

Як адзначаецца ў пастанове, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі, гэты дакумэнт распрацаваны і зацьверджаны для рэалізацыі дамовы з Расеяй аб узаемадзеяньні ў сфэры транспартнай бясьпекі", падпісанай 19 лютага 2021 году.

У дакумэнце вызначаныя тры ўзроўні пагрозы транспартнай бясьпецы:

  • узровень № 1 — сталы ўзровень пагрозы пры адсутнасьці інфармацыі, на падставе якой можна абвясьціць больш высокі ўзровень небясьпекі
  • узровень № 2 — узровень, пры якім ёсьць непацьверджаная інфармацыя аб пагрозе акту незаконнага ўмяшаньня, у тым ліку пры выяўленьні сродкаў для ажыцьцяўленьня ўмяшаньня, а таксама пры выяўленьні тэрарыстычнай або экстрэмісцкай дзейнасьці, зьвязанай з далейшым незаконным умяшаньнем
  • узровень № 3 — узровень, пры якім ёсьць пацьверджаная інфармацыя аб магчымай дывэрсіі.

У пастанове адзначаецца, што ўзроўні № 2 і № 3 транспартнай бясьпекі аб’ектаў інфраструктуры і транспартных сродкаў чыгуначнага транспарту вызначаюцца рашэньнем кампэтэнтных органаў унутраных спраў на падставе інфармацыі, якую яны маюць аб імаверным незаконным умяшаньнем.

Згодна з пастановай, ва ўсіх лякаматывах, маторных, прычэпных і пасажырскіх вагонах, зробленых пасьля 1 студзеня 2023 году, а таксама тых, што прайшлі пасьля 31 сьнежня 2021 году капітальны рамонт, павінны ўсталяваць сродкі відэаназіраньня.

У прыватнасьці, камэры ўсталююць у лякаматывах унутры кабіны і адначасова для забесьпячэньня агляду чыгуначных шляхоў, а таксама ў салёнах і тамбурах вагонаў. Апроч таго, у цягніках павінны знаходзіцца сродкі апрацоўкі і назапашваньня відэаінфармацыі з магчымым яе захоўваньнем цягам 30 содняў.

Апроч таго, урад Беларусі вызначыў пералік рэчываў і прадметаў, якія забаранілі ўносіць на аб’екты чыгуначнай інфраструктуры і перавозіць у цягніках. Сярод іх:

  • стралковая зброя або яе імітацыя
  • газавая ці пнэўматычная зброя
  • боепрыпасы любога кшталту
  • аэразольныя балёнчыкі з рэчывамі раздражняльнага дзеяньня
  • выбуховыя рэчывы і іх імітацыя
  • лёгкаўзгаральныя рэчывы
  • біялягічна небясьпечныя і радыеактыўныя рэчывы
  • атрутныя рэчывы
  • наркатычныя сродкі, псыхатропныя рэчывы, іх прэкурсоры і аналягі.

У той жа час гэтая забарона ня будзе распаўсюджвацца на адпаведныя грузы пры перавозцы чыгункай, а таксама на асобаў, якія маюць права на захоўваньне і нашэньне спэцыяльных сродкаў, зброі ці боепрыпасаў.

У кастрычніку 2023 году пасьля інцыдэнтаў на чыгунцы ўрад Беларусі зацьвердзіў парадак, як інфармаваць аб пагрозах нападаў на транспартную інфраструктуру.

З пачатку расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну на тэрыторыі Беларусі і Расеі пэрыядычна адбываліся інцыдэнты на чыгунцы, у выніку якіх адбываліся збоі ў пастаўцы вайсковай тэхнікі і жывой сілы расейскай арміі ва Ўкраіну. Улады Беларусі адпомсьцілі ім прастрэленымі нагамі, драконаўскімі турэмнымі тэрмінамі і пагрозай расстраляць, калі яны толькі падумаюць паўтарыць.

У Беларусі першыя «рэйкавыя партызаны» зьявіліся пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў. У канцы 2020 году стала вядома пра дзясяткі затрыманьняў людзей, якія нібыта шкодзілі чыгуначныя шляхі, абкручвалі дротам рэйкі.

Улады Беларусі прадстаўлялі гэтыя дзеяньні як барацьбу пратэстоўцаў з рэжымам Лукашэнкі. Тады іх забіралі паводле «рэйкавага» артыкулу 309 КК («Наўмыснае прывядзеньне ў непрыдатнасьць транспартнага сродку або шляхоў зносін»). Фігуранты атрымлівалі па 2-4 гады калёніі. Тэрмінаў у 20 гадоў, як і гаворкі пра «тэрарызм», тады не было. Праўда, бабруйскім «рэйкавым партызанам», якіх затрымалі да 24 лютага 2022 году, а судзілі ўжо пасьля гэтай даты, далі па 14-16 гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG