Суд у Санкт-Пецярбургу вынес вырак у справе супраць 14 чалавек з Афганістану і Беларусі, якіх абвінавачваюць у незаконным перасячэньні расейскай мяжы. Сярод іх і беларус Аляксандар Мацулевіч. 6 лютага абвінавачаныя выступілі з апошнім словам, піша расейскае выданьне MR7.
Мацулевіча прызналі вінаватым у арганізацыі незаконнага выезду з Расеі ў Эўропу афганскай журналісткі Кобры Хасані і яшчэ 12 афганцаў, а таксама ў даваньні хабару начальніку памежнай службы ФСБ Расеі. Яму прысудзілі 4 гады калёніі.
Разам з Мацулевічам арганізатарам незаконнай перавозкі палічылі грамадзяніна Афганістану Гулама Джэлані Ахмада Валіда: ён зьбіраў людзей, якія хацелі выехаць з Расеі ў Эўропу.
6 лютага абвінавачаныя выступілі з апошнім словам. Большасьць зь іх на судзе прызналі сваю віну.
Слуханьні ў справе праходзілі з кастрычніка 2023 году.
Як пісала раней «Север.Реалии», Кобру Хасані і яшчэ 13 чалавек з Афганістану і Беларусі затрымалі супрацоўнікі ФСБ у канцы траўня 2022 году ў аўтобусе, які павінен быў вывезьці іх у Эўропу. Раней мігранты рознымі шляхамі трапілі ў Расею.
Журналістка Кобра Хасані выехала з Афганістану ў 2021 годзе, пасьля прыходу да ўлады талібаў у жніўні 2021 году. У Афганістане журналістка супрацоўнічала з найбуйнейшым турэцкім інфармацыйным агенцтвам Anadolu Agency і з амэрыканскім радыё National Public Radio news, працавала на тэлевізіі, у тым ліку на моладзевым канале Afghanistan Youth TV. Яна адкрыла ў Кабуле ўласны рэстаран, у якім можна было чытаць кнігі.
Хасані ўцякла з Афганістану ў Кіеў пасьля захопу ўлады талібамі. Увесну 2022 году яна села ў мікрааўтобус, які павінен быў вывезьці яе з Украіны ў Польшчу, але замест гэтага апынулася ў Расеі. Як гэта атрымалася, жанчына ня здолела патлумачыць, піша «Бумага». Афганка трапіла туды з Украіны разам з іншымі ўцекачамі.