Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Астравецкім раёне будуць судзіць мужчыну за 142 кг гашышу. І гэта не рэкордная колькасьць


Гашыш, архіўнае фота
Гашыш, архіўнае фота

Наркотыкі мужчына набыў у Літве.

Пракуратура перадала ў суд Астравецкага раёну крымінальную справу ў дачыненьні 44-гадовага іншаземца, які абвінавачваецца ў кантрабандзе гашышу.

Згодна з вэрсіяй абвінавачаньня, мужчына ў кастрычніку 2023 году купіў на тэрыторыі Літвы 231 брыкет з гашышам агульнай масай больш за 142 кг. Брыкеты былі разьмешчаны ў схованках, абсталяваных у кабіне седлавога цягача MAN і паўпрычэпе Schmits. Забароненае рэчыва знайшлі ў машыне падчас мытнага кантролю ў пункце пропуску «Катлоўка».

Падсуднаму выставілі абвінавачаньні па ч. 3 арт. 328, ч. 2 арт. 328-1 Крымінальнага кодэксу. Ён знаходзіцца пад вартай. У паведамленьні пракуратуры грамадзянская прыналежнасьць абвінавачанага не пазначана.

Ч.3 арт.328: Незаконныя з мэтай збыту выраб, перапрацоўка, набыцьцё, захоўваньне, перавозка або перасылка або незаконны збыт наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналягаў, учыненыя групай асоб, або службовай асобай з выкарыстаньнем сваіх службовых паўнамоцтваў, або асобай, якая раней учыніла злачынствы, прадугледжаныя гэтым артыкулам, артыкуламі 327, 329 або 331 КК, або ў адносінах да наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў, іх аналягаў у буйным памеры, або ў адносінах да асабліва небясьпечных наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў, або збыт наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў, іх прэкурсараў або аналягаў на тэрыторыі ўстановы адукацыі, арганізацыі аховы здароўя, вайсковай часткі, папраўчай установы, арыштнага дома, у месцах утрыманьня пад вартавых, лячэбна-працоўным прафілякторыі, у месцы правядзеньня масавага мерапрыемства або заведама непаўналетняму -
караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 6 да 15 гадоў са штрафам ці без штрафу.

Ч. 2 арт. 328-1: Незаконнае перамяшчэньне праз мытную мяжу Эўразійскага эканамічнага саюзу і (або) Дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў або іх прэкурсараў або аналягаў, учыненае групай асоб па папярэдняй змове, або паўторна, або асобай, якая раней учыніла злачынствы, прадугледжаныя артыкуламі 228 і 333-1 КК, або службовай асобай з выкарыстаньнем сваіх службовых паўнамоцтваў, або з прымяненьнем гвалту да асобы, якая праводзіць мытны або ажыцьцяўляе памежны кантроль, або адносна асабліва небясьпечных наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў, або адносна наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў або іх аналягаў у буйным памеры, —
караецца абмежаваньнем волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 5 да 10 гадоў са штрафам ці бяз штрафу.

Пры гэтым груз у 142 кг, знойдзены ў аўтамабілі мужчыны, не зьяўляецца рэкордным. Летась у кастрычніку Дзяржаўны мытны камітэт паведамляў аб затрыманьні ў пункце пропуску «Катлоўка» 44-гадовага расейца, які схаваў у тайніках грузавіка 231 брыкет з гашышам. Агульная вага «грузу» склала 154 кг. Мытнікі выявілі яго дзякуючы інспэкцыйна-надгляднаму комплексу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG