Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС заявіла, што зону вакол участкаў для галасаваньня будуць ахоўваць вэтэраны, дружыньнікі і БРСМ


Гасаваньне. Ілюстрацыйнае фота
Гасаваньне. Ілюстрацыйнае фота

На Адзін дзень галасаваньня 25 лютага улады арганізуюць узмоцненыя захады бясьпекі.

Падчас Адзінага дня галасаваньня для садзейнічаньня міліцыі будзе выкарыстаны «патэнцыял народных дружын, вэтэранскіх арганізацый і Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі», заявіў 9 лютага начальнік галоўнага ўпраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі МУС Аляксандар Купчэня.

Паводле яго, «прадстаўнікі гэтых аб’яднаньняў разам з супрацоўнікамі органаў унутраных спраў будуць забясьпечваць ахову правапарадку на прылеглай тэрыторыі да абʼектаў галасаваньня».

Купчэня паведаміў, што з 19 лютага асабовы склад органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў перавядуць на «ўзмоцнены варыянт службы», які прадугледжвае кругласутачнае дзяжурства на ўсіх выбарчых участках.

Міліцыянты будуць знаходзіцца побач з памяшканьнямі для галасаваньня «ў гатоўнасьці зрэагаваць і аказаць неабходнае садзейнічаньне выбарчым камісіям у падтрыманьні правапарадку». Акрамя таго, будуць працаваць «мабільныя групы і групы хуткага рэагаваньня ў поўным рыштунку». Усе ўчасткі абсталююць «ручнымі сродкамі трывожнай сыгналізацыі і відэаназіраньня».

Прадстаўнік МУС сьцьвярджае, што дзякуючы гэтым захадам «ніводнае правапарушэньне, здарэньне не застанецца без увагі і будзе апэратыўна спыняцца».

Сёлета ўпершыню ў Беларусі пройдуць абʼяднаныя выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу (ПП НС) і мясцовыя саветы дэпутатаў. Адзіны дзень галасаваньня прызначаны на 25 лютага.

На 110 месцаў у ПП НС восьмага скліканьня прэтэндуе 265 кандыдатаў, на 12 512 месцаў у мясцовых саветах дэпутатаў — 18 802. Сярэдні конкурс — 2,4 і 1,5 чалавека на месца адпаведна.

Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі.

Падчас выбараў будзе забаронена фатаграфаваць і выкладваць у інтэрнэт запоўнены блянк бюлетэня — як падчас датэрміновага галасаваньня, так і ў дзень выбараў. За парушэньне гэтага патрабаваньня пагражае адміністрацыйная адказнасьць.

У 2020 годзе на прэзыдэнцкіх выбарах многія выбарнікі фатаграфавалі свае бюлетэні і адпраўлялі на электронную плятформу «Голас», што стала адным са сьведчаньняў фальсыфікацыі ўладамі вынікаў галасаваньня на карысьць Аляксандра Лукашэнкі.

З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводнай выбарчай кампаніі ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.

Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024

  • 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
  • Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
  • Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
  • Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
  • Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
  • Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
  • Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
  • Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
  • Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
  • Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
  • Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
  • На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
  • Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
  • З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG