Цэнтравыбаркам Расеі прызнаў несапраўднымі 9147 подпісаў у падтрымку Барыса Надзеждзіна, які вылучыў сваю кандыдатуру на выбарах прэзыдэнта Расеі.
Усяго, паводле зьвестак, якія прывёў ЦВК Расеі на сёньняшнім пасяджэньні, Надзеждзін здаў 104 998 подпісаў (Уладзімір Пуцін — 315 тысяч).
858 подпісаў за Надзеждзіна прызналі несапраўднымі пасьля таго, як іх дакладнасьць праверылі ў МУС Расеі. Сярод тых, хто падпісаўся за Барыса Надзеждзіна, ЦВК выявіў 11 памерлых людзей.
Таксама ў камісіі сьцьвярджаюць, што два зборшчыкі подпісаў за Надзеждзіна ў парушэньне заканадаўства аб выбарах былі чальцамі выбаркамаў, яны сабралі 360 подпісаў.
Такім чынам, сапраўднымі прызнаныя 95 587 подпісаў за Барыса Надзеждзіна. У выніку яго не зарэгістравалі кандыдатам.
Надзеждзін у адказ на рашэньне заявіў, што будзе падаваць у суд:
«Я ня згодны з рашэньнем Цэнтравыбаркаму. Я сабраў больш за 200 тысяч подпісаў па ўсёй Расеі. Мы праводзілі збор адкрыта і сумленна — за чэргамі ў нашы штабы і пункты збору сачыў увесь сьвет.
Удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах у 2024 годзе — найважнейшае палітычнае рашэньне ў маім жыцьці. Ад сваіх намераў я не адыходжу. Я абскарджваю рашэньне ЦВК у Вярхоўным судзе РФ», — заявіў Барыс Надзеждзін пасьля рашэньня ЦВК.
Хто такі Барыс Надзеждзін
- Барыс Надзеждзін — былы дэпутат Дзярждумы і адзіны антываенны кандыдат, якога ЦВК Расеі дапусьціў да збору подпісаў, неабходных для вылучэньня ў прэзыдэнты Расеі.
- Ён ідзе на выбары ад партыі «Гражданская инициатива». 23 студзеня ён абвясьціў, што неабходныя 100 тысяч подпісаў сабралі.
- Выбары прызначаныя на 15–17 сакавіка 2024 году, а сабраць подпісы ўдзельнікі кампаніі павінны былі да канца студзеня.
- Цэнтральная выбарчая камісія Расеі раней зарэгістравала кандыдатам у прэзыдэнты Расеі Ўладзіміра Пуціна.
- Раней ЦВК зарэгістравала кандыдатуры Ўладзіслава Даванкова ад «Новых людзей», Мікалая Харытонава ад КПРФ і Леаніда Слуцкага ад ЛДПР. Іх партыі прадстаўленыя ў Дзярждуме, таму зьбіраць подпісы ім ня трэба.