Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Круты: Беларусь і Расея заявілі пра намер аб'яднаць сьпісы «экстрэмістаў» і «экстрэмісцкіх рэсурсаў»


Амбасадар Беларусі ў Расеі Дзьмітры Круты, архіўнае фота
Амбасадар Беларусі ў Расеі Дзьмітры Круты, архіўнае фота

Пра працу над абʼяднаньнем сьпісаў «экстрэмістаў» і «экстрэмісцкіх рэсурсаў» Беларусі і Расеі заявіў журналістам амбасадар Беларусі ў Расеі Дзьмітры Круты, піша БелТА.

Дзьмітры Круты адзначыў, што ідэя аб’яднаньня сьпісаў экстрэмістаў і экстрэмісцкіх рэсурсаў не аднойчы абмяркоўвалася на ўзроўні міністраў унутраных спраў Беларусі і Расеі.

Неабходнасьць такога аб'яднаньня Круты патумачыў тым, што ў людзей нібыта «выклікае зьдзіўленьне», калі частка рэсурсаў, прызнаных «экстрэмісцкімі» ў Беларусі, публікуюць паведамленьні ў Расеі, і ў дачыненьні да мадэратараў гэтых рэсурсаў, якія зьехалі ў Расею, не заводзяць крымінальныя справы, і наадварот.

«Вядома, тут патрэбна вялікая каардынаванасьць сілавых ведамстваў. Думаю, што ў бліжэйшы час гэта будзе вырашана», — дадаў амбасадар.

  • Беларускія і расейскія ўлады часта выкарыстоўваюць паняцьце «экстрэмізм» для барацьбы з палітычнымі апанэнтамі.
  • «Экстрэмісцкімі» ў Беларусі і «замежнымі агентамі» ў Расеі прызналі большасьць незалежных СМІ, доступ да іх заблякавалі.
  • У Беларусі стварылі рэспубліканскі сьпіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў, які вядзе Мінінфарм, за распаўсюд іх інфармацыі прадугледжана адміністрацыйная адказнасьць.
  • МУС таксама вядзе пералік асобаў, датычных да «экстрэмісцкай» дзейнасьці: у яго трапляюць асуджаныя па так званых пратэставых артыкулах, у тым ліку дыфамацыйных.
  • У дачыненьні да тых, хто трапіў у сьпіс, дзейнічае шэраг абмежаваньняў.
  • На працягу апошняга часу Беларусь і Расея ўсё больш пашыраюць супрацу па розных напрамках. Днямі Пуцін з Лукашэнкам дамовіліся стварыць мэдыя-холдынг «саюзнай дзяржавы», у які ўвойдуць чатыры СМІ — дзьве штотыднёвыя газэты, штотыднёвы часопіс і тэлеканал, якія мусяць «забясьпечыць адзіную скаардынаваную інфармацыйную палітыку».
  • Таксама 1 лютага зьявілася інфармацыя, што Беларусь і Расея дамовіліся аб стварэньні адзіных падручнікаў па гісторыі для школ і вышэйшых навучальных установаў. Пра гэта заявіў пасол Расеі ў Менску Барыс Грызлоў.

Што трэба ведаць пра экстрэмізм у Беларусі

14 траўня 2021 году быў падпісаны закон «Аб зьмене законаў у пытаньнях супрацьдзеяньня экстрэмізму», які набыў моц 14 чэрвеня. Раней праект у Палату прадстаўнікоў унёс урад, 2 красавіка яго прынялі ў першым чытаньні, а 16 красавіка — у другім. Нягледзячы на тое, што зьмены закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян і юрыдычных асобаў, публічныя абмеркаваньні не праходзілі.

У Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі звыш 300 тэлеграм-рэсурсаў.

Тэлеграм-канал можа прызнавацца як экстрэмісцкім матэрыялам, так і экстрэмісцкім фармаваньнем. Калі ў яго статус «экстрэмісцкага фармаваньня», ягоныя падпісчыкі таксама могуць стаць фігурантамі крымінальных спраў. У той жа час падпіска на каналы, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», не караецца — пры ўмове, што падпісчык не аказвае падтрымкі ў папулярызацыі каналу: не рэпосьціць, не пералічвае грошай, не зьлівае туды інфармацыю.

«Матэрыялы» і «фармаваньні» сілавікі разьмяжоўваюць так: «экстрэмісцкія матэрыялы» — гэта тое, што робіць чалавек, а «экстрэмісцкія фармаваньні» — тыя, хто робіць.

Пры гэтым у МУС Беларусі адзначаюць, што стваральнікам, арганізатарам і ўдзельнікам экстрэмісцкіх фармаваньняў пагражае пазбаўленьне волі да 7 гадоў.

Першыя экстрэмісцкія фармаваньні ў Беларусі вызначылі ў сярэдзіне кастрычніка — інтэрнэт-рэсурсы dze. chat і «Рабочы рух». Цяпер іх ужо дзясяткі.

Прыцягнуць да адказнасьці за «экстрэмізм» цяпер могуць па цэлым шэрагу напрамкаў.

  • Экстрэмісцкія матэрыялы — рашэньне суду, якое прымаецца ў дачыненьні да інфармацыі.
  • Экстрэмісцкая група — устойлівая кіраваная група ў колькасьці дзьвюх ці больш асоб, якія папярэдне аб’ядналіся для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці.
  • Экстрэмісцкая арганізацыя — арганізацыя, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, альбо якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята і ўступіла ў законную сілу рашэньне суду аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.
  • Экстрэмісцкае фармаваньне — група грамадзян, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, або якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята рашэньне Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэту дзяржаўнай бясьпекі аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG