Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Армэніі арыштаваў на 40 дзён беларуса для яго далейшай перадачы ў Беларусь

абноўлена

На мяжы Грузіі і Армэніі. Ілюстрацыйнае фота
На мяжы Грузіі і Армэніі. Ілюстрацыйнае фота

Адвакат беларуса Яраслава Новікава паведаміў, што беларускія дакумэнты, на падставе якіх суд ухваліў рашэньне аб арышце, не адпавядалі заканадаўству Армэніі і Эўрапейскай канвэнцыі.

Як стала вядома Свабодзе, суд першай інстанцыі ў Армэніі арыштаваў на 40 дзён затрыманага на мяжы з Грузіяй беларуса Яраслава Новікава для далейшай перадачы ўладам Беларусі пасьля атрыманьня адпаведных дакумэнтаў зь Менску.

«Вядома, заўтра-пасьлязаўтра мы будзем падаваць апэляцыю, а пракуратура цягам 40 дзён будзе чакаць зь Беларусі адпаведныя дакумэнты аб перадачы. Мы спадзёемся, што рашэньне апэляцыйнага суду будзе справядлівым і адпавядаць усім нормам права», — сказаў Свабодзе праўнік Хэльсынскай асацыяцыі ў Армэніі Араік Папік'ян, які прадстаўляе інтарэсы Яраслава Новікава ў судзе.

Праўнік Хэльсынскай асацыяцыі ў Армэніі Араік Папік'ян
Праўнік Хэльсынскай асацыяцыі ў Армэніі Араік Папік'ян

Адвакат дадаў, што беларускія дакумэнты, на падставе якіх суд ухваліў рашэньне аб арышце, не адпавядалі заканадаўству Армэніі і Эўрапейскай канвэнцыі. «Таму я быў упэўнены, што суд павінен адхіліць запыт, але, на жаль, суд прыняў гэтыя матэрыялы як дастатковыя», — патлумачыў ён.

«Спадзяюся, што ў апэляцыйным судзе будзе больш кваліфікаваны судзьдзя», — адзначыў Араік Папік'ян.

Адвакат паведаміў, што ў дзень затрыманьня Яраслаў Новікаў застаўся безь перакладчыка.

«Афіцыйна ён толькі праз двое сутак атрымаў перакладзеныя дакумэнты аб затрыманьні, аб сваіх правах і абавязках. Але калі я зь ім ужо сустрэўся, то вусна ён ужо ўсё ведаў», — расказаў адвакат.

Араік Папік'ян паведаміў, што скаргу будзе разглядаць апэляцыйны суд у Ерэване.

«Паводле нашага заканадаўства, апэляцыйны суд разглядае скаргу ў пісьмовым выглядзе без удзелу бакоў, калі абарона не заявіць іншае хадайніцтва — аб разглядзе ў вуснай форме і пры ўдзеле бакоў», — патлумачыў праўнік.

Араік Папік'ян паведаміў, што 5 лютага Яраслава Новікава павінны даставіць у ізалятар горада Ванадзор, а 6 лютага ён плянуе правесьці зь ім сустрэчу для абмеркаваньня апэляцыйнай скаргі.

«Пэўна, яго ўжо забясьпечылі ўсім неабходным, і спадзяюся, што ў яго там няма ніякіх праблем», — сказаў праўнік Хэльсынскай асацыяцыі ў Армэніі.

Грамадзяніна Беларусі Яраслава Новікава затрымалі 2 лютага ў Армэніі пры перасячэньні мяжы з Грузіяй, калі высьветлілася, што яго ўлады Беларусі абвясьцілі ў міждзяржаўны вышук СНД па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад службы ў войску. Раней яму працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай.

Раней Новікаў плянаваў пераехаць з Грузіі ў Баўгарыю, але не атрымаў візы. Яму параілі атрымаць неабходную візу на радзіме, але Новікаў туды не паехаў праз рызыку быць арыштаваным. Замест гэтага ён адправіўся ў суседнюю Армэнію, каб падацца на візу там.

Суд Армэніі 4 лютага ўзяў Яраслава Новікава пад варту.

Што вядома аб ранейшых аналягічных выпадках

Вядома аб некалькіх выпадках затрыманьня грамадзян Беларусі ў Армэніі. Такія выпадкі фіксавалі ў 2022 і 2023 гадах. Усе затрыманьні адбываліся на мяжы, калі беларусы спрабавалі «абнуліць» тэрмін знаходжаньня ў Грузіі праз часовы выезд у Армэнію.

У студзені 2023 году Генэральная пракуратура Беларусі паведаміла, што Армэнія перадала затрыманага на сваёй тэрыторыі грамадзяніна Беларусі, які, паводле вэрсіі сьледчых, ухіляўся ад службы ў войску, хоць першапачаткова яго абвінавацілі ў растраце ў вялікіх памерах.

Аб іншых выпадках перадачы Беларусі затрыманых у Армэніі беларусаў невядома.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG