Як паведаміла валгаградзкае МНС, нафтапрадукты гарэлі на плошчы 300 квадратных мэтраў. Па словах губэрнатара Валгаградзкай вобласьці Андрэя Бачарова, прычынай узгараньня сталі абломкі зьбітага дрона. «Ахвяраў няма», — заявіў Бачароў. Да 8-ай раніцы пажар патушылі.
Валгаградзкі нафтаперапрацоўчы завод — адзін з найбуйнейшых у Расеі. Ён вырабляе бэнзін, дызэльнае і авіяцыйнае паліва, паліва для караблёў.
У ноч на 3 лютага расейскія вайскоўцы і грамадзянскія ўлады зрабілі справаздачу аб зьбітых бесьпілётніках над Варонескай, Белгарадзкай і Растоўскай абласьцямі.
Перад пажарам у Валгаградзе дрон, як сьцьвярджаецца, зьнішчылі на падлёце да Варонежа. «Па папярэдняй інфармацыі, пацярпелых і разбурэньняў на зямлі няма», — напісаў губэрнатар Варонескай вобласьці Аляксандар Гусеў.
Кіраўнік Белгарадзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоў таксама паведаміў пра зьбіты бесьпілётнік. Па яго зьвестках пацярпелых няма, у выніку падзеньня абломкаў у адным доме выбіла вокны, пашкоджаны дах, фасад і плот, і прыпаркаваны побач КАМАЗ.
Мінабароны Расеі паведаміла, што 3 лютага агулам былі зьбітыя чатыры дроны над Белгарадзкай вобласьцю, два — над Валгаградзкай і адзін — над Растоўскай. Пра варонескі бесьпілётнік ведамства не расказала. Расейскія вайскоўцы назвалі атаку «тэрарыстычнай» і абвінавацілі ў ёй Украіну. Кіеў гэта не камэнтаваў.
У студзені Расея і Ўкраіна абмяняліся некалькімі ўдарамі па нафтаперапрацоўчых заводах. Улады хаваюць наступствы нападаў і прадметна іх не камэнтуюць.