Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік «Бі-2» пра канцэрт у Беларусі і тое, чаму не пусьціў расейцаў на прэс-канфэрэнцыю ў Ізраілі


Ігар Рубінштэйн (другі справа) з музыкамі гурту «Бі-2» у аэрапорце пасьля іх вяртаньня ў Ізраіль з Тайлянду
Ігар Рубінштэйн (другі справа) з музыкамі гурту «Бі-2» у аэрапорце пасьля іх вяртаньня ў Ізраіль з Тайлянду

Як атрымалася не дапусьціць дэпартацыі з Тайлянду ў Расею музыкаў гурту «Бі-2», некаторыя зь якіх некалі мелі беларускае, а некаторыя маюць расейскае грамадзянства.

Пра гэта расказаў прадстаўнік гурту Ігар Рубінштэйн, які паходзіць зь Беларусі, жыве ў Ізраілі, пісаў тэксты для «Бі-2», а цяпер каардынаваў намаганьні ізраільскага боку па фактычным вызваленьні музыкаў гурту.

Тыдзень таму музыкаў «Бі-2» затрымалі ў Тайляндзе, бо арганізатар іх канцэрту ня меў патрэбнага дазволу. Ім далі штраф, і расейскае пасольства захацела, каб тых, хто мае расейскае грамадзянства, выслалі ў Расею. Музыкі гурту асудзілі ўварваньне ва Ўкраіну, і ў Расеі іх чакалі праблемы.

Поўнае відэа гутаркі.

Фрагмэнты размовы.

  • Нам дапамагалі ня толькі прадстаўнікі Ізраілю, але і аўстралійцы, амэрыканцы, літоўцы, немцы. Гэта быў тыдзень, не падобны ні да якага іншага. Я ніводнага разу ні ад кога ні на якай мове ня чуў слова «Не».
  • Нашая суполка гэты тыдзень прачыналася паводле часу ў Бангкоку, а засыналі паводле часу ў Вашынгтоне — 2 гадзіны сну на содні. Было цяжкавата.
  • Пра тое, як атрымалася вывезьці ў Ізраіль ня толькі ізраільскіх грамадзян, я маю толькі вэрсіі. Думаю, што дапамагла міжнародная каардынацыя высілкаў. Мы нават не чакалі, што атрымаем расейскіх музыкаў.

Песьня «Бі-2» на словы Ігара Рубінштэйна

  • Генэральны консул Ізраілю ў Тайляндзе быў «таранам» усёй гэтай апэрацыі. Ён нам паведаміў, што трэба набыць квіткі на вечаровы рэйс з Бангкоку, які ўжо быў перапоўнены. Ёсьць спосаб онлайн-замовы білетаў, калі ты сядзіш, тыцкаеш пальцамі ў клявіятуру і чакаеш чароўнай падзеі. У нас яна выпала тройчы. Тры квіткі — гэта была «Божая рука».
  • Мы фактычна зрабілі «рэйтынг небясьпекі» і першыя тры месцы аддалі расейцам, якія ня маюць іншага грамадзянства і былі першымі кандыдатамі, каб «паспытаць Гулагу». Засталася патрэба ў трох месцах для ізраільцян.
  • У Ізраілі цяпер ідзе вайна, усё няпроста, але празь людзей, якіх я ведаю, мы выйшлі на генэральную дырэктарку ізраільскай авіякампаніі «Эль Аль». Яна папрасіла сваіх супрацоўнікаў пагутарыць з пасажырамі рэйсу, і трое пагадзіліся аддаць свае квіткі. Безумоўна, мы кампэнсавалі ўсе выдаткі.
  • Расейскі праўладны канал Mash у дзень затрыманьня выдаў навіну, што праверку гэтых «махляроў ад музыкі» правялі на замову генэральнага консула Расейскай Фэдэрацыі на Пхукеце таварыша (ці пана) Саснова.
  • Такое дробнае адміністрацыйнае парушэньне караецца штрафам, і гэты штраф (каля 700 даляраў) быў сплачаны на месцы. Але на суд прыляцеў з Бангкоку карэспандэнт «РИА Новости», пра якога кажуць, што ён ніколі не адрываў свайго задняга месца ад крэсла і што гэта была ягоная адзіная камандзіроўка за апошні год.
  • На судзе былі правакацыі, нейкія бойкі. Гэта адпрацаваная расейская схема — як парашут у анэкдоце пра Штырліца. Калі ў адміністрацыйным судзе ёсьць бойка, можна проста даставаць расейскі сьцяг.
Музыкі гурту «Бі-2» па вяртаньні з Тайлянду на сустрэчы зь міністрам замежных спраў Ізраілю Ісраэлем Кацам
Музыкі гурту «Бі-2» па вяртаньні з Тайлянду на сустрэчы зь міністрам замежных спраў Ізраілю Ісраэлем Кацам
  • Калі музыкі «Бі-2» прыляцелі ў Ізраіль, адбылася сустрэча ў Міністэрстве замежных спраў. Музыкі хацелі падзякаваць міністру Ісраэлю Кацу і супрацоўнікам міністэрства. А тыя спыталіся, ці могуць прыйсьці і журналісты. Праблем з гэтым не было, але я пабачыў там расейскага журналіста, які зусім не журналіст, а карэспандэнт-«салаўёвец», дробны правакатар. Я паказаў на яго і сказаў, што гэтага чалавека бачыць тут не хачу.
  • Да мяне падышоў прэс-сакратар МЗС, мы паглядзелі сьпіс і «пачысьцілі» яго. А да тых, хто не хацеў «чысьціцца», падышлі вартаўнікі і паказалі на дзьверы. Яны абразіліся, але я сябе добра з гэтым пачуваю.
  • Калі справы будуць ісьці так, як на гэтым тыдні, у Беларусі абавязкова будзе канцэрт «Бі-2». Гэта мая мара.

ПРА ГУРТ:

«Бі-2» — рок-гурт, утвораны ў 1988 годзе ў Беларусі. Ягоныя заснавальнікі і нязьменныя ўдзельнікі Аляксандар Уман (Шура) і Ягор Бортнік (Лёва).

З часам музыкі перабраліся ў Расею і сталі адным з самых камэрцыйна пасьпяховых гуртоў на расейскай сцэне.

Музыкі асудзілі расейскае ўварваньне ва Ўкраіну. Неўзабаве пасьля пачатку вайны Расеі ва Ўкраіне, у красавіку 2022 году, гурт «Бі-2» адмовіўся выступаць на канцэрце ў Омску на фоне банэра «Za президента». Пасьля гэтага гурт перанёс шэраг выступаў.

У 2023 годзе ўдзельнікі гурту эмігравалі ў Ізраіль.

У чэрвені 2023 году лідэра гурту Ягора Бортніка прызналі ў Расеі «іншаземным агентам». Як растлумачыла Міністэрства юстыцыі РФ — за тое, што музыка выступаў супраць вайны Расеі ва Ўкраіне і «нэгатыўна выказваўся пра расейцаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG