Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Грузіі арыштавалі актывістку, якая абліла фарбай абраз са Сталіным


Абраз са Сталіным
Абраз са Сталіным

Тбіліскі гарадзкі суд прызначыў пяць сутак адміністрацыйнага арышту грамадзянскай актывістцы Наце Пэрадзэ, якая абліла сіняй фарбай абраз сьвятой Матроны Маскоўскай, на якім намаляваны савецкі дыктатар Іосіф Сталін.

Пра гэта паведамляе грузінская служба Радыё Свабода і сама актывістка на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

Актывістку абвінавацілі ў дробным хуліганстве. Пэрадзэ не прысутнічала на судовым паседжаньні, таму сілавікі прыехалі да яе дадому, арыштавалі яе і даставілі ў ІЧУ.

Падчас затрыманьня Пэрадзэ
Падчас затрыманьня Пэрадзэ

У камэнтары журналістам Пэрадзэ заявіла, што ня згодная з рашэньнем суду і будзе падаваць апэляцыю.

Скандал вакол абраза са Сталіным разгарэўся перад праваслаўнымі Калядамі, калі прыхаджане ўпершыню ўбачылі гэтую выяву ў катэдральным саборы. Многія палічылі гэта блюзьнерствам і абразай як вернікаў у цэлым, так і тых, чые родныя пацярпелі падчас сталінскіх рэпрэсій.

Абраз у знак пратэсту сіняй фарбай абліла грамадзянская актывістка Ната Перадзэ: «Пасьля распаду СССР паўсюдна пачалі зносіць помнікі Сталіну, а яго культ пачаў разбурацца. Цяпер жа яго зноў спрабуюць адрадзіць. Мне абсалютна ўсё роўна, што адбываецца ў царкве, гэта не прадмет маёй цікавасьці. Але гэты акт быў працягам барацьбы з культам. Нельга спакойна глядзець на тое, як цяпер некаторыя спрабуюць зноўку папулярызаваць гэтага тырана».

Акцыя супраць абраза выклікала абурэньне сярод прадстаўнікоў радыкальнага прарасейскага руху «Альт-інфа». Яго ўдзельнікі вядомыя тым, што пэрыядычна ладзяць нацыяналістычныя і гамафобныя акцыі і пагромы. Дзясяткі актывістаў «Альт-інфа» спрабавалі прарвацца да дома Пэрадзэ, але ім перашкодзіла паліцыя. Радыкалы заклікаюць улады пакараць актывістку за абразу пачуцьцяў вернікаў. Калі віну Наты Пэрадзэ дакажуць, то ёй будзе пагражаць штраф за «дробнае хуліганства».

Пры гэтым прадстаўнікі ўлады чарговым разам заявілі, што пакараньне за падобныя ўчынкі можа быць больш жорсткім. Прадстаўнікі прарасейскіх і кансэрватыўных рухаў ужо некалькі гадоў патрабуюць увесьці крымінальную адказнасьць за абразу пачуцьцяў вернікаў. Улады не выключаюць увядзеньня крымінальнай адказнасьці, але не за абразу пачуцьцяў, а за апаганеньне рэлігійных будынкаў і аб’ектаў, незалежна ад іх канфэсійнай прыналежнасьці. У кіроўнай партыі «Грузінская мара» заяўляюць, што такія меры існуюць у шэрагу краін ЭЗ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG