Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар інфармацыі: «Наша інфармацыйнае поле стракаціць апанэнтамі». Расказваем пра перасьлед «апанэнтаў» зь незалежных СМІ


Уладзімер Пярцоў
Уладзімер Пярцоў

Дзяржаўныя СМІ ў Беларусі працуюць «ва ўмовах інфармацыйных войнаў», заявіў сёньня міністар інфармацыі Беларусі Ўладзімер Пярцоў на пасяджэньні калегіі галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Магілёўскага аблвыканкаму, паведамляе «Позірк».

«Мы бачым, якая перабудова зараз адбываецца ў інтэрнэт-прасторы, — цытуе Пярцова прэс-служба Мінінфарму. — Нашае інфаполе стракаціць апанэнтамі, а таму дзейнасьць рэдакцый у цэлым і кожнага журналіста ў прыватнасьці павінна быць вывераная, дакладная і апэратыўная».

Заява прагучала на фоне перасьледу журналістаў, супрацоўнікаў СМІ і блогераў, які працягваецца ў Беларусі ўжо некалькі гадоў. Пераважная большасьць незалежных мэдыя пазбаўленыя магчымасьці працаваць у Беларусі. Іх дзейнасьць, а таксама любое супрацоўніцтва зь імі крыміналізаваныя пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам, а доступ да іх кантэнту ў Беларусі блякуецца.

Незалежныя мэдыя зазнаюць ціск і абмежаваньні з боку дзяржавы, адзначаецца ў справаздачы «СМІ ў Беларусі ў 2023 годзе», апублікаванай 31 студзеня Беларускай асацыяцыяй журналістаў (БАЖ).

Паводле інфармацыі БАЖ, 35 супрацоўнікаў СМІ знаходзяцца ў зьняволеньні. У 2023 годзе «журналісты зазналі адміністрацыйны арышт 16 разоў», адбылося «46 затрыманьняў журналістаў і 34 ператрусы іх дамоў і офісаў».

«На працягу 2023 году „экстрэмісцкімі фармаваньнямі“ былі прызнаныя 10 незалежных СМІ (удвая больш, чым летась), а таксама сама БАЖ. 33 асуджаныя супрацоўнікі СМІ былі ўключаныя ў афіцыйны сьпіс „экстрэмістаў“ і 12 — у сьпіс „тэрарыстаў“», — удакладняецца ў дасьледаваньні.

30 чэрвеня 2023 году былі прынятыя зьмены ў закон «Аб сродках масавай інфармацыі». Ім увялі патрабаваньні да функцыянаваньня агрэгатараў навін (у тым ліку прадугледжаная магчымасьць іх блякаваньня за распаўсюд кантэнту заблякаваных сайтаў), пашыраны пералік падставаў для пазбаўленьня СМІ рэгістрацыі і абмежаваньня доступу да інтэрнэт-рэсурсаў, устаноўленая магчымасьць прымяненьня сымэтрычных мераў у адказ на «антыбеларускія» выпады замежных СМІ і журналістаў.

У Крымінальным кодэксе Беларусі зьявіліся новыя артыкулы за «экстрэмізм». У прыватнасьці, арт. 289-1 прадугледжвае адказнасьць за «прапаганду тэрарызму або яго публічнае апраўданьне», арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) дапоўнілі адказнасьцю за «распаўсюд заведама ілжывай інфармацыі, якая дыскрэдытуе Ўзброеныя сілы, воінскія фармаваньні, ваенізаваныя арганізацыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG