Тут усё перакулена з ног на галаву. Атрымліваецца, не народ павінен выбіраць уладу, а наадварот, улада выкарыстоўвае народ для імітацыі сваёй легітымнасьці.
Сьцісла:
- Развагі Натальлі Качанавай пра выбары — гэта адлюстраваньне калектыўнага несьвядомага цяперашняй кіроўнай эліты Беларусі.
- У Качанавай няма згадкі пра народаўладзьдзе. Для яе выбары — гэта проста ўрачысты рытуал.
- Выбары ў разуменьні чыноўніцы — гэта калі ўлада робіць для народу сьвята. Такі шчодры падарунак дзяржавы для насельніцтва.
- За тры гады ў Беларусі пабудавалі такую сыстэму, калі вышэйшым чыноўнікам ужо няма патрэбы прыкідвацца. Можна заставацца самім сабою, натуральным, без усялякіх «дэмакратычных» прымешкаў.
Здараюцца сытуацыі, калі палітыкі ці чыноўнікі змушаныя сілай абставін да публічнага выступу без падрыхтоўкі, без загадзя напісанага тэксту. Тое, што называюць экспромтам. Часта ў такіх выпадках звыклы, старанна створаны вобраз разбураецца. І на паверхні праяўляюцца рысы, якія ў звычайнай сытуацыі палітыкі імкнуцца хаваць ці кантраляваць.
У гэтым сэнсе вельмі адметным стаў выступ старшыні Савету Рэспублікі Натальлі Качанавай на сустрэчы з удзельнікамі так званых моладзевых саветаў пры Нацыянальным сходзе і мясцовых Саветах дэпутатаў 26 студзеня.
Найперш, выявілася, што, нягледзячы на вялікі досьвед кіроўнай працы, Натальля Іванаўна зь цяжкасьцю фармулюе свае думкі. Выступ атрымаўся хаатычным і непасьлядоўным.
Але ня гэта галоўнае. Пытаньне, зададзенае адной з удзельніц, тычылася выбараў. І Качанава адказала. Каштоўнасьць гэтага адказу ў тым, што менавіта такі экспромт выдае тое калектыўнае несьвядомае цяперашняй кіроўнай эліты Беларусі, якое ў звычайным жыцьці чыноўнікі спрабуюць прыхаваць.
Такім чынам, як Натальля Качанава разумее сэнс такога паняцьця, як «выбары»? Вось як:
«Наогул выбары ў маёй маладосьці — гэта былы Савецкі Саюз... Гэта заўсёды было сьвята, заўсёды. І думкі пра тое, што ты ня пойдзеш на выбары, не было ні ў кога. Наогул ні ў кога. Гэта было „за гранью“. Вось усё, выбары — гэта сьвята, гэта выбарчыя ўчасткі, гэта зь песьнямі, з танцамі, з буфэтамі... Усе роўна ішлі на выбары, таму што разумелі, што гэта абавязак, твой сьвяты абавязак. І потым, вось у мяне заўсёды было такое пачуцьцё... Толькі з пачуцьцём гонару, з пачуцьцём таго, што ты ўжо маеш права аддаць свой голас...
Вось абвясьцілі выбары. У газэтах напісалі, што выбары. Усе людзі, усе апранаюцца прыгожа, добра, прыстойна. Ня проста так, там са спартзалі пабег. У выходны дзень, мама з татам, мы ідзём на выбары. І я зь імі хадзіла заўсёды, пакуль была дзіцем. Для мяне гэта заўсёды было сьвята. І я цяпер гавару. І для нас сьвята. І мы хочам людзям зрабіць на ўчастках роўна так: і буфэты, і канцэртныя праграмы. І гэта ня трэба ператвараць у нейкае бязладзьдзе».
У гэтым экспромце выкладзена цэлая палітычная філязофія. Нічога не гаворыцца пра народаўладзьдзе, якое рэалізуецца праз выбары, як тое запісана ў Канстытуцыі. Няма згадкі, што выбарчы працэс — гэта мэханізм легітымізацыі ўлады. Што гэта спосаб выбіраць уладу, рабіць яе падсправаздачнай, падкантрольнай, зьмяняльнай. І, каб выканаць такія функцыі, выбары мусяць быць канкурэнтнымі. Дзеля чаго ў краіне павінны існаваць палітычныя свабоды. Але якраз вось такія сапраўдныя выбары для Качанавай непрымальныя, пра іх яна кажа: «Гэта ня трэба ператвараць у нейкае бязладзьдзе („безобразие“)».
Якімі ж павінны быць беларускія выбары, на думку Качанавай? Ідэалам для яе зьяўляецца тое, што лічылі выбарамі ў Савецкім Саюзе. Рытуал. Прычым урачысты рытуал — «зь песьнямі, з танцамі, з буфэтамі...» Такі шчодры падарунак дзяржавы для насельніцтва. А якая ж роля грамадзян? Прыйсьці і прагаласаваць. То бок выканаць тэхнічную працэдуру.
Калі ўлада робіць для народа сьвята, то народ павінен аддзячыць уладзе. Якім чынам? Качанава тлумачыць: не ўлада абавязана народу, а грамадзянін абавязаны дзяржаве («сьвяты абавязак», «гонар») за тое, што яна дазваляе яму, дае «права аддаць свой голас». Тут усё перакулена з ног на галаву. Не народ выбірае ўладу, а наадварот, улада выкарыстоўвае народ для імітацыі сваёй легітымнасьці. А выбары — гэта такі рытуальны інструмэнт.
Гэтыя развагі Качанавай каштоўныя менавіта сваёй шчырасьцю. Увогуле, за тры апошнія гады ў Беларусі пабудаваная такая сыстэма, калі вышэйшым чыноўнікам ужо няма патрэбы прыкідвацца. Можна заставацца самімі сабою, натуральнымі, без усялякіх «дэмакратычных» прымешкаў. Не баяцца, што там скажа апазыцыя (яе «зачысьцілі»), АБСЭ ці яшчэ нехта.
Таму Лукашэнка ўголас шкадуе, што ў новай Канстытуцыі не адмянілі ўсенародныя выбары прэзыдэнта. А Качанава апавядае, якая насамрэч роля адведзена грамадзтву ў новай палітычнай сыстэме. Вось такая цяпер яна, «дзяржава для народу».
Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024
- 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
- Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
- Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
- Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
- Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
- Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
- Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
- Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
- Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
- Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
- Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
- На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
- Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
- З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.