Такую заяву зрабіў лідэр партыі Ласла Торацкаі, якога цытуе агенцтва Reuters. Паводле Reuters, увечары ў суботу на канфэрэнцыі, дзе прысутнічалі прадстаўнікі крайне правых партыі зь іншых краінаў Эўропы, Торацкаі сказаў наступнае:
«Калі гэтая вайна скончыцца тым, што Ўкраіна страціць сваю дзяржаўнасьць, бо гэта таксама магчыма, тады як адзіная вугорская партыя, якая займае такую пазыцыю, дазвольце мне даць сыгнал, што абвяшчаем правы на Закарпацьце».
Міністэрства замежных спраў Вугоршчыны і амбасада Ўкраіны ў Будапэшце пакуль не адказалі на дасланыя электроннай поштай пытаньні пра заяву вугорскага палітыка, піша Reuters.
Партыя «Наша Радзіма» мае сем дэпутатаў з 199 у парлямэнце Вугоршчыны.
У інтэрвію на грамадзкім вугорскім радыё ў сьнежні прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан выказаў падтрымку сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, адзначае Reuters са спасылкай на прэсавага сакратара ўраду Золтана Ковача.