Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь паскардзілася Сусьветнай арганізацыі здароўя на спыненьне паставак важных лекаў і абвінаваціла ў гэтым краіны Захаду


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларусь абвінавачвае краіны Захаду ў палітычным характары спыненьня паставак важных лекаў, вынікае з выступу начальніка аддзела замежных сувязяў Міністэрства аховы здароўя Беларусі Анатоля Грушкоўскага 24 студзеня ў Жэнэве на пасяджэньні 154-й сэсіі Выканкаму САЗ, піша «Позірк».

Паводле Грушкоўскага, «палітычна матываваныя санкцыі прыводзяць да блякаваньня доступу да шэрагу крытычна важных мэдыкамэнтаў для найбольш уразьлівых: дзяцей, людзей пажылога веку, тых, хто пакутуе на анкалягічныя і іншых цяжкія захворваньні», а гэта не суадносіцца «з дэкляраванымі заходнімі краінамі „гуманітарнымі выключэньнямі“ пры рэалізацыі санкцыйнай палітыкі».

Чыноўнік у прыватнасьці заявіў, што Дзяржаўнае агенцтва рэгуляваньня лекаў і прадукцыі для здароўя Вялікай Брытаніі зацягвала працэдуру выдачы ліцэнзіі на экспарт у Беларусь таблетак марфіну, які выкарыстоўваецца для аблягчэньня стану пацыентаў з анкалягічнымі захворваньнямі і наступствамі цяжкіх траўмаў.

Акрамя таго, Анатоль Грушкоўскі абвінаваціў швэдзкую кампанію Molnlycke Health Care у адмове пастаўляць у Беларусь перавязачныя матэрыялы, неабходныя для паліятыўнага догляду дзяцей, польскую кампанію Tarchomin Pharmaceutical Works Polfa S.A. — у адмове пастаўляць прэпараты для лячэньня эпілепсіі і саматычных захворваньняў, брытанскую Atnahs Pharma UK Limited — у спыненьні экспарту на беларускі рынак прэпаратаў супраць астэапарозу, а фінскую Orion Corporation — для лячэньня хваробы Паркінсона і розных формаў раку. Паводле чыноўніка, гэта «далёка ня поўны сьпіс».

У сакавіку 2023 году прадстаўнік Сусьветнай арганізацыі здароўя ў Беларусі Сяргей Дыярдзіца, адказваючы на пытаньне журналістаў, ці паўплывалі заходнія санкцыі на забесьпячэньне насельніцтва лекамі, заявіў, што мэдпрэпараты дастаўлялі ў Беларусь, нягледзячы на цяжкасьці лягістыкі.

Да гэтага прадстаўнікі сыстэмы аховы здароўя Беларусі выказвалі супярэчлівыя меркаваньні наконт санкцыяў:

  • Міністар аховы здароўя Дзьмітры Піневіч 16 траўня 2022 году заявіў, што перабояў з пастаўкамі замежных лекаў няма.
  • 19 чэрвеня 2022 году першы намесьнік міністра аховы здароўя Алена Краткова прызнала праблемы з пастаўкамі замежных лекавых прэпаратаў з прычыны складанасьці лягістыкі і аплаты, павелічэньня тэрмінаў дастаўкі.
  • 25 кастрычніка 2022 году старшыня камітэту аховы здароўя Менгарвыканкаму Алена Богдан заявіла, што санкцыі прыводзяць да ўтварэньня «доўгіх лягістычных ланцужкоў паставак запчастак і абсталяваньня, лекавых сродкаў» і прапанавала рашэньне праблемы «ў пераарыентацыі на Ўсход і ўласнай імпартазамяшчальнай вытворчасьці».
  • У сьнежні 2022-га Дзьмітры Піневіч прызнаў, што санкцыі ЭЗ ускладнілі пастаўкі мэдыкамэнтаў, але заявіў, што праблемы ўдалося вырашыць.

Прадстаўнік ініцыятывы «Белыя халаты» у інтэрвію «Позірку» зьвяртаў увагу на праблемы арганізацыі мэдычнай дапамогі, якія ўлады часта тлумачаць санкцыямі супраць Беларусі:

«Санкцый на мэдыцынскае абсталяваньне ці мэдпрэпараты ня ўводзілі, хаця менавіта імі Мінздароўя рэгулярна тлумачыць праблемы. Іх крыніца — у злачыннай халатнасьці, а часам і ў злым намеры людзей, якія ўтрымліваюць уладу, а таксама ў бяздарным кіраўніцтве сыстэмай аховы здароўя. Прыцягваць за вушы гісторыю з санкцыямі — зусім маніпулятыўны ход прапаганды», — падкрэсьліў суразмоўца.

За 2023 год лекі ў Беларусі ў сярэднім падаражэлі на 12%, а на некаторыя лекі — яшчэ больш. Цэны на лекі растуць удвая хутчэй за інфляцыю. Прычыны — імпартны складнік у сыравіне, розьніца курсаў і складаная лягістыка.

Многія беларусы сутыкаюцца з тым, што ня толькі ў аптэках, але і ў шпіталях зьніклі некаторыя імпартныя мэдпрэпараты. Часам гэта мае трагічныя наступствы.

24 студзеня Беларускі расьсьледніцкі цэнтар выпусьціў расьсьледаваньне, у якім расказвае як дзяржава закупляе лекі ў кампаніі «Лігматон», якая да канца 2021 году належала ўладальніку кампаніі «Тытунь-Інвэст» Паўлу Тапузідзісу, а таксама іншых кампаній, якія маюць сувязі з рэжымам Лукашэнкі. Пры гэтым закупіць толькі тры віды лекаў у расейскіх аптэках ураздроб абышлося б беларускаму бюджэту на 2 млн даляраў таньней, чым калі дзяржава набыла іх оптам у 2022–2023 гадах у кампаніі «Лігматон».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG