Пра гэта паведамляе Gazeta Wyborcza. Акцыя пачалася а 16 гадзіне па варшаўскім часе каля будынку парлямэнту.
У акцыі ўзялі ўдзел лідэр партыі «ПіС» Яраслаў Качыньскі, экс-прэм’ер Матэвуш Маравецкі і былы міністар абароны Марыюш Блашчак.
Удзельнікі акцыі выказвалі салідарнасьць з арыштаванымі нядаўна былымі кіраўнікамі Міністэрства ўнутраных справаў Марыюшам Каміньскім і Мацеем Вонсікам.
Wyborcza прыводзіць некаторыя лёзунгі, якія гучалі на маніфэстацыі і былі на транспарантах: «Адольф Туск павінен сысьці!», «Чырвоная ануча не дажыве да лета», «Свабодныя СМІ», «Канстытуцыя», «Паліцыя з намі, а ня зь немцамі», «На Бэрлін», «Гэта ганьба, камунізм», «Туск — зло», «Польшча для палякаў».
Увечары 9 студзеня польская паліцыя затрымала былога кіраўніка МУС краіны Марыюша Каміньскага і ягонага намесьніка Мацея Вонсіка, якіх раней запрасіў да сябе прэзыдэнт Анджэй Дуда.
Суд пастанавіў арыштаваць Каміньскага і Вонсіка ў справе аб перавышэньні паўнамоцтваў у 2007 годзе. Дуда амніставаў іх у 2015-м, аднак у сьнежні мінулага году суд скасаваў ягонае рашэньне і вынес былым кіраўнікам МУС вырак: па 2 гады турмы.
У палацы Каміньскі і Вонсік прабылі некалькі гадзін, пасьля чаго паліцыя ўвайшла ў будынак і затрымала іх.
У сваю чаргу, прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск заявіў, што Дуда перашкаджае правасудзьдзю, хаваючы злачынцаў, і працытаваў адпаведны крымінальны артыкул.
Сёньня Дуда зьвярнуўся да генэральнага пракурора краіны з просьбай неадкладна вызваліць з турмы былога міністра ўнутраных справаў Каміньскага і Вонсіка. Такое рашэньне прэзыдэнт прыняў пасьля сустрэчы з жонкамі зьняволеных. Яны прасілі Дуду паспрыяць вызваленьню іх мужоў.
Прэзыдэнт Польшчы сёньня ж абвясьціў, што пачынае працэдуру памілаваньня Каміньскага і Вонсіка.