Куяўска-Паморскі ваявода Міхал Штыбель прасіў кампэтэнтныя органы прыпыніць дэпартацыю беларускага актывіста Паўла Юшкевіча, якога хочуць дэпартаваць як «пагрозу нацыянальнай бясьпецы», паведамляе Polskie Radio PiK.
«Куяўска-паморскі ваявода Міхал Штыбель прасіў кампэтэнтныя органы прыпыніць дэпартацыю беларускага актывіста Паўла Юшкевіча з Польшчы да таго часу, пакуль яго справа ня будзе разгледжана ваяводзкім адміністрацыйным судом», — паведаміла выданьню прэс-сакратарка ваяводы Натальля Шчэрбіньска і дадала, што «на дадзены момант ня можа даць больш інфармацыі».
Раней у абарону Паўла Юшкевіча выступіла акадэмічная супольнасьць Унівэрсытэта імя Мікалая Каперніка ў Торуні, дзе Павал Юшкевіч выкладае культурную антрапалёгію, гісторыю адукацыі, міжкультурную адукацыю. 17 студзеня прадстаўнікі акадэмічнай супольнасьці зладзілі акцыю салідарнасьці зь беларусам перад помнікам Мікалаю Каперніку.
У справу Юшкевіча ўмяшаўся і прафэсар Марцін Чыжнеўскі, прэс-сакратар Унівэрсытэта імя Мікалая Каперніка і старшыня гарадзкой рады Торуні, піша выданьне.
38-гадовы грамадзкі актывіст і выкладчык Унівэрсытэта імя Мікалая Каперніка ў Торуні, беларус Павал Юшкевіч жыве ў Польшчы ўжо 20 гадоў, 11 зь іх ён змагаецца за магчымасьць жыць у краіне.
Павал Юшкевіч пераехаў у Польшчу ў 17 гадоў. Вучыўся ва ўнівэрсытэце ў Торуні на кірунках «пэдагогіка» і «міжнародныя адносіны». Меў узнагароду «найлепшы іншаземны студэнт Польшчы». Атрымаў ступень магістра расейскай філялёгіі, абараніў доктарскую дысэртацыю. У 2008 годзе атрымаў пастаянны дазвол на жыхарства на падставе польскіх каранёў.
У 2012-м Павал падаў дакумэнты на польскае грамадзянства, але яму адмовілі: прычыну патлумачылі коратка — знаходжаньне Паўла ў краіне можа ствараць пагрозу для бясьпекі Польшчы. Такое заключэньне зрабіла Агенцтва ўнутранай бясьпекі краіны (ABW). Чаму такую характарыстыку яму напісалі спэцслужбы, Павал дагэтуль ня ведае — ейны зьмест засакрэчаны. Спробы даведацца выніку не далі нават праз суды.
5 студзеня сёлета ён атрымаў ліст з адміністрацыі ў справах іншаземцаў. Зь яго вынікае, што ў Паўла забіраюць дазвол на жыхарства, які яму выдалі ў 2008 годзе. Да таго ж беларусу трэба цягам 30 дзён выехаць з Польшчы. У адваротным выпадку памежная служба пачне сваю працэдуру, і тады яго могуць дэпартаваць у Беларусь. Павал Юшкевіч абскардзіў гэтае рашэньне ў Абласным адміністрацыйным судзе.
Беларус мяркуе, што вяртацца на радзіму для яго небясьпечна. З 2006 году ён быў беларускім актывістам у Польшчы, зьвяртаў увагу на сытуацыю ў Беларусі, ладзіў з паплечнікамі беларускія дні, беларускія канфэрэнцыі. Ён адзін зь лідэраў беларускай дыяспары ў Торуні. У Беларусі быў у апошні раз у 2019 годзе.