Старшыня Кіроўнай рады ЭГУ Андрыюс Кубілюс і старшыня Агульнага сходу саўладальнікаў ЭГУ Гортан Бібі-Цэнтар падпісалі зварот ад імя навучальнай установы да студэнтаў і выкладчыкаў.
«Нядаўнія пагрозы з боку ўраду Беларусі прызнаць ЭГУ „экстрэмісцкай арганізацыяй“ здаюцца нам сур’ёзнымі, і мы ставімся да гэтага з належнай увагай. Запалохваньне студэнтаў, выкладчыкаў і іх сем’яў турэмным зьняволеньнем толькі на той падставе, што яны вучацца ці выкладаюць у пэўным унівэрсытэце — гэта беспрэцэдэнтна і зусім не прымальна.
Такія пагрозы ніякім чынам не зьвязаныя зь дзеяньнямі ЭГУ. Наадварот, яны зьяўляюцца праявамі новай палітыкі ўраду Беларусі ў адносінах Літвы і Эўрапейскага Зьвязу, асноўнымі прыхільнікамі ЭГУ. Унівэрсытэт ня можа кантраляваць дзеяньні ўраду Беларусі. Нягледзячы на спробы перашкодзіць працы ўнівэрсытэту, ЭГУ прыме ўсе даступныя захады для абароны нашых студэнтаў і працягу іх навучаньня», — гаворыцца ў дакумэнце.
На гэтым тыдні беларускі прапагандыст Ігар Тур у сваёй праграме заявіў пра тое, што ўлады дзяржавы могуць прызнаць ЭГУ «экстрэмісцкай арганізацыяй». У Беларусі жывуць і працуюць шмат выпускнікоў і іншых зьвязаных з гэтай ВНУ людзей.
Рэктар ЭГУ Кшыштаф Рыбіньскі назваў выказваньні Тура аб палітычнай заангажаванасьці студэнтаў і выкладчыкаў «хлусьнёй», заявіўшы, што ўнівэрсытэт ніякім чынам не залежыць ад палітычных структур, у тым ліку фінансава, і не схіляе сваіх студэнтаў да палітычнай дзейнасьці.
Таксама ён адзначыў, што вышэйшая навучальная ўстанова фінансава стабільная і нядаўна атрымала дадатковую падтрымку ад Эўразьвязу на суму больш за 4 млн эўра. Спонсары гарантуюць забесьпячэньне бесьперапыннага функцыянаваньня ЭГУ ў будучыні.