Вынікі дасьледаваньня «Індэкс рэзіліентнасьці Беларусі. 2023» прэзэнтавалі 10 студзеня. Індэкс рэзіліентнасьці (ІР) распрацавалі дасьледчыкі Цэнтру як інструмэнт, які дае магчымасьць выявіць і адсачыць у дынаміцы найбольш устойлівыя і найбольш уразьлівыя сфэры ў Беларусі.
Усе сфэры экспэрты падзялілі на 4–5 напрамкаў, кожны зь якіх разьбілі на 4-5 паказчыкаў, якім экспэрты выстаўлялі адзнакі ад −5 да +5, патлумачыў мэтодыку аналізу для Zerkalo.io аналітык Цэнтру новых ідэй, сацыёляг Генадзь Коршунаў.
Значэньне агульнакраінавага Індэксу склала −1,96. Гэта значыць, што ў цэлым Беларусь усё яшчэ знаходзіцца ў стане крызісу, які разгортваецца з 2020 году. Разам з тым, адносна 2022 году, ацэнка крыху палепшылася.
Самае складанае становішча экспэрты працягваюць фіксаваць у сфэры палітыкі, як і пры двух папярэдніх замерах ІР. Найгоршыя адзнакі тут атрымала ўнутраная палітыка, якая фактычна знаходзіцца ў зоне каляпсу. Пры гэтым у зьнешняй палітыцы, на думку экспэртаў, сытуацыя крыху палепшылася (прырост Індэксу з −3,40 да −2,82), што кажа пра пераход з крытычнага стану ў крызісны.
Экспэрты тлумачаць крызісны стан беларускай палітычнай сфэры рэпрэсіямі, якія працягваюцца і пашыраюцца, узмацненьнем палітычнай залежнасьці ад Расеі і палітызацыяй дзяржаўных інстытутаў, піша «Позірк».
У інфармацыйнай сфэры (значэньне Індэксу: −2,33) справы горш за ўсё ідуць з дружалюбнасьцю ўмоваў працы для СМІ. Гэтаму напрамку пастаўлены мінімальны бал сярод усіх напрамкаў асноўных сфэр: −4,63. Ва ўмовах рэпрэсіўнай палітыкі ў дачыненьні да недзяржаўных СМІ мэдыя ў Беларусі працягваюць сваю дзейнасьць толькі пры ўмове «ляяльнасьці палітычным элітам і/або пазьбяганьня палітычнага рэпартажу».
У дасьледаваньні адзначаецца, што «манаполія дзяржаўных СМІ вядзе да іншых доўгатэрміновых наступстваў — вымушанага спажываньня прапаганды або расейскага кантэнту большасьцю грамадзян, альбо падпольнага спажываньня кантэнту незалежных СМІ».
Паводле экспэртаў, лепшую дынаміку сярод іншых аналізаваных сфэр у 2023 годзе паказала сфэра эканомікі: у параўнаньні зь мінулым годам ацэнка вырасла на 0,48, аднак і яна працягвала ацэньвацца экспэртамі як «сфэра, якая знаходзіцца ў крызісным стане».
Максымальны рост у гэтай сфэры — па галіновай эканамічнай палітыцы (+1,08: з −2,44 у 2022 годзе да −1,36 у 2023-м) і інвэстыцыйным клімаце (+0,99: з −4,44 да −3,45), які перайшоў з блізкага да каляпсу стану ў менш нэгатыўную крытычную зону. Самы нэгатыўна ацэнены паказчык ва ўсёй эканамічнай сфэры — паказчык працоўнай міграцыі, яго экспэрты ацанілі на −3,82 бала.
«Экспэрты зьвяртаюць увагу на разьвіцьцё адміністрацыйна-камандных мэтадаў кіраваньня эканомікай і далейшае ўзмацненьне манаполіі дзяржаўнага сэктару. Трэнд, які працягваецца, — рост залежнасьці ад Расеі як гандлёвага партнэра, што перашкаджае дывэрсыфікацыі экспартнага рынку. З ростам эканамічнай залежнасьці ад РФ эканамічныя рызыкі Расеі становяцца рызыкамі Беларусі, з прычыны чаго ўзмацняецца ізаляцыя краіны ад сусьветнай эканомікі», — гаворыцца ў дасьледаваньні.
У сацыяльнай сфэры вялікіх зьменаў практычна няма. Мабыць, адзіная істотная зьмена — далейшае пагаршэньне адносінаў дзяржавы і грамадзтва: падзеньне адзнак з −2,80 да −3,65, што азначае пераход з крызіснага стану ў крытычны. У крытычным становішчы застаюцца і грамадзкія арганізацыі.
Сфэра ўзброеных сіл сёлета апусьцілася ў ацэнках экспэртаў на −0,51 бала, аднак па-ранейшаму застаецца адной з самых рэзіліентных. Галоўным кантэкстам колькаснай і якаснай ацэнкі гэтай сфэры экспэртамі стала «залежнасьць Узброеных сіл Беларусі ад Расеі».
З усіх напрамкаў станоўчыя адзнакі атрымалі толькі тры: дыяспара (сфэра соцыюму), сацыяльная інфраструктура і інфраструктурныя ўмовы для працы мэдыя. Невялікую станоўчую дынаміку паказваюць ацэнкі па наступных напрамках: мэдыйная разнастайнасьць (+0,99 за 2 гады, пераход з крытычнага стану ў проста крызісны); правапарадак (+0,63, таксама пераход з крытычнага стану ў проста крызісны); сыстэма дзяржаўнага кіраваньня (+0,52, застаецца ў стане крызісу).
Істотную адмоўную дынаміку дэманструюць такія паказчыкі, як бюджэтна-фінансавая дзейнасьць (–1,05 у адносінах да дадзеных 2021 году) і нацыянальна-культурны базіс (–1,09). Пры гэтым бюджэтна-фінансавая дзейнасьць «была і застаецца ў зоне стагнацыі», а нацыянальна-культурны базіс «перайшоў у зону крызісу». Нязначная адмоўная дынаміка таксама характэрная для ацэнак па грамадзянскай культуры (–0,88 за два гады), што перавяло яе са сфэры стагнацыі ў зону крызісу.
Падводзячы вынікі, экспэрты адзначаюць, што Беларусь як шматгранную сыстэму «нельга назваць рэзіліентнай».
«Вынікі ІР паказваюць, што па ўсіх сфэрах сыстэма знаходзіцца ў гнятлівым крызісным стане альбо ў стагнацыі. Галоўным фактарам, які паўплываў на такія вынікі, стаў палітычны крызіс — сыстэма не прайшла стрэс-тэст у палітычнай сфэры», — адзначылі экспэрты.
Яны рэзюмавалі, што гэтая сытуацыя «ілюструе, як крызіс у адной сфэры не абмяжоўваецца рамкамі гэтай сфэры, але ўплывае на ўсю сыстэму, аслабляе яе, зьніжае здольнасьці сыстэмы да разьвіцьця і паляпшэньня».
Паводле Генадзя Коршунава, беларускаму рэжыму ў пэўным сэнсе ўдалося «ўтрымаць» і сацыяльна-палітычную, і эканамічную сытуацыю ў краіне, няхай і шляхам захаваньня рэпрэсіўнага ціску на грамадзтва або «ручнога» кіраваньня ў эканоміцы, а таксама ўдасканаленьня стратэгій па абыходзе санкцый і пошуку новых палітычных партнэраў.
Надалей, паводле яго, і адмоўныя, і станоўчыя ацэнкі будуць хутчэй зьніжацца, у лепшым выпадку яны будуць імкнуцца да нуля, што азначае стагнацыю сыстэмы, застой. У горшым выпадку размова будзе ісьці аб знаходжаньні ў пэрманэнтным крызісе ўсіх сфэраў у Беларусі.