Найвышэйшы адміністрацыйны суд Літвы канчаткова пацьвердзіў законнасьць рашэньня Дэпартамэнту міграцыі Літвы аб адмове беларускай актывістцы і праваабаронцы Вользе Карач у палітычным прытулку.
Калегія судзьдзяў разглядала справу Вольгі Карач 10 студзеня ў пісьмовым парадку на закрытым судовым пасяджэньні. Рашэньне суду канчатковае і ня можа быць абскарджана.
Як інфармавала агенцтва BNS, якое цытуе LRT, прадстаўніца суду Нярынга Лукашавічэне, суд пакінуў у сіле рашэньне суду ніжэйшай інстанцыі і адхіліў апэляцыю.
Лукашавічэне ня стала камэнтаваць матывы рашэньня, спаслаўшыся на тое, што справы аб наданьні прытулку не разглядаюцца публічна.
Вольга Карач будзе зьвяртацца ў Эўрапейскі суд
Вольга Карач паведаміла Свабодзе, што што будзе абскарджваць рашэньне літоўскага суду ў Эўрапейскім судзе ў правах чалавека.
«Гэтае рашэньне можна абскардзіць, і мы будзем гэта рабіць, вядома ж, у Эўрапейскім судзе ў правах чалавека. У мяне такое права ёсьць, і я ўжо зьвязалася з адвакатам і папрасіла, каб ён рыхтаваў гэтую скаргу», — адзначыла яна.
Вольга Карач падкрэсьліла, што зьяжджаць зь Літвы не плянуе, бо мае часовы дазвол на жыхарства, дзейны да жніўня 2024 году, і літоўскія ўлады абяцалі яго працягнуць.
«Я не пляную зьяжджаць зь Літвы, у мяне ўсё ў парадку з дакумэнтамі, у мяне ёсьць часовы дазвол на жыхарства. Мяне ніхто зь Літвы не выганяе, гэта дакладна», — падкрэсьліла яна.
«У рашэньні не было ніякіх аргумэнтаў. Усё, што было напісана, — што я магу ў будучыні супрацоўнічаць з расейскай выведкай. Гэта гучыць забаўна, мяне яшчэ ніводнага разу ў жыцьці не судзілі за тое, што я магу зрабіць», — сказала Вольга Карач.
Паводле яе, улады Літвы адмовілі ў палітычным прытулку і яе мужу.
«Калі я пагроза нацыянальнай бясьпецы, то чаму мяне ня выслалі зь Літвы? Калі я не пагроза, то чаму мне не даюць палітычны прытулак? Я лічу, што гэта такая кампанія цкаваньня, зьвязаная з тым, што мы абараняем правы беларусаў тут, і таксама на карысьць гэтай вэрсіі кажа той факт, што майму мужу таксама адмовілі ў палітычным прытулку за тое, што ён у лютым 2020 году езьдзіў у Беларусь», — дадала яна.
Вольга Карач паведаміла, што падазрэньні ў тым, што яна «можа супрацоўнічаць з расейскай выведкай», грунтаваліся на падставе інфармацыі, што яна езьдзіла ў 2016 і 2019 гадах у Расею для ўдзелу ў розных канфэрэнцыях, на якіх магла «зь некім» сустракацца, а таксама спрабавала сустрэцца з расейскім амбудсмэнам Тацянай Маскальковай.
«Гэта сапраўды так. Я спрабавала зь ёю сустрэцца, таму што яна зьяўляецца амбудсмэнам Расеі. Зразумела, што яна прапуцінская, але ўсё роўна для мяне было важна, каб яна ўзьнімала гэтыя пытаньні. Мы, напрыклад, сустракаліся з начальнікамі калёній, яны пралукашэнкаўскія, і што? Усё роўна з усімі гэтымі структурамі трэба сустракацца і казаць, што яны парушаюць правы чалавека. Калі я буду сустракацца толькі з дэмакратычнымі сіламі, што я магу зьмяніць у такім выпадку?» — дадала яна.
Вольга Карач таксама паведаміла, што 31 праваабарончая арганізацыя зьвярнулася ў літоўскі суд зь лістамі ў яе абарону, у якіх тлумачылася, што сустрэчы з прадстаўнікамі розных дзяржаўных структур, у тым ліку Тацянай Маскальковай, — гэта абсалютна нармальная частка праваабарончай дзейнасьці.
Міграцыйная справа Вольгі Карач
Летась у жніўні Дэпартамэнт міграцыі Літвы адмовіў Вользе Карач у палітычным прытулку, паколькі Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі высьветліў, што «яе знаходжаньне ў краіне нясе пагрозу нацыянальнай бясьпецы празь яе сувязі з расейскай выведкай».
Вольга Карач адмаўляе ўсе такія абвінавачаньні. Яна абскардзіла рашэньне міграцыйнага органа, але Віленскі акруговы адміністрацыйны суд пакінуў у сіле рашэньне Дэпартамэнту міграцыі Літвы.
У той жа час суд прызнаў парушэньне яе правоў на своечасовы разгляд заявы аб атрыманьні прытулку, але не знайшоў падстаў для прызначэньня кампэнсацыі за гэта.
Цяпер Вольга Карач мае часовы дазвол на жыхарства ў Літве, выдадзены на гуманітарных падставах. Да канчатковага разгляду справы ў судзе Вольга Карач мела права заставацца ў Літве.
Вольга Карач атрымлівала дазвол на жыхарства ў Літве з 2014 году, а ў 2023-м зьвярнулася па палітычны прытулак. Яна ачольвае арганізацыю «Наш дом», якая займаецца гуманітарнай і псыхалягічнай дапамогай беларусам у Літве і ў Беларусі, а таксама адсочвае парушэньні правоў чалавека.
У 2022 годзе ўлады Беларусі абвясьцілі гэтую арганізацыю экстрэмісцкай, а ў 2021 годзе КДБ уключыў Вольгу Карач у сьпіс тэрарыстаў.