«У мяне чатыры родныя мовы, а ў дзіцяці адна»
Вольга Пашковіч пераехала ў Польшчу ад перасьледу пасьля 2020 году. Ейнаму сыну Цімафею цяпер 15 гадоў. Вольга з мужам у сям’і размаўляла па-расейску. Хлопчык хадзіў у расейскамоўныя садок і школу. Сама жанчына вырасла ў шматмоўнай сям’і.
«Мне было проста пераходзіць з расейскай на беларускую, зь беларускай на ўкраінскую, з украінскай на малдаўскую. У мяне былі чатыры мовы ў актыве. Я не засяроджвала сваю ўвагу на тым, што гэта розныя мовы. Калі чытала кніжку, то, пакуль у мяне не запытаюць, на якой мове, я не задумвалася, бо тры мовы, апрача малдаўскай, былі для мяне на аднолькавым узроўні», — расказвае яна.
Калі сын пайшоў у першую клясу, Вольга заўважыла, што для яго беларуская мова ня гэтак сама зразумелая, як расейская.
«Атрымалася, што ў мяне чатыры родныя мовы, а ў дзіцяці адна. Яму трэба было перакладаць. Спачатку я думала, што сын лянуецца, а потым я пабачыла, што ён яе сапраўды не разумее. Да таго ж беларуская яго раздражняла, бо цяжэй было разумець», — расказвае Вольга.
Калі сям’я прыехала ў Варшаву, Цімафей пазнаёміўся зь сям’ёй, дзе ўсе чацьвёра дзяцей размаўляюць па-беларуску, хаця разумеюць і расейскую. Хлопец зь імі пасябраваў і стаў больш вывучаць беларускую мову. Потым пазнаёміўся з украінскім хлопчыкам, які мэтанакіравана вучыць беларускую.
«Той казаў, што гэта вельмі мілагучная і прыгожая мова, ёсьць словы, якія яго захапляюць. То і мой пачаў ужо захапляцца», — кажа Вольга.
Беларускую і ўкраінскую мову Цімафей практыкуе з аднагодкамі штодня пасьля школы, калі застаецца на пазаклясныя заняткі. У Вільні ён стаў захапляцца і іншымі мовамі.
«Яму падабаецца гучаньне нямецкай, гішпанскай. Магчыма, настаўнікі яго зацікавілі. Ён вывучае мовы ў мабільных аплікацыях. У яго захапленьне геаграфіяй, гісторыяй і мовамі ў сукупнасьці. Бярэ ў бібліятэцы беларускія кнігі па гісторыі», — дзеліцца Вольга.
Яе не бянтэжыць тое, што беларуская мова можа ня мець прыкладнога значэньня за мяжой.
«Калісьці мая бабуля, украінка-малдаванка, казала: „Калі не паважаеш продкаў і іхную мову, то можаш забыцца пра будучыню. Веды ніколі не засмучаюць. Чым болей моваў ведаеш, тым лягчэй табе будзе ў жыцьці“. Сапраўды, мне досыць лёгка знаходзіць агульную мову, нават калі я ня ведаю яе», — дадае суразмоўца.
Беларуская — гэта не расейская
Паўліна* (далей імёны суразмоўцаў зьмененыя дзеля бясьпекі. — РС) пераехала зь сям’ёй у Літву ў 2021 годзе. Язэпу 8 гадоў, Веры — 14. У Беларусі дзеці вучыліся ў расейскамоўных садках і школах. Дома дагэтуль усе ў сям’і гавораць у асноўным на расейскай мове. У бацькоў ёсьць і беларускія, і расейскія карані.
Першы год у Вільні дзеці таксама хадзілі ў расейскамоўныя ўстановы, але потым бацькі вырашылі знайсьці магчымасьць вучыць іх па-беларуску. Высьветлілася, што малодшы сын не адрозьнівае беларускую і расейскую мову, бо не вучыў беларускай у Беларусі.
«Калі маё дзіця пачало казаць, што ён гаворыць па-беларуску, а насамрэч гаварыў па-расейску, мяне гэта непрыемна ўразіла. Я гэта па-новаму асэнсавала, што ён ня ведае і ня будзе ведаць беларускай мовы, калі будзе хадзіць у расейскамоўную школу. Мне ад гэтага было вельмі цяжка. Для мяне важна, каб ён захоўваў ідэнтычнасьць, што ён зь Беларусі, што ён беларус», — кажа Паўліна.
Для Язэпа месца ў беларускай гімназіі пакуль не хапіла, але ён стаў наведваць беларускую школку выходнага дня. Паралельна вывучае літоўскую і ангельскую мовы. Складае фразы на ўсіх мовах, якія ведае.
«Яму вельмі падабаецца. Яму гэта ўсё цікава. Ён адкрыў, што ёсьць беларуская мова. Пачынае пытацца: „А як гэта па-беларуску? А як гэта? А нам расказвалі, што вось так“. Ён вельмі ганарыцца тым, што ведае беларускую, бо ў іх расейскамоўная кляса, і настаўніцы расказваў, што вывучае беларускую мову, што ведае, як некаторыя словы па-беларуску сказаць», — расказвае маці.
Веру аддалі ў скарынаўскаю гімназію, дзе большасьць прадметаў выкладаюць па-беларуску, некаторыя па-літоўску. У расейскамоўных школах навучаюцца грамадзяне Літвы з расейскамоўнага асяродку.
«Мне ня вельмі падабаліся падлеткі з расейскамоўных сем’яў. У Літве тых, хто пераехаў сюды пры Савецкім Саюзе, называюць „ватнікамі“. У беларускай гімназіі больш зразумелае кола камунікацыі. Многа падлеткаў, якія таксама пераехалі, праз гэта ўсё прайшлі», — расказвае Паўліна.
Паводле маці, дачка ніколі не скардзілася, што ёй цяжка вучыцца па-беларуску, яна яе добра разумее. Цяпер яна можа і дома, калі расказвае пра школу, пераходзіць на беларускую мову.
Хатнія заняткі для сына і сяброў
Беларуска Яўгенія пераехала ў Польшчу разам з сынам Уладзем год таму. Цяпер хлопчыку 7 гадоў. У Беларусі ён хадзіў у расейскамоўны дзіцячы садок. У сям’і размаўлялі па-расейску. Аднак малому чыталі ў беларускім перакладзе казкі з сэрый «Мама Му», «Пэтсан і Фіндус».
«Я яго ад пачатку спрабавала прывучыць і да расейскай, і да беларускай моваў, але ня вельмі актыўна, паволі», — кажа Яўгенія.
Цікавасьць да беларускай мовы ў яе самой прачнулася пасьля 2020 году, калі яна пераасэнсавала палітычны, культурны кантэкст.
«Я зразумела, наколькі мы калянізаваныя, наколькі вялікі ўплыў расейскай культуры. Мы за гэтым губляем шмат свайго. Той рэсурс, які ёсьць у беларусаў, які мы маглі б выкарыстоўваць дзеля дабра нашай краіны, часьцей за ўсё ўцякае, бо там больш грошай. Творчая частка насельніцтва ідзе туды, дзе прасьцей рэалізаваць сябе, але гэта зьбядняе нашае асяродзьдзе, культуру», — падсумоўвае Яўгенія.
Яна вырашыла, што тое, на што яна сама можа паўплываць, гэта гаварыць па-беларуску і добра выхоўваць сваё дзіця. Мяркуе, што калі б сям’я не пераехала, то і ў Беларусі яна б больш актыўна шукала беларускамоўнага асяродзьдзя.
«Каб сын вывучаў беларускую мову не як прыйдзецца, а асэнсавана. Раней я таксама разумела значнасьць і важнасьць беларускай мовы, але цяпер гэта стала прынцыповай пазыцыяй», — падкрэсьлівае яна.
Цяпер Уладзь вучыцца ў польскамоўнай школе. Па суботах спачатку хадзіў у беларускую школку, але яму там не спадабалася. Маці вырашыла не прымушаць. Цяпер яна дома праводзіць заняткі крэатыўнасьці для сына і ягоных сяброў па-беларуску. У сям’і далей гавораць пераважна на расейскай мове, але часам пераходзяць на беларускую. Яўгенія карыстаецца чатырма мовамі дома, на працы і ў размовах з суседзямі.
Яна не баіцца, што беларуская мова акажацца непрыдатнай у практычным сэнсе яе сыну ў будучыні.
«Мова — гэта новы сьвет. Калі чалавек вывучае любую мову, ён вывучае падыход да жыцьця, як ствараюцца сэнсы, сэмантычныя структуры, гэта дае іншы бок мысьленьня, робіць чалавека багацейшым. У яго зьяўляюцца разьвіваецца памяць і ўвесь спэктар кагнітыўных навыкаў», — кажа яна.
Па-другое, маці хоча, каб дзіця атаясамлівала сябе са сваёй культурай.
«Я магу даць яму адчуваньне ідэнтычнасьці праз мову. Гэта кавалачак чагосьці блізкага, дарагога, што зможа яго падтрымаць, паказаць яго карані, зрабіць яго адметным. Бо ангельскую ведаюць усе. Але хто ты? Як ты растлумачыш французу ці гішпанцу, што ты беларус? Няхай ён нават карыстацца гэтай мовай ня будзе, але будзе яе разумець, зможа на ёй чытаць, ён яе пазнае, калі недзе пачуе», — падсумоўвае Яўгенія.
Падлеткавы рок-гурт, каб сьпяваць Вольскага
Ганна зь Віцебску разам зь сям’ёй пераехала ў Вільню менш за год таму. Ейным дзецям 7, 10 і 13 гадоў. У сям’і раней размаўлялі па-расейску. У родным горадзе яшчэ да 2020 году спрабавалі арганізаваць беларускамоўную клясу, але нічога не атрымалася. Улетку 2020 году сытуацыя зьмянілася. Старэйшая дачка Ядзьвіга аднойчы сказала: «Я па-расейску больш не размаўляю» — і перастала. Тады ёй было 10 гадоў. Астатнія дзеці за ёй падцягнуліся з гэтым. Сям’я тады яшчэ жыла ў Беларусі.
«Іх вельмі ўразілі ўсе падзеі. Мы ад іх нічога не хавалі, яны ўсё ведалі. Яны былі на маршах разам з намі. Вельмі чакалі пераменаў. Адзінае, што яны маглі сабе дазволіць, каб паказаць, якіх жыцьцёвых установак прытрымліваюцца, гэта пачаць размаўляць па-беларуску», — кажа маці.
Бацькі разам зь дзецьмі перайшлі на беларускую мову. Ядзьвіга стварыла чат у сацсетках для сяброў, дзе падлеткі маглі размаўляць па-беларуску. Праўда, туды прыйшлі расейскамоўныя дзеці з абразамі ў бок беларускай мовы і Беларусі. Давялося іх адтуль выдаляць.
«У школе чапляліся, маўляў, ты проста хочаш спадабацца настаўнікам, ня можа быць, каб ты паўсюль размаўляла па-беларуску. Тыя самыя абразы гучалі: „Гэта ня мова“, „Размаўляй па-нармальнаму“. Настаўнікі спачатку не зьвярталі ўвагі. Потым клясная стала чапляцца да ўсяго, прыкладам, што дзяўчына не сьпявала дзяржаўны гімн, калі ўсе сьпявалі. Некаторыя настаўнікі, наадварот, падтрымлівалі дзяўчынку», — расказвае Ганна.
Сярэдняя дачка проста перастала размаўляць у школе, бо зь ёй не хацелі гаварыць па-беларуску, а на расейскую яна сама не хацела пераходзіць.
У Вільні месцаў у беларускай гімназіі не было. Дзеці пайшлі ў польскамоўную школу. Чакаюць месцы ў скарынаўскай гімназіі.
13-гадовая Ядзьвіга мяркуе, што вучыць беларускую ў Літве таксама трэба.
«Беларуская мова ўсё адно родная. Трэба падтрымліваць сваё асяродзьдзе. Добра ведаць шмат замежных моваў, але сваю ня трэба забываць. Можна знайсьці супольнасьць беларусаў за мяжой, ствараць нешта, каб беларуская мова не загінула. Цяпер мала беларусаў размаўляе па-беларуску. Гэта сур’ёзная праблема», — кажа Ядзьвіга.
Зараз яна зьбіраецца стварыць беларускі рок-гурт, дзе беларускія падлеткі будуць сьпяваць песьні Лявона Вольскага, J:Mors, кавэры, а таксама ствараць свае.
«Гэта больш працуе, чым лекцыя беларускай мовы. Ты разумееш, дзеля чаго гэта, у канкрэтнай сфэры праяўляеш беларускую мову. Я люблю пісаць кнігі. Раней пісала дзіцячыя кнігі па-расейску, цяпер напісала па-беларуску, стварыла беларускамоўную суполку», — дзеліцца дзяўчына, як захоўвае беларускую мову за мяжой.