Такое меркаваньне ў камэнтары для сайту Reform.by выказаў на ўмовах ананімнасьці экспэрт iSANS.
Reform.by папрасіў экспэрта пракамэнтаваць артыкул у газэце The Financial Times, у якім узьнімаецца праблема распаўсюджваньня агрэсіўнай прапаганды праз глябальныя сэрвісы і пляцоўкі.
«Гэта важная гісторыя для Беларусі. Гаворка ідзе ў першую чаргу пра сэрвісы Google. Абсалютная большасьць беларусаў выкарыстоўвае смартфоны з усталяванай на іх апэрацыйнай сыстэмай Android. Гэтую сыстэму распрацаваў і падтрымлівае Google. Там, апроч іншага, ёсьць сэрвісы навін, і найважнейшыя навіны беларусы даведваюцца праз сэрвісы Android яшчэ да таго, як трапілі ў інтэрнэт», — тлумачыць экспэрт.
Ён адзначае, што пасьля блякаваньня ўсіх беларускіх незалежных СМІ альгарытмы Google пачалі пэсымізаваць такія сайты.
«Google бачыць, што карыстальнік зь Беларусі ня можа зайсьці на заблякаваны сайт, і пэсымізуе яго. У выніку ў выдачы ў пошуку Google News, Google Discover на першых пазыцыях замацаваліся сайты прапагандыстаў Лукашэнкі і Крамля», — кажа ён.
Па сутнасьці, той жа Google стаў галоўным інструмэнтам распаўсюджваньня агрэсіўнай прапаганды вайны, заклікаў забіваць, апраўданьня забойства мірных жыхароў.
«Гэта крымінальнае дзеяньне ў любой цывілізаванай краіне. На дзеяньні карпарацый павінны рэагаваць улады ЭЗ і ЗША», — упэўнены экспэрт.
Заклік эўракамісара Веры Ёўравай да IT-гігантаў дапамагчы ў барацьбе з дэзынфармацыяй і садзейнічаць свабодзе СМІ экспэрт iSANS лічыць вельмі важным, хоць і запозьненым крокам уладаў ЭЗ.
Экспэрт iSANS рэкамэндуе прыкласьці максымум намаганьняў ня толькі для барацьбы з распаўсюджваньнем прапаганды, але і дабіцца ад карпарацый лякалізацыі сэрвісаў, калі Беларусь у карпарацыях выдзялялася б у асобны рынак са сваім кіраваньнем, мэнэджарамі, мадэраваньнем, падтрымкай беларускай мовы, стратэгіяй разьвіцьця і вырашэньнем канкрэтных запытаў ад карыстальнікаў і нацыянальных гульцоў.
- iSANS — гэта міжнародная ініцыятыва экспэртаў з розных краін, накіраваная на вызначэньне, аналіз і супрацьдзеяньне гібрыдным пагрозам дэмакратыі, вяршэнству закону і сувэрэнітэту краін Заходняй, Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы і Эўразіі.