Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сьвеце спыняюць эксплюатацыю адной з мадэляў Boeing. У самалёта ў паветры адарваліся аварыйныя дзьверы


Boeing 737 MAX
Boeing 737 MAX

Фэдэральнае ўпраўленьне цывільнай авіяцыі ЗША (FAA) распарадзілася часова спыніць эксплюатацыю некаторых самалётаў Boeing 737 MAX 9 пасьля таго, як у самалёта гэтай мадэлі падчас палёту адарваліся дзьверы аварыйнага выхаду.

Рэгулятар таксама выпусьціў дырэктыву, паводле якой некаторыя самалёты Boeing 737 MAX 9 могуць быць дапушчаныя да палётаў толькі пасьля праходжаньня адпаведнай праверкі. Па дадзеных ведамства, гэтае патрабаваньне будзе тычыцца 171 самалёта па ўсім сьвеце, праверка кожнага з іх запатрабуе ад чатырох да васьмі гадзін.

У Эўрапейскім агенцтве бясьпекі палётаў (EASA) адзначылі, што ніводная з эўрапейскіх авіякампаній не выкарыстоўвае самалётаў гэтай мадэлі. Віцэ-прэзыдэнт турэцкага перавозчыка Turkish Airlines Ях’я Усьцюн паведаміў, што кампанія спыніла эксплюатацыю пяці самалётаў Boeing 737 MAX 9 для правядзеньня праверкі.

Па дадзеных Bloomberg, большую частку Boeing 737 MAX 9 эксплуатуюць амэрыканскія перавозчыкі United Airlines (79) і Alaska Airlines (65).

5 студзеня 2024 у аэрапорце Портлэнда праз 35 хвілін пасьля вылету прызямліўся Boeing 737 MAX 9 авіякампаніі Alaska Airlines, у якога падчас палёту сарвала дзьверы аварыйнага выхаду. На борце самалёта ў той момант знаходзіліся 171 пасажыр і шэсьць чальцоў экіпажа. Ніхто зь іх не пацярпеў. З прычыны інцыдэнту кампанія часова вывела з эксплюатацыі ўсе 65 сваіх самалётаў гэтай мадэлі.

Увесну 2019 году большасьць сусьветных авіякампаній часова спынялі палёты самалётаў Boeing 737 MAX. Прычынай сталі дзьве авіякатастрофы з удзелам гэтага лайнэра за паўгода: 29 кастрычніка 2018 у Інданэзіі разьбіўся самалёт кампаніі Lion Air, а 10 сакавіка 2019-а ў Этыёпіі — самалёт Ethiopian Airlines, сумарна ў абедзьвюх катастрофах загінулі 346 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG