Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці — дасьледчыца мовы Коласа, сам ствараў умовы расейскім інвэстарам. Што вядома пра новага міністра эканомікі Юрыя Чабатара


Юры Чабатар, міністар эканомікі Беларусі і прэм'ер Раман Галоўчанка
Юры Чабатар, міністар эканомікі Беларусі і прэм'ер Раман Галоўчанка

Новы міністар эканомікі адпрацаваў у ведамстве больш за 20 гадоў. Апошнім часам ён шмат займаўся тэмай імпартазамяшчэньня і замежных інвэстыцый.

Аляксандар Лукашэнка 4 студзеня зрабіў шэраг кадравых прызначэньняў. Сярод іншага была занятая пасада міністра эканомікі. Яна заставалася вакантнай пасьля таго, як былога міністра Аляксандра Чарвякова прызначылі паслом Беларусі ў Кітаі.

Новым міністрам стаў 44-гадовы Юры Чабатар. Апошнія чатыры гады ён быў першым намесьнікам міністра. Свабода пацікавілася, што вядома пра гэтага чыноўніка.

Бацька — інжынэр, маці — філёляг

Юры Чабатар нарадзіўся ў 1979 годзе ў Менску. Хадзіў у школу № 123 у Серабранцы. Паводле зьвестак BelPol, бацька будучага чыноўніка Адам Чабатар доўгі час працаваў вядучым інжынэрам-канструктарам на ААТ «КБТЭМ-ОМА». Прадпрыемства займаецца распрацоўкай спэцыяльнага оптыка-мэханічнага, тэхналягічнага і кантрольна-вымяральнага абсталяваньня.

Маці Юрыя Чабатара Надзея Андрэеўна працавала ў Інстытуце мовазнаўства НАН. Яна сумесна з Ганнай Арашонкавай склала «Тлумачальны слоўнік адметнай лексыкі ў творах Якуба Коласа». Таксама ў спадарыні Надзеі шмат іншых публікацый, прысьвечаных розным аспэктам мовы Якуба Коласа.

Усё жыцьцё ў Міністэрстве эканомікі

У 2002 годзе Юры Чабатар скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт, улікова-эканамічны факультэт. Пасьля гэтага паступіў у асьпірантуру Навукова-дасьледчага эканамічнага інстытуту Міністэрства эканомікі.

Па сканчэньні асьпірантуры (2003) стаў працаваць у Міністэрстве эканомікі галоўным эканамістам аддзелу машынабудаўніцтва і мэталюргіі Дэпартамэнту эканомікі прамысловасьці, транспарту і сувязі.

У 2016 годзе Чабатара прызначылі намесьнікам міністрам, а ў 2020-м — першым намесьнікам, калі ведамства ўзначаліў Аляксандар Чарвякоў.

У сьнежні 2023 году прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка ўзнагародзіў Юрыя Чабатара мэдалём «За працоўныя заслугі».

Ствараў умовы для нарошчваньня расейскага капіталу ў Беларусі

Апошнім часам галоўным кірункам працы Юрыя Чабатара ў Мінэканомікі была праца ў імпартазамяшчэньні. Менавіта ён агучваў пазыцыі прадукцыі, якія патрабуюць стварэньня вытворчасьці ў Беларусі.

Другім яго важным кірункам была праца зь інвэстарамі, найперш расейскімі. Чабатар казаў, што Беларусь стварае максымальна магчымыя ўмовы для прыходу ў краіну замежных інвэстараў.

«Сёньня інвэстклімат краіны гатовы мяняцца пад запыты расейскіх партнэраў», — казаў Чабатар на Беларускім інвэстыцыйным форуме ў Маскве.

Іншая цытата цяперашняга міністра: «Рэалізацыя праграмы „Беларусь — Расея“ ўзмоцніць эканамічную інтэграцыю між рэгіёнамі дзьвюх краін. Створаны ўсе ўмовы для нарошчваньня прытоку расейскага капіталу ў Беларусь», — казаў чыноўнік.

Жонка працавала прадавачкай

Пра палітычныя падзеі ў Беларусі Юры Чабатар амаль ніяк не выказваўся. У 2022 годзе, калі Аляксандар Лукашэнка праводзіў рэфэрэндум аб зьменах у Канстытуцыі, Чабатар сказаў наступнае:

«Сёньня не стаіць выбару між прынцыпова рознымі вэктарамі разьвіцьця эканомікі. Бо ўжо сфармаваныя ўласныя нацыянальныя традыцыі дзяржаўнага будаўніцтва і кіраваньня. Галіны ўлады плённа ўзаемадзейнічаюць адна з адной, аб’яднаныя агульнай мэтай — умацоўваць нашу родную Беларусь і ствараць умовы для стабільнага павышэньня дабрабыту», — казаў чыноўнік у дзень пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне.

Паводле зьвестак BelPol, жонка Юрыя Чабатара Кацярына ў свой час працавала прадавачкай у Старых Дарогах. Калі меркаваць са старонкі міністра ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники», то ў яго таксама шмат сваякоў у Старых Дарогах. Апошнім часам Кацярына Чабатар была прадаўцом у РУП «МАЗ».

Сям’я жыве ў мікрараёне Каменная Горка ў Менску. У пары двое дзяцей, яны яшчэ школьнікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG