Газэта Financial Times апублікавала традыцыйныя прагнозы на будучы год, якія тычацца ў тым ліку палітычных, эканамічных і бізнэс-працэсаў.
Асноўнае:
Ці стане Дональд Трамп зноў прэзыдэнтам ЗША?
Не.
Але – калі выказаць здагадку, што нядаўнія юрыдычныя перашкоды, якія ўзьніклі супраць Трампа ў Каларада і Мэн, будуць пераадоленыя – ягоная кампанія супраць Джо Байдэна стане самымі жахлівымі прэзыдэнцкімі выбарамі ў гісторыі ЗША. Трампа засудзяць прынамсі ў рамках аднаго з чатырох працэсаў яшчэ да галасаваньня, а сам ён прадставіць гэта як палітычны перасьлед з боку сям'і Байдэна, прадказвае выданьне.
Ці пераўзыйдзе 2024 год сёлетні ў сьпякоце?
Так.
2023 год быў адзначаны такой колькасьцю высокіх экстрэмальных тэмпэратур, што ён амаль напэўна стане самым гарачым за 174 гады кліматычных рэкордаў, калі будуць падведзеныя канчатковыя лічбы. Але многія навукоўцы чакаюць, што 2024 год будзе яшчэ гарачэйшым.
Ці выкліча вайна Ізраілю і ХАМАС поўнамаштабны рэгіянальны канфлікт?
Не.
Вайна выклікала гвалт ва ўсім рэгіёне з удзелам баевікоў, якіх падтрымлівае Іран. Найбольшую занепакоенасьць выклікае тое, што памежныя сутыкненьні паміж Хізбалой, магутным лібанскім рухам, і ізраільскімі сіламі перарастаюць у поўнамаштабны канфлікт паміж імі.
Ні Вашынгтон, ні Тэгеран ня хочуць больш шырокага рэгіянальнага канфлікту, таму ёсьць надзея, што «дыпляматычны ціск не дапусьціць выхаду сытуацыі з-пад кантролю», піша FT.
Ці працягнуць ЗША і ЭЗ фінансаваць Украіну?
Так.
Паколькі контранаступ Украіны супраць уварваньня Расеі спыніўся ў канцы 2023 году, ваенная і фінансавая падтрымка Кіева стала спрэчным пытаньнем па абодва бакі Атлянтыкі. Адміністрацыя Байдэна поўная рашучасьці працягваць пастаўкі. Аднак вялікі выклік паўстане, калі Дональд Трамп вернецца на пасаду прэзыдэнта.
Тым часам лідэры ЭЗ павінны знайсьці спосабы ў пачатку 2024 года абыйсьці вета Вугоршчыны на пакет фінансавай дапамогі ў 50 мільярдаў эўра. Але Ўкраіне, хутчэй за ўсё, усё яшчэ будзе цяжка зьдзейсьніць ваенны прарыў, таму на яе будзе ўзрастаць ціск, каб яна пачала перамовы з Масквой.
Ці збанкрутуе кампанія Х?
Так.
Кампанія X (былая Twitter) збанкрутуе. Рэклямадаўцы адмаўляюцца ад разьмяшчэньня ў сацсетцы, а спробы ўладальніка карпарацыі Ілона Маска стварыць новыя крыніцы даходу церпяць няўдачу. Пры гэтым Маск можа аказацца «дастаткова безразважным», каб думаць, што «перажыве банкруцтва і ўсё роўна застанецца на вяршыні», адзначаюць журналісты.
- Летась у сваіх прагнозах экспэрты FT памыліліся толькі ў трох адказах: адносна падзеньня індэксу S&P 500, адключэньняў электраэнэргіі ў Эўропе і чарады дэфолтаў у Афрыцы.
Іншыя прагнозы ад Financial Times тычацца яшчэ шэрагу пытаньняў, многія зь якіх тычацца брытанскай сфэры зацікаўленьня:
- Ці змогуць ЗША дабіцца «мяккай пасадкі» па інфляцыі? – Так, у кароткатэрміновай пэрспэктыве.
- Ці спадзе эканамічны рост Кітаю да 3% ці менш? – Не.
- Ці будзе Сэм Олтмэн зноў звольнены з OpenAI? – Не.
- Ці зможа Ўршуля фон дэр Ляен пераабрацца на другі тэрмін на пасадзе прэзыдэнта Эўракамісіі? – Так, зь некаторым намаганьнем.
- Ці змогуць аднаўляльныя крыніцы энэргіі абагнаць вугаль у сусьветнай вытворчасьці электраэнэргіі? – Не.
- Ці будуць інвэстары вяртацца да аблігацыяў? – Так.
- Ці адкрыюцца рынкі капіталу для IPO (першаснае разьмяшчэньне акцый)? – Так.
- Ці стане Кір Стармэр прэм'ер-міністрам Вялікабрытаніі? – Так.
- Ці ўзьніме Банк Японіі стаўку вышэй за нуль? – Не.
- Ці ўпадзе колькасьць галасоў Афрыканскага Нацыянальнага Кангрэса ніжэй за 50% на выбарах у Паўднёвай Афрыцы? – Так.
- Ці будзе Аргентына далярызаваць сваю эканоміку? – Не.
- Ці зможа Novo Nordisk (лекі ад атлусьценьня) завяршыць год як самая дарагая кампанія Эўропы? – Так.