Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Азіраючыся на 2023-і: чые прагнозы спраўдзіліся?


Напрыканцы 2022 году мы задалі 21 экспэрту 17 пытаньняў пра тое, чаго чакаць у Беларусі і сьвеце ў 2023 годзе. Сёньня, калі год адлічвае апошнія дні, настаў час падсумаваць вынікі і вызначыць, чые прагнозы аказаліся найбольш дакладнымі.

На нашы пытаньні адказвалі наступныя экспэрты:

  • Рыгор Астапеня, доктар палітычных навук, дырэктар па дасьледаваньнях у Цэнтры новых ідэяў (Варшава, Польшча);
  • Тацяна Ашуркевіч, палітычная аглядальніца;
  • Аляксандар Атрошчанкаў, аўтар і сузаснавальнік выданьня Reform.by;
  • Дзьмітры Балкунец, палітычны камэнтатар;
  • Сяргей Богдан, доктар палітычных навук, навуковы супрацоўнік Свабоднага ўнівэрсытэту Бэрліну (Нямеччына);
  • Павал Вусаў, доктар палітычных навук, дырэктар Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу (Варшава, Польшча);
  • Арцём Гарбацэвіч, намесьнік галоўнага рэдактара газэты «Наша ніва»;
  • Валер Карбалевіч, палітычны аглядальнік Радыё Свабода;
  • Аляксандар Класкоўскі, палітычны аглядальнік праекту «Позірк»;
  • Алена Кудзько, паліталягіня, дырэктарка міжнароднага аналітычнага цэнтру GLOBSEC Policy Institute (Браціслава, Славаччына);
  • Вераніка Лапуцька, паліталягіня, сузаснавальніца дасьледнага цэнтру EAST Center (Варшава, Польшча);
  • Зьміцер Лукашук, рэдактар «Эўрапейскага радыё для Беларусі»;
  • Вадзім Мажэйка, доктар культуралёгіі, палітычны аналітык і кансультант, каардынатар экспэртнай сеткі «Наша меркаваньне»;
  • Павал Мацукевіч, старшы аналітык Цэнтру новых ідэй (Варшава, Польшча), былы часовы павераны ў справах Беларусі ў Швайцарыі;
  • Марына Рахлей, паліталягіня, экспэртка Нямецкага фонду Маршала ЗША (Бэрлін, Нямеччына);
  • Леся Руднік, паліталягіня, дасьледчыца Цэнтру новых ідэй (Варшава, Польшча), дактарантка паліталёгіі ва Ўнівэрсытэце Карлстаду (Швэцыя);
  • Павал Сьлюнькін, экспэрт Эўрапейскай рады міжнародных адносін, былы супрацоўнік упраўленьня Эўропы ў МЗС Беларусі;
  • Ігар Тышкевіч, палітоляг, экспэрт Украінскага інстытуту будучыні;
  • Тацяна Чуліцкая, паліталягіня, дасьледчыца Гарадзкога ўнівэрсытэту Манчэстэру (Вялікая Брытанія);
  • Віталь Цыганкоў, палітычны аглядальнік Радыё Свабода;
  • Кацярына Шмаціна, паліталягіня, дасьледчыца крытычнай геапалітыкі, дактарантка Вірджынскага тэхналягічнага ўнівэрсытэту (Блаксбэрг, ЗША).


Напачатку 2023 году іх адказы былі апублікаваныя.

Тады ж быў апублікаваны мой аналіз прагнозаў як чаканьняў прынамсі аналітычнай супольнасьці. «Лейтматыў гэтых чаканьняў — тое, што па вялікім рахунку сёлета ў Беларусі нічога ня зьменіцца», — прыходзіў я да высновы тады.

Прагнозы экспэртаў Свабоды: 2023 — год паўзы

Што ж з прагнозаў і чаканьняў леташняга сьнежня спраўдзілася ў 2023 годзе?

Правільныя адказы

1. Які будзе курс рубля адносна даляра ЗША на канец 2023 году?

На 30 сьнежня 2022 году афіцыйны курс даляра паводле НББ складаў 2,74 рубля. На 23 сьнежня 2023 году ён складаў 3.19 рубля за даляр.

Найбольш дакладныя адказы на гэта пытаньне далі Леся Руднік, Марына Рахлей і Ігар Тышкевіч.

2. Які напрыканцы 2023 году будзе сярэдні заробак у даляравым эквіваленце?

Паводле Белстату, у кастрычніку 2023 году намінальны сярэдні налічаны заробак па краіне склаў 1971.2. Паводле курсу Нацыянальнага банку на 1 лістапада гэта 623 даляры ў эквіваленце.

Найбольш дакладны прагноз далі Павал Сьлюнькін і Ігар Тышкевіч. Лічбы, блізкія да сапраўднага сярэдняга заробку ў канцы 2023 году, назвалі Рыгор Астапеня, Аляксандар Атрошчанкаў, Вераніка Лапуцька, Павал Мацукевіч, Леся Руднік і Віталь Цыганкоў.

3. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2023 году?

У сьнежні 2023 году кіраўніком ураду Беларусі заставаўся Раман Галоўчанка, прызначаны на гэтую пасаду ў чэрвені 2020 году. Галоўчанка — 10-ы прэм’ер-міністар Беларусі з часу здабыцьця краінай незалежнасьці. Ён займае гэтую пасаду ўжо даўжэй, чым пяцёра зь ягоных папярэднікаў — Міхаіл Чыгір, Сяргей Лінг, Уладзімер Ярмошын, Генадзь Навіцкі і Сяргей Румас.

Сёлета ў чэрвені Аляксандар Лукашэнка заявіў, што калі напрыканцы году ня будзе дасягнуты заплянаваны рост эканомікі, ён запатрабуе, каб Галоўчанка падаў у адстаўку.

Рост ВУП на заплянаваныя 3.8% напрыканцы году быў дасягнуты, Галоўчанка захаваў сваю пасаду.

Раман Галоўчанка
Раман Галоўчанка

Гэта прадказвалі 15 з 21-го экспэрта, 2 экспэрты меркавалі, што ўрад узначаліць Натальля Качанава, цяперашняя старшыня Савету Рэспублікі.

4. Ці адбудуцца ў Беларусі ў 2023 годзе масавыя пратэсты, мірныя альбо нямірныя?

Масавых пратэстаў у 2023 годзе ў Беларусі не было.

Марш «Новай Беларусі», Менск, 23 жніўня 2020
Марш «Новай Беларусі», Менск, 23 жніўня 2020

Правільны прагноз па гэтым пытаньні давалі 13 экспэртаў, толькі двое меркавалі, што масавыя пратэсты пэўна будуць. Яшчэ 6 экспэртаў давалі ўмоўны прагноз: калі Беларусь будзе ўцягнутая ў вайну сваім войскам, то пратэсты магчымыя, калі не — то не.

5. Колькі ў Беларусі будзе палітвязьняў у канцы 2023 году?

Па стане на 26 сьнежня 2022 году ў Беларусі, паводле ацэнак праваабарончай супольнасьці, налічваўся 1441 палітвязень. Па стане на 22 сьнежня 2023 году ў Беларусі, паводле ацэнак праваабарончай супольнасьці , былі 1483 палітвязьні.

Зьлева направа: палітвязьні Марыя Калесьнікава, Максім Знак, Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі, Віктар Бабарыка, Мікалай Статкевіч. Каляж Свабоды
Зьлева направа: палітвязьні Марыя Калесьнікава, Максім Знак, Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі, Віктар Бабарыка, Мікалай Статкевіч. Каляж Свабоды

Найбольш дакладнымі ў прагнозе па гэтым пытаньні аказаліся Дзьмітры Балкунец, Зьміцер Лукашук, Павал Сьлюнькін, Павал Мацукевіч і Марына Рахлей. 5 экспэртаў прадказвалі, што палітвязьняў будзе значна, на некалькі соцень чалавек, менш, чым было насамрэч на канец году, яшчэ 7 экспэртаў прадказвалі, што палітвязьняў будзе значна, ізноў жа — на некалькі сотняў, больш.

6. Ці ўступіць беларускае войска ў вайну ва Ўкраіне на баку Расеі на працягу 2023 году?

У 2023 годзе беларускае войска не ўступіла ў вайну ва Ўкраіне.

Беларускія дэсантнікі, ілюстрацыйнае фота
Беларускія дэсантнікі, ілюстрацыйнае фота

Менавіта такое разьвіцьцё падзеяў прадказвала год таму палова з апытаных экспэртаў (10 з 21-го), 6 экспэртаў далі пэўны прагноз, што беларускае войска пашлюць ваяваць.

7. Ці ўчыняць расейскія войскі наземны напад на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі?

Расейскія войскі не ўчынілі наземнага нападу на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі. Абстрэлы Ўкраіны з тэрыторыі Беларусі, якія спыніліся ў кастрычніку 2022 году, не аднаўляліся на працягу ўсяго 2023 году.

Напрыканцы 2023 году ў Беларусі заставаўся невялікі кантынгент расейскіх вайскоўцаў — да 2 тысячаў чалавек. Расейскія мабілізаваныя, якія праходзілі ў Беларусі вайсковую падрыхтоўку, увесну былі выведзеныя з краіны. Найміты з ПВК «Вагнэр», уведзеныя ў Беларусь пасьля мяцяжу Яўгенія Прыгожына, былі збольшага выведзеныя з краіны пасьля гібелі Прыгожына.

Сумесныя вучэньні байцоў ПВК «Вагнэр» і беларускіх вайскоўцаў
Сумесныя вучэньні байцоў ПВК «Вагнэр» і беларускіх вайскоўцаў

Новае ўварваньне расейскіх войскаў ва Ўкраіну прадказвалі дзьве траціны экспэртаў — 14 чалавек. Што гэтага ўварваньня ня будзе, прагназавалі Рыгор Астапеня, Арцём Гарбацэвіч, Валер Карбалевіч, Аляксандар Класкоўскі і Марына Рахлей.

8. Ці скончыцца ў 2023 годзе вайна Расеі з Украінай? Калі так, то чым яна скончыцца?

Вайна Расеі з Украінай ня скончылася ў 2023 годзе. Напачатку лістапада 2023 году галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Ўкраіны Валер Залужны заявіў, што вайна пераходзіць у пазыцыйную фазу.

Украінскія вайскоўцы вядуць вагонь па праціўніку
Украінскія вайскоўцы вядуць вагонь па праціўніку

Большасьць экспэртаў (15) год таму прадказвалі, што вайна сёлета ня скончыцца.

9. Ці застанецца напрыканцы 2023 году Аляксандар Лукашэнка асобай, якая рэальна кантралюе сытуацыю ў Беларусі?

Сувэрэнітэт Беларусі ў вайсковай сфэры быў абмежаваны пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі ў лютым 2022 году. Тым ня менш, Лукашэнка ў 2023 годзе захоўваў рэальны кантроль прынамсі над унутранай палітыкай Беларусі.

Аляксандар Лукашэнка на ўрадавай нарадзе
Аляксандар Лукашэнка на ўрадавай нарадзе

17 экспэртаў у сьнежні 2022 году меркавалі, што Лукашэнка застанецца пры ўладзе, хаця пераважная большасьць зь іх прадказвала, што ступень яго самастойнасьці яшчэ больш зьменшыцца.

10. Ці застанецца напрыканцы 2023 году Ўладзімір Пуцін прэзыдэнтам Расеі?

Пуцін застаўся прэзыдэнтам Расеі ў 2023 годзе. Напрыканцы году ён абвясьціў, што возьме ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах у РФ у сакавіку 2024 году.

Яўгеній Прыгожын і Ўладзімір Пуцін, лістапад 2011
Яўгеній Прыгожын і Ўладзімір Пуцін, лістапад 2011

У гэтым пытаньні экспэрты прадэманстравалі амаль поўнае адзінадушша, 19 з 21-го прадказвалі, што ў Крамлі ў 2023 годзе застанецца Пуцін.

11. Колькі разоў на працягу 2023 году Аляксандар Лукашэнка сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным?

У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін сустракаліся 9 разоў. У лістападзе Пуцін наведаў Менск, дзе адбыўся саміт АДКБ, у якой Беларусь сёлета старшынявала.

Апошняя сустрэча Лукашэнкі і Пуціна заплянаваная на апошнія дні сьнежня ў Санкт-Пецярбургу на самітах ЭАЭС і СНД. Летась яны сустракаліся 12 разоў — у сярэднім раз на месяц.

Найбольш дакладна колькасьць сустрэчаў двух палітыкаў прадказалі Валер Карбалевіч і Леся Руднік (8), даволі дакладнымі аказаліся ў прагнозах Рыгор Астапеня і Дзьмітры Балкунец (10), а таксама Тацяна Ашуркевіч, Аляксандар Класкоўскі і Віталь Цыганкоў (7).

12. Ці будзе існаваць у канцы 2023 году Абʼяднаны пераходны кабінэт?

Абʼяднаны пераходны кабінэт захаваўся да канца 2023 году. Яго шэрагі пакінулі Тацяна Зарэцкая і Аляксандар Азараў, новымі чальцамі Кабінэту сталі Вольга Гарбунова і Аліна Коўшык.

Зьлева направа: Павал Латушка, Сьвятлана Ціханоўская, Аліна Коўшык, Вольга Гарбунова
Зьлева направа: Павал Латушка, Сьвятлана Ціханоўская, Аліна Коўшык, Вольга Гарбунова

Пераважная частка экспэртаў (18) год таму прадказвалі, што Кабінэт захаваецца да канца 2023 году.

13. Ці адбудзецца ў 2023 годзе афіцыйная сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім?

Сёлета ў траўні на цырымонію ўручэньня Зяленскаму прэміі Карла Вялікага была запрошаная Ціханоўская, як леташняя ляўрэатка гэтай прэміі. Адбылася сустрэча і пацісканьне рук паміж палітыкамі. Афіцыйнага візыту Ціханоўскай ва Ўкраіну не было, як і яе афіцыйнай сустрэчы з прэзыдэнтам Украіны.

Сьвятлана Ціханоўская паціскае руку Ўладзіміру Зяленскаму, Ахен, Нямеччына, травень 2023
Сьвятлана Ціханоўская паціскае руку Ўладзіміру Зяленскаму, Ахен, Нямеччына, травень 2023

17 экспэртаў і прадказвалі, што сёлета не адбудзецца афіцыйнай сустрэчы Ціханоўскай зь Зяленскім і толькі трое — што адбудзецца.

14. Колькі дзяржаў прызнаюць Сьвятлану Ціханоўскую прэзыдэнтам-электам Беларусі?

На працягу году прадстаўнікі ўрадаў заходніх краінаў неаднаразова называлі Ціханоўскую дэмакратычнай лідэркай Беларусі, прадстаўніцай беларускага народу.

Сёлета адбыўся першы раўнд стратэгічнага дыялёгу паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі на чале зь Ціханоўскай і ўладамі ЗША. ЗША падтрымліваюць стратэгічны дыялёг з больш чым 50 краінамі сьвету, але на ўзроўні ўрадаў. Стратэгічны дыялёг з дэмакратычнымі сіламі Беларусі можна разглядаць і як выключэньне з правіла, і як сьледаваньне яму.

У інтэрвію Свабодзе міністар замежных справаў Швэцыі Тобіяс Більстрэм заявіў, гаворачы пра Ціханоўскую: «Мы прызнаём яе асобай, якая перамагла на выбарах і якая па праву павінна стаць інаўгураваным прэзыдэнтам Беларусі».

Прызначаны ў сьнежні 2023 году новы міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў адказ на віншаваньне з прызначэньнем падзякаваў Ціханоўскую, назваўшы яе прэзыдэнткай.

Пры гэтым варта адзначыць, што і Швэцыя, і Польшча працягваюць трымаць свае амбасады ў Менску.

Міністар замежных справаў Швэцыі Тобіяс Більстрэм і Сьвятлана Ціханоўская, Вільня, лістапад 2023
Міністар замежных справаў Швэцыі Тобіяс Більстрэм і Сьвятлана Ціханоўская, Вільня, лістапад 2023

Леся Руднік прадказвала год таму, што ў 2023 годзе Ціханоўскую прызнаюць прэзыдэнтам-электам 2 краіны; Аляксандар Класкоўскі, Алена Кудзько і Ігар Тышкевіч — што адна. 10 з апытаных экспэртаў тады сказалі, што такога прызнаньня ня зробіць ніводная дзяржава.

15. Колькі дзяржаў прызнаюць Беларусь краінай, акупаванай Расеяй?

Ніводная дзяржава сьвету не прызнала Беларусь акупаванай Расеяй.

Прагноз, што так і будзе, дала палова (11) апытаных летась экспэртаў.

16. Колькі пакетаў санкцый прыме Эўразьвяз адносна Беларусі на працягу 2023 году?

Сёлета Эўразьвяз прыняў два пакеты санкцыяў адносна Беларусі — у жніўні і ў сьнежні. У жнівеньскі пакет санкцыяў адносна Беларусі трапілі 3 прадпрыемствы і 38 фізычных асобаў. Сьнежаньскі пакет санкцыяў уключыў у санкцыйны сьпіс 12 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў.

Траціна экспэртаў дакладна спрагназавалі колькасьць санкцыйных пакетаў. Гэта Тацяна Ашуркевіч, Павал Вусаў, Алена Кудзько, Павал Мацукевіч, Марына Рахлей, Віталь Цыганкоў і Кацярына Шмаціна.

17. Ці патэлефануе Лукашэнку хто-небудзь з кіраўніцтва краін Эўразьвязу ці ЗША?

Ніхто зь кіраўнікоў краінаў ЭЗ ці ЗША не патэлефанаваў сёлета Лукашэнку.

Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Дакладны прагноз далі летась 6 экспэртаў — Аляксандар Атрошчанкаў, Валер Карбалевіч, Зьміцер Лукашук, Марына Рахлей, Леся Руднік і Віталь Цыганкоў. Пры гэтым удвая больш экспэртаў прадказвалі, што такое тэлефанаваньне адбудзецца.

Камэнтар Юрыя Дракахруста

2023 год шмат у чым аказаўся, сапраўды, «годам паўзы», як і прадказвала (ці прадчувала) большасьць экспэртаў, апытаных Свабодай напрыканцы 2022 году.

  • Галоўчанка застаўся прэмʼерам Беларусі,
  • Лукашэнка захаваў кантроль над Беларусьсю,
  • Пуцін застаўся прэзыдэнтам Расеі,
  • Абʼяднаны пераходны кабінэт дэмакратычных сілаў працягваў сваю дзейнасьць,
  • вайна ва Ўкраіне ня скончылася,
  • не адбылося афіцыйнай сустрэчы Ўладзіміра Зяленскага і Сьвятланы Ціханоўскай

— усё гэта год таму прадказвалі прынамсі дзьве траціны з апытаных Свабодай 21 экспэрта.

Яшчэ па некалькіх пытаньнях адказы, што сытуацыя ня зьменіцца ў параўнаньні з 2022 годам, складалі альбо палову, альбо перавышалі колькасьць прагнозаў, што зьмены адбудуцца.

Большасьць экспэртаў прадказвала, што масавых пратэстаў у Беларусі сёлета ня будзе (13) і што ніводная краіна сьвету не прызнае Беларусь акупаванай Расеяй (11) — дасягненьне такога прызнаньня абвяшчалася напрыканцы 2022 году галоўнай мэтай Абʼяднанага пераходнага кабінэту. Тое, што сёлета беларускае войска ўступіць у вайну, прадказвалі 6 экспэртаў, што ня ўступіць — 10.

У маёй аналітыцы меркаваньняў экспэртаў адносна 2023 году адзначалася: «Прагнозы 18 апытаных аб курсе палягалі ў адносна вузкім інтэрвале 2,7–3,3 рубля за даляр». Менавіта ў гэтым інтэрвале курс і апынуўся напрыканцы 2023 году.

Колькасьць палітвязьняў паводле праваабарончай супольнасьці за год павялічылася з 1441-го да 1483-х. Некалькі сотняў палітвязьняў выйшлі з-за кратаў, цалкам адбыўшы тэрміны, некалькі сотняў беларусаў, якія атрымалі прысуды ў справах з палітычнай матывацыяй, адправіліся сёлета ў калёніі і турмы. Сярэдні прагноз апытаных Свабодай экспэртаў на канец 2023 году складаў 1660 палітвязьняў. Іх аказалася крыху менш, даволі дакладны прагноз у гэтым пытаньні далі 5 экспэртаў.

У чым большасьць (14 экспэртаў) памылілася — дык гэта ў прагнозе, што ў 2023 годзе расейскае войска ўчыніць новы напад на Ўкраіну: толькі 5 экспэртаў прадказвалі, што гэтага не адбудзецца. Падставы чакаць гэтага нападу былі — напрыканцы 2022 году тысячы расейскіх мабілізаваных завезьлі ў Беларусь, дзе яны праходзілі вайсковы вышкал. Галоўнакамандуючы ўкраінскім войскам Валер Залужны напрыканцы 2022 году пісаў, што новы ўдар па Ўкраіне зь Беларусі — даволі імаверны сцэнар на 2023 год. Тым ня менш, гэтага нападу ў 2023 годзе не адбылося.

Сюжэт зь мяцяжом Яўгенія Прыгожына і наступным разьмяшчэньнем злучэньняў ПВК «Вагнэр» у Беларусі напрыканцы 2022 году здаваўся фантастыкай. Зразумела, ніхто не прагназаваў нічога падобнага. Але пасьля гібелі Прыгожына пераважная частка вагнэраўцаў пакінула Беларусь, і ў выніку гэты фактар беларускай палітыкі як у 2023 годзе ўзьнік, гэтак жа сёлета фактычна і зьнік.

Экспэртам год таму не задавалася пытаньне наконт разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. Гэта мая віна як складальніка анкеты. У 2022 годзе Лукашэнка 8 разоў заяўляў пра магчымасьць пры пэўных умовах такога кроку. Аднак самі экспэрты ў канцы 2022 году не заяўлялі, што такая магчымасьць у 2023 годзе можа стаць рэчаіснасьцю.

Падводзячы вынікі, адзначу, што найбольшую колькасьць дакладных прагнозаў на 2023 год (14) даў Віталь Цыганкоў. На другім месцы паводле дакладнасьці (13) апынуліся Рыгор Астапеня і Валер Карбалевіч. На 11 пытаньняў далі дакладныя адказы Тацяна Ашуркевіч, Павал Мацукевіч, Марына Рахлей, Леся Руднік і Павал Сьлюнькін.

Напачатку 2024 году на сайце Свабоды — прагнозы экспэртаў наконт таго, што можа чакаць краіну і сьвет у новым годзе.

XS
SM
MD
LG