Былых першага намесьніка генэральнага дырэктара ААТ «БелАЗ» Алега Сьцепука і намесьніка генэральнага дырэктара ААТ «МТЗ» Сяргея Сіраценку, а таксама іншых службовых асоб названых прадпрыемстваў абвінавацілі ў атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры, у тым ліку групай асоб па папярэдняй змове, гаворыцца ў паведамленьні Генпракуратуры.
Згодна з рашэньнем суду Фрунзэнскага раёну Менску, Сьцепука прызналі вінаватым паводле ч. 3 арт. 430 КК і прызначылі 11 зьняволеньня гадоў з пазбаўленьнем права займаць кіроўныя пасады на 5 гадоў.
На той жа тэрмін паводле адпаведнага артыкулу асудзілі і Сіраценку. Яму таксама прызначылі дадатковыя пакараньні ў выглядзе штрафу ў памеры 2500 базавых велічынь (92,5 тыс. рублёў) і пазбаўленьня права займаць кіроўныя пасады на 5 гадоў.
Іншым службовым асобам прадпрыемстваў суд прызначыў пакараньне ад 7 да 12 гадоў зьняволеньня са штрафам у памеры ад 1000 (37 тыс. рублёў) да 2000 (74 тыс. рублёў) базавых велічынь з пазбаўленьнем права займаць кіроўныя пасады на 5 гадоў.
Маёмасьць абвінавачаных, на якую раней быў накладзены арышт, пакінута пад арыштам у лік забесьпячэньня выкананьня прысуду ў частцы маёмасных спагнаньняў.
Прысуд у законную сілу не ўступіў, можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апэляцыйным парадку.