У Беларусі зноў праходзіць пераднавагодняя акцыя «Нашы дзеці» — дарослыя езьдзяць у дамы-інтэрнаты і спэцыялізаваныя школы, ладзяць сьвяточныя канцэрты і балі, арганізоўваюць тэлемаратон (у мінулым годзе дапамаглі 33 сем’ям, а ў гэтым, з удзелам усіх магчымых адміністрацыйных рэсурсаў, сабралі ажно 97 тысяч рублёў — менш за 30 тысяч эўра).
Як на мяне, гучыць гэта ўсё ня надта натхняльна — і такая мізэрная сума збору, і сьвяточныя прыезды да дзяцей, што засталіся без бацькоў. Людзі, якія сыстэмна займаюцца дапамогай такім дзецям, у адзін голас кажуць, што такія разавыя прыезды з горамі падарункаў толькі шкодзяць, але людзі з улады, якім галоўнае — адсправаздачыцца, ня надта прыслухоўваюцца да тых, хто сапраўды хоча дзецям дапамагчы.
Але сёлета акцыя, якой прысьвяцілі цэлы разьдзел на прапагандысцкім рэсурсе БелТА, прыцягнула маю ўвагу іншым. Яна стала добрай мэтафарай для апісаньня вынікаў году ў Беларусі ў цэлым.
Лукашэнка кажа, што ў Беларусі няма чужых дзяцей, і я ня ўпэўнена, які кантэкст гэтага выказваньня больш цікавы — той факт, што ў Беларусь вывезьлі скрадзеных украінскіх дзяцей, ці той, што сярод палітзьняволеных ёсьць і падлеткі, і шматдзетныя мамы і таты. Асобна ўзгадваецца Арына Яцюк — 15-гадовая ўкраінская дзяўчынка, якую скралі на радзіме расейскія вайскоўцы і чыё цела праляжала ў Мазырскім моргу паўтара года. Міністэрства замежных спраў у адказ на адпаведны запыт казала, што такой дзяўчыны ў Беларусі няма. Гэткі прыватны выпадак таго самага «ў Беларусі няма чужых дзяцей».
Хлусьня, хлусьня і яшчэ раз хлусьня — вось якім быў гэты год на маёй радзіме. Колькім людзям давялося абтэлефаноўваць міліцэйскія пастарункі і ізалятары ў пошуках сваіх родных і чуць ілжывае «ў нас яго няма», «да нас такую не прывозілі»! Колькі дзяцей страцілі надзею сустрэць гэты Новы год разам з мамай альбо татам, бо тых несправядліва пасадзілі ў турму, адмовілі ў абяцаным памілаваньні ці ўвогуле дадалі новы тэрмін! Колькіх людзей пазбавілі спатканьняў з роднымі, колькіх кідалі ў карцар, колькім давялося ўначы прабірацца празь дзяржаўную мяжу разам зь дзецьмі, каб уратавацца ад рэпрэсій! Так-так, з тымі самымі дзецьмі, якія ў Беларусі нібыта не чужыя.
А колькіх дзяцей адабралі ў любячых бацькоў, замест таго каб дапамагчы сям’і з грашыма і працай! Я разумею, вядома, што такім чынам дзяржава акурат зрабіла іх сваімі, а не чужымі (бацькоўскімі), але, здаецца, фраза «няма чужых дзяцей» значыць троху іншае...
Гэта даўно не навіна, але я ўсё ж паўтару: гэтаму рэжыму пляваць на дзяцей, і ўсё, што ён робіць, накіравана толькі на падтрымку самога сябе. На стварэньне паралельнага, ілюзорнага сьвету, у якім пра беларускіх дзяцей клапоцяцца ўлады.
Але рэальны сьвет ня мае з гэтай ілюзіяй нічога агульнага. У рэальнасьці беларускія дзеці пішуць лісты мамам і татам у турмы, часам ня могуць атрымаць неабходную мэдычную дапамогу, бо мэдыкаў масава саджаюць у турмы і літаральна выціскаюць з краіны. І ў школе даўно ўжо ня вучаць добраму, сьветламу і вечнаму. Цяпер гэта проста цэнтар ідэалягічнай падрыхтоўкі, у якім пішуць даносы за няправільны колер стужак у валасах.
Як той казаў, цяпер мы знаходзімся ў гэтым гістарычным моманце: дзяржава хваліцца тым, што прывозіць дзяцей з часова акупаваных тэрыторый іншай дзяржавы. А сваіх дзяцей кідае ў турму за палітычную неляяльнасьць.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.