Стральба адбылася ў гандлёвым цэнтры Paddock Mall прыкладна а 15:40 па мясцовым часе, паведамляе «Голас Амэрыкі». Гандлёвы цэнтар быў ачэплены паліцыяй і эвакуаваны.
Па словах паліцыянтаў, падазраваны ўцёк, але інцыдэнт больш не лічыцца «сытуацыяй, якая разьвіваецца, з актыўнай стральбой». Пры гэтым паліцэйскае ўпраўленьне Акалы заклікала людзей пазьбягаць гэтага раёна. Паліцыя праводзіць другасную праверку гандлёвага цэнтра.
Улады зьвярнуліся да насельніцтва па дапамогу ў пошуку таго, хто страляў.
У цяперашні час пакуль няма падрабязнасьцяў — дзе менавіта ў гандлёвым цэнтры адбылася стральба.
18-гадовая Сірыя Уільямс, якая знаходзілася ў гандлёвым цэнтры, распавяла тэлекампаніі ABC News, што разам з маці рабіла пакупкі ў краме Bath & Body Works, калі пачула «некалькі стрэлаў і выліўся хаос».
«Супрацоўнікі адкрылі задні склад і сказалі ўсім бегчы», — паведаміла Ўільямс, якая схавалася за прылаўкамі крамы.
Акала знаходзіцца прыкладна ў 80 мілях на паўночны захад ад Арлянда.