Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветная арганізацыя здароўя: кожны другі чалавек на Зямлі рызыкуе заразіцца ліхаманкай Дэнге. Выпадкі заражэньня ёсьць і ў Беларусі


Каля 4 мільярдаў чалавек, або кожны другі жыхар Зямлі, рызыкуе захварэць на ліхаманку Дэнге, заявіла на брыфінгу ў Жэнэве кіраўніца групы Сусьветнай арганізацыі здароўя па арбавірусах Дыяна Рохас Альварэс.

Паводле яе, з пачатку 2023 году ва ўсім сьвеце было зарэгістравана больш за 5 мільярдаў выпадкаў заражэньня Дэнге і 5 тысяч сьмерцяў ад гэтага захворваньня. Альварэс папярэдзіла, што САЗ ацэньвае рызыку распаўсюджваньня Дэнге на плянэце як высокую, і заклікала зьвярнуць максымальную ўвагу на гэтую праблему, а таксама падрыхтавацца да рэагаваньня на будучы сэзон Дэнге.

На сёньняшні дзень няма спэцыфічнага лекаваньня цяжкай формы Дэнге, аднак раньняе выяўленьне вірусу і даступнасьць мэдыцынскай дапамогі можа зьнізіць працэнт сьмяротнасьці пры цяжкай форме захворваньня.

У асноўным Дэнге сустракаецца ў гарадзкіх раёнах з трапічным і субтрапічным кліматам, аднак распаўсюджваньне інфікаваных камароў закранае ўсё больш краін, адзначыла Альварэс. Паводле яе, у 2023 годзе зьявы Эль-Ніньё і зьмяненьне клімату прывялі да павелічэньня колькасьці выпадкаў выяўленьня Дэнге ў краінах, раней свабодных ад яго, такіх як Францыя, Італія і Гішпанія.

У Беларусі ў 2023 годзе зарэгістравалі чатыры выпадкі ліхаманкі Дэнге — гэта былі завазныя выпадкі.

Ліхаманка Дэнге — вірусная інфэкцыя, якая перадаецца пры ўкусах камароў-пераносчыкаў. Працякае зь ліхаманкай, інтаксыкацыяй, міалгіяй, артралгіяй, сыпам і павелічэньнем лімфатычных вузлоў. Пры некаторых варыянтах ліхаманкі дэнге разьвіваецца гемарагічны сындром. Аднаўленьне звычайна займае ад двух да сямі дзён. У невялікай колькасьці выпадкаў захворваньне перарастае ў цяжкую ліхаманку, таксама вядомую як гемарагічная ліхаманка дэнге, якая прыводзіць да крывацёку, нізкага ўзроўню трамбацытаў і «уцечкі» плязмы крыві, або сындрому шоку дэнге, пры якім крывяны ціск падае да небясьпечнага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG