Сустрэча адбылася ў фармаце відэасувязі і стала вынікам дамоўленасьцяў, дасягнутых у лістападзе паміж прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам і кіраўніком КНР Сі Цзіньпінам аб аднаўленьні сувязяў паміж вайсковымі міністэрствамі, якія Пэкін разарваў пасьля таго, як у жніўні 2022 году тагачасная сьпікерка Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі наведала Тайвань.
Як адзначаецца на афіцыйным сайце Пэнтагону, генэрал вайскова-паветраных сіл ЗША, кіраўнік Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў Чарльз Браўн абмеркаваў з генэралам Народна-вызваленчай арміі Кітая (НВАК) Лю Чжэньлі «шэраг глябальных і рэгіянальных праблем бясьпекі».
Лю Чжэньлі зьяўляецца начальнікам Абʼяднанага штабу Цэнтральнай ваеннай камісіі (вайсковага органа, адказнага за баявыя апэрацыі і ваеннае плянаваньне ў Кітаі. — РС).
Прадстаўнікі Пэнтагону заявілі, што аднаўленьне кантактаў паміж вайскоўцамі ЗША і Кітаю маюць «вырашальнае значэньне для перадухіленьня перарастаньня магчымых інцыдэнтаў у канфлікт».
Паводле афіцыйнай заявы Міністэрства абароны Кітая, ключом да разьвіцьця здаровых, стабільных і ўстойлівых вайсковых дачыненьняў паміж ЗША і Кітаем зьяўляецца «правільнае разуменьне Кітая».
У той жа час афіцыйныя асобы ЗША адзначылі, што наладжваньне функцыянальнага дыялёгу будзе патрабаваць пэўнага часу.
Вашынгтон і Пэкін маюць рознагалосьсі па шэрагу пытаньняў — ад будучага дэмакратычна кіраванага Тайваня да тэрытарыяльных прэтэнзій у Паўднёва-Кітайскім моры.