Вынікі судовых рашэньняў не заўсёды можна даведацца апэратыўна, але пераважна яны нэгатыўныя для грамадзкіх аб'яднаньняў.
З пачатку сьнежня Менскі гарадзкі суд і Берасьцейскі абласны суд разгледзелі пазовы аб ліквідацыі наступных аб'яднаньняў:
- Берасьцейскае абласное грамадзкае абʼяднаньне прававой дапамогі спажыўцам, зарэгістраванае ў 2018 годзе (5 сьнежня, Берасьцейскі абласны суд).
- Спартовае грамадзкае абʼяднаньне «Лібэртата». Зарэгістравана ў 2018 годзе, займалася разьвіцьцём розных відаў харэаграфіі (5 сьнежня, Менскі гарадзкі суд).
- Рэспубліканскае грамадзкае абʼяднаньне «Сьвятая Сафія». Зарэгістравана ў 1997 годзе (6 сьнежня, Менскі гарадзкі суд).
- Гарадзкое навукова-асьветніцкае грамадзкае абʼяднаньне «Таварыства эстэтычнай гінэкалёгіі», зарэгістраванае ў 2018 годзе (12 сьнежня, Менскі гарадзкі суд).
- Фэліналягічны клюб «Юніён Кэтс», зарэгістраваны ў 2011-м (12 сьнежня, Менскі гарадзкі суд).
- Цэнтар гімнастыкі «Страказа». Зарэгістраваны ў 2017 годзе, спэцыялізаваўся на гімнастыцы для дзяўчатак ад 3 да 10 гадоў (19 сьнежня, Менскі гарадзкі суд).
- Берасьцейскае гарадзкое спартовае грамадзкае абʼяднаньне «Фэдэрацыя сынхроннага плаваньня», зарэгістраванае ў 2015 годзе (19 сьнежня, Берасьцейскі абласны суд)
- Моладзевае грамадзкае абʼяднаньне «Інтэлект. Інфармацыя. Прагрэс», зарэгістраванае ў 2004 годзе (19 сьнежня, Менскі гарадзкі суд).
- Моладзевае грамадзкае абʼяднаньне «Спартовы клюб «Тэндай». Зарэгістраваны ў 2015 годзе, спэцыялізаваўся на каратэ (19 сьнежня, Менскі гарадзкі суд).
- Беларускае энтамалягічнае таварыства. Зарэгістравана ў 2014 годзе, базавалася ў Інстытуце заалёгіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (19 сьнежня, Менскі гарадзкі суд).
- Рэспубліканскае грамадзкае абʼяднаньне «Бацькі і настаўнікі за адраджэньне праваслаўнай адукацыі». Зарэгістравана ў 2002 годзе. Праўладная арганізацыя, якая прасоўвала праваслаўе ў школах і выступала супраць полавай асьветы дзяцей (20 сьнежня, Менскі абласны суд).
Таксама ў Менскім гарадзкім судзе на 22 сьнежня заплянаваны разгляд пазову Міністэрства аб ліквідацыі Беларускага цэнтру Міжнароднага інстытута тэатру (зарэгістраваны ў 1993 годзе), а 26 сьнежня — аб ліквідацыі Міжнароднага таварыства навукоўцаў тэхнічнай адукацыі (зарэгістравана ў 1995 годзе) і і Беларускай прафэсійнай фэдэрацыі дартсу (зарэгістравана ў 2008 годзе).
Паводле інфармацыі праваабаронцаў Lawtrend, на канец лістапада 2023 году сама меней 949 некамэрцыйных арганізацый Беларусі знаходзіліся ў працэсе прымусовай ліквідацыі. Яшчэ сама меней 532 арганізацыі на канец лістапада прынялі рашэньне аб самастойнай ліквідацыі. Як адзначаюць праваабаронцы, такія рашэньні прымаюцца перш за ўсё з прычыны ціску на сяброў, супрацоўнікаў НКА, неспрыяльнага прававога асяродзьдзя, агульнай грамадзка-палітычнай сытуацыі ў Беларусі, а таксама часта пад ціскам уладаў на НКА аб прыняцьці адпаведнага рашэньня.
За пэрыяд пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і да канца лістапада 2023 году ў Беларусі зьліквідавана ня менш як 1481 некамэрцыйная арганізацыя (НКА) — аб’яднаньні, прафсаюзы, фонды, недзяржаўныя ўстановы і асацыяцыі, гаворыцца ў лістападаўскім аглядзе Lawtrend.
Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі
У красавіку 2021 міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.
«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.
22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.
«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»
«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.
30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.
«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.
Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.
Па стане на канец 2021 году ўлады ліквідавалі як найменей 275 НДА, яшчэ шэраг — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.
Праз год пасьля пачатку масавага ціску, у ліпені 2022 году, стала вядома, што ўлады ліквідавалі або давялі да самаліквідацыі 857 недзяржаўных арганізацый. А маніторынг Lawtrend на канец 2022 году паказаў, што за два гады грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся ня менш як 1102 некамэрцыйных арганізацый.
Адной з галоўных падзей стала ліквідацыя незалежных прафсаюзаў у краіне. Лідэрам арганізацый прысудзілі вялікія турэмныя тэрміны.
Сярод зьліквідаваных арганізацый
- • Human Constanta
- • Беларуская асацыяцыя журналістаў
- • Беларускі Хэльсынскі камітэт
- • Гродна Лайф Медыя
- • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
- • Зьвяно
- • Имена
- • Мова нанова
- • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
- • ПЭН-цэнтар
- • Прававая ініцыятыва
- • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- • Тэрыторыя правоў
- • Цэнтар прававой трансфармацыі
- • Экадом
- Таварыства беларускай мовы
- Дзіцячыя госьпісы ў Горадні і Віцебску
- Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП)
- Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ)
- Беларускі незалежны прафсаюз (БНП)
- Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП)
2024 год. У апублікаваным 7 траўня аглядзе праваабарончай арганізацыі Lawtrend гаворыцца, што за пэрыяд пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і да канца красавіка 2024-га ўлады Беларусі зьліквідавалі ня менш за 1622 некамэрцыйныя арганізацыі. У працэсе прымусовай ліквідацыі знаходзілася ня менш за 1003 НКА, рашэньне аб самастойнай ліквідацыі прынялі сама меней 619.