Аргкамітэт фарміруецца з прадстаўнікоў дэмакратычных сіл, якія выказалі намер удзельнічаць у выбарах у КР і/ці арганізацыі выбараў у КР. Далучэньне да аргкамітэта аўтаматычна азначае прыняцьце на сябе абавязкаў у арганізацыі выбараў у КР і/або ўдзелу ў іх.
Да аргкамітэту могуць далучацца экспэрты, прадстаўнікі мэдыя, вядомыя прадстаўнікі грамадзкасьці з правам дарадчага голасу або як назіральнікі. Адпаведныя заяўкі ў сакратарыяце КР чакаюць да 27 сьнежня.
«Мы дзейнічаем у няпростых умовах: з аднаго боку, мы зазнаем ціск рэжыму, з другога — недавер беларусаў, ня ўсе зьякіх разумеюць, навошта ім патрэбна Каардынацыйная рада. Крытыка можа стаць падставай для кроку назад, але мы хочам, каб яна стала штуршком для разьвіцьця. Такое разьвіцьцё немагчымае без абмеркаваньняў, дыскусій і сумеснай працы», — гаворыцца ў паведамленьні Каардынацыйнай рады.
Раней КР апублікавала праект выбарчай сыстэмы. Прапануецца правесьці выбары трэцяга складу паводле прапарцыйнай сыстэмы з закрытымі сьпісамі, прапанаванымі выбарчымі суб’ектамі (партыямі, арганізацыямі грамадзянскай супольнасьці і іншымі абʼяднаньнямі грамадзян). Таксама будзе адкрыты сьпіс самавылучэнцаў. У кожнага выбарніка будзе тры галасы. Для прадстаўнікоў арганізацый грамадзянскай супольнасьці прадугледжана квота ў 15 працэнтаў. 40% месцаў у новым складзе павінны быць аддадзены жанчынам.
Сёньня Абʼяднаны пераходны кабінэт выклаў сваю пазыцыю па выбарах трэцяга складу Каардынацыйнай рады. АПК заяўляе, што выбары ў КР трэцяга скліканьня павінны грунтавацца на дамоўленасьцях, агучаных на канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у жніўні 2022 году: другі склад КР зьяўляецца пераходным, трэці склад фармуецца шляхам прамых выбараў.