Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 2 гадоў турмы. У Польшчы вынесьлі выракі беларусам за шпіянаж на карысьць Расеі


Падчас судовага паседжаньня
Падчас судовага паседжаньня

Гучны суд за шпіянаж на карысьць Расеі прайшоў у польскім Любліне 19 сьнежня. Фігурантаў прызналі вінаватымі ў тым, што яны плянавалі ўзарваць цягнік са зброяй для Ўкраіны. У групе абвінавачаных былі беларусы. Прысуды ў разы меншыя, чым за падобныя справы ў Беларусі.

У вялікай групе абвінавачаных з 16 чалавек было трое грамадзян Беларусі. Аднаго зь іх будуць судзіць асобна.

Перад пачаткам паседжаньня ў будынку суду поўна здымачных групаў польскай, а таксама францускай тэлевізіі. Абмяркоўваюць украінцаў, якія складаюць большасьць фігурантаў, чуваць імя зьняволенага польскага журналіста зь Беларусі Анджэя Пачобута.

«Вы на гэты вялікі працэс?», – удакладняе ахоўнік суду.

Рэчы на ўваходзе прапускаюць праз стужку з рэнтгенам, як у аэрапорце. Мэталічныя прадметы і пітная вада асобна. Адкрываць торбы і паказваць усё зьмесьціва, як у беларускіх судах, ня трэба. Дакумэнты ня спраўджваюць, у адрозьненьне ад беларускіх установаў. Ахоўнік ветліва тлумачыць, куды прайсьці і калі можна рабіць здымкі.

Адвакаты і пракурор перад пачаткам чакаюць у калідоры разам з усімі наведнікамі паседжаньня. Там жа надзяваюць мантыі, у якіх прысутнічаюць на працэсе.

Перад паседжаньнем сабралася больш за 20 чалавек. Адвакаты надзяваюць мантыі проста ў калідоры
Перад паседжаньнем сабралася больш за 20 чалавек. Адвакаты надзяваюць мантыі проста ў калідоры

Справа насамрэч вялікая. Усяго ў ёй спачатку мелася быць 16 фігурантаў, потым двух вылучылі ў асобную справу. Большасьць – грамадзяне Ўкраіны, таксама адзін расеец і трое беларусаў. Сярод іх было двое непаўналетніх (аднаму зь іх ужо споўнілася 18 гадоў за час расьсьледаваньня) і адна дзяўчына. Найстарэйшаму ўдзельніку групы – 44 гады, наймаладзейшаму – 17. Усе, акрамя аднаго ўкраінца, раней не былі судзімыя, паведамляла раней польскае Radio Opole.

Фігуранты:

  • Уладзіслаў П., 29 гадоў, Менск, Беларусь;
  • Міхаіл А., 39 гадоў, Менск, Беларусь;
  • Марыя М., 19 гадоў, студэнтка, Менск, Беларусь;
  • Максім С., 20 гадоў, хакеіст, Расея;
  • Максім Л., 23 гады, Палтава, Украіна;
  • Багдан С., 19 гадоў, Палтава, Украіна;
  • Арцём А., 19 гадоў, Херсон, Украіна;
  • Дзьмітры С., 23 гады, Мелітопаль, Украіна;
  • Раман З., 33 гады, Мікалаеў, Украіна;
  • Расьціслаў К., 18 гадоў, Крывы Рог, Украіна;
  • Андрэй П., 29 гадоў, Крывы Рог, Украіна;
  • Аляксей П., 26 гадоў, Крывы Рог, Украіна;
  • Вадзім М., 24 гады, Віньніца, Украіна;
  • Яраслаў Б., 44 гады, Даліна, Украіна;
  • Багдан К., 18 гадоў, Дубна, Украіна;
  • Артур М., 17 гадоў, Чарнігаў, Украіна.

«Кібэрпартызаны» расказалі «Белсату» пра беларусаў, затрыманых за шпіянаж у Польшчы. Уладзіслаў П. быў у 2015 годзе супрацоўнікам Менскага электрамэханічнага заводу. У 2008 годзе ён езьдзіў на 9 дзён ва Ўкраіну, у 2013 – на дзень у Польшчу і на дзень у Літву, за дзень да Новага году ў 2018-м заехаў у Польшчу і 2 студзеня 2019 году выехаў. У лютым 2021 году ён кудысьці вылятаў з Нацыянальнага аэрапорту «Менск», на наступны дзень вярнуўся з Украіны ў Беларусь празь пешы памежны пераход.

Марыя М. у дзяцінстве была ў Крыме, Турэччыне, Грэцыі, Баўгарыі. У Польшчу яна заяжджала на тры дні ў лістападзе 2016 году і на 11 дзён у жніўні 2018-га, у 2014 і 2017 гадах езьдзіла на дзень у Літву. Таксама лётала кудысьці зь Менску ў 2017, 2018 і 2019 гадах, вярталася праз 10–14 дзён. Тэлеграм-канал, блізкі да беларускіх сілавікоў, агучваў імёны затрыманых за шпіянаж беларусаў і публікаваў відэа нібыта зь іхнымі сваякамі.

Пракурор на працэсе
Пракурор на працэсе

Фігурантаў затрымалі і ўзялі пад варту. Яны ўжо да суду пачалі адбываць так званае «добраахвотнае ўзгодненае пакараньне». Праз гэта суд праходзіў у спрошчаным парадку і хутчэй, чым у звычайным судовым працэсе, без звычайнага парадку судовага расьсьледаваньня з прадстаўленьнем доказаў віны.

На працэс абвінавачаных не прывезьлі. Паседжаньне праходзіла ў вялікай прасторнай залі, магчыма, празь цікавасьць да справы з боку мэдыя і вялікай колькасьці прысутных.

Паседжаньне вёў судзьдзя акруговага суду Яраслаў Кавальскі. На пачатку ён агучыў рашэньне, што журналісты могуць здымаць фота і відэа. Тыя цягам усяго паседжаньня свабодна перамяшчаліся па залі.

Судзьдзя Яраслаў Кавальскі
Судзьдзя Яраслаў Кавальскі

Некалькі абаронцаў папрасілі, каб іхныя падабаронныя адбывалі пакараньне на тэрыторыі Польшчы паводле папярэдне дамоўленага тэрміну. Абаронца беларускі Марыі М. заявіла хадайніцтва, каб вызваліць яе ад адбываньня папярэдне дамоўленага пакараньня.

Судзьдзя паінфармаваў, што ў беларуса Ўладзіслава П. і ўкраінца Максіма Л. зьмяніўся статус, яны адклікалі згоду на добраахвотнае адбываньне пакараньня, таму іх вылучылі ў асобную справу. Яе будуць разглядаць паводле звычайнага парадку.

Расцэнкі — ад 5 даляраў да 10 тысяч

У справе было 104 тамы. Як выявіла служба бясьпекі Польшчы, усе фігуранты займаліся шпіёнскай дзейнасьцю на карысьць Расеі як мінімум са студзеня па чэрвень 2023 году. Вядома пра шпіянаж у польскіх гарадах Белай Падляскай, Хэлме, Мэдыцы, Пшэмысьлі, Жэшаве, Гданьску і іншых.

Імаверна, усяго ўдзельнікаў гэтай групы было разы ў два больш, аднак частку зь іх не затрымалі. Кіраўнікоў злачыннай групы ня выявілі. Вядома, што адзін зь іх прадстаўляўся як Андрый, Анджэй або Габрыэль К., іншыя выступалі пад нікамі «Barbados», «Pink», «Mara», «Secret Chat». Група дзейнічала як сетка. Удзельнікі прыцягвалі да гэтай дзейнасьці ўсё новых «падрадчыкаў».

Польская пракуратура зрабіла высновы, што некаторыя абвінавачаныя кантактавалі з ФСБ ці іншымі расейскімі службамі, калі знаходзіліся на акупаванай Расеяй тэрыторыі Ўкраіны або пры выезьдзе з Украіны празь мяжу з Расеяй у «фільтрацыйных зонах» у Крыме і на межах Расеі з Эўразьвязам.

Кіраўнікі давалі заданьні ўдзельнікам праз Telegram. За выкананыя задачы плацілі грошы. Плянам-максымум, паводле матэрыялаў справы, было пусьціць пад адхон цягнік з вайсковым транспартам у Польшчы і Ўкраіне. За гэта прапаноўвалі ўзнагароду ў 10 тысяч даляраў.

Фігурантаў абвінавацілі ў тым, што яны сачылі за марскімі партамі, аэрапортамі, чыгуначнымі станцыямі, вайсковымі часткамі Польшчы. Удзельнікі групы, як выявіла польская пракуратура, усталявалі на чыгуначных шляхах ня менш за 6 камэр відэаназіраньня, ставілі GPS-перадатчыкі ў цягніках. Такім чынам яны, падобна, хацелі адсачыць дэталі вайсковай і гуманітарнай дапамогі Польшчы для Ўкраіны. За ўсталяваную камэру выканаўцам плацілі па 300-400 даляраў.

Абвінавачаныя, паводле пракуратуры, вялі таксама прапагандысцкую дзейнасьць: расклейвалі налепкі, улёткі, малявалі графіці з антынатаўскімі і антыўкраінскімі лёзунгамі. За кожную налепку чалавек атрымліваў па 5 даляраў.

Выканаўцам давалі грошы таксама на пражываньне ў гатэлях і на паездкі па краіне. Як выявіла пракуратура, фігурантам плацілі крыптавалютай.

Максымальнае пакараньне – 6 гадоў турмы

Затрымлівалі ўдзельнікаў групы сёлета з сакавіка па жнівень у розных месцах Польшчы. Падчас ператрусаў у іх вынялі некалькі дзясяткаў тэлефонаў, сім-картак, пляншэтаў, ноўтбукаў, прыладаў GPS-сачэньня, флэшак, а таксама ліхтарыкі, штатывы, люпы, агітацыйныя ўлёткі.

Усе падсудныя прызналі сваю віну і добраахвотна пагадзіліся на «ўзгодненае пакараньне» яшчэ да суду. Максымальнае пакараньне, якое папярэдне далі па гэтай справе, – 6 гадоў турмы. Непаўналетняга Артура М. накіравалі ў моладзевую выхаваўчую ўстанову. Усім дадаткова прысуджалі штрафы. Беларусу Ўладзіславу П. папярэдне і канчаткова далі 2 гады турмы і 2,5 тысячы даляраў штрафу, Міхаілу А. – 2 гады турмы і 2,5 тысячы даляраў штрафу, Марыі М. – 1 год і 1 месяц турмы і 1250 даляраў штрафу.

У выніку суд пакінуў усім ранейшыя пакараньні. Беларуску Марыю М. і яшчэ двух фігурантаў, якія атрымалі да паўтара года калёніі, суд вырашыў датэрмінова вызваліць, бо яны ўжо адбылі значную частку пакараньня. Ім пакуль нельга будзе выяжджаць з Польшчы. Іншым арышт працягнулі да канца лютага наступнага году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG