Вядома, што судзьдзя Сьвятлана Крамянеўская праводзіць паседжаньне ў закрытым рэжыме.
Пракоп’ева вінавацяць паводле ч. 2 арт. 367 («Паклёп на прэзыдэнта»), ч. 1, 2 арт. 368 («Абраза прэзыдэнта»), арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»), ч. 1 арт. 130 («Распальваньне варожасьці або звады»), ч. 3 арт. 361 («Заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі») Крымінальнага кодэксу.
Новае спэцыяльнае вядзеньне ў дачыненьні да Пракопʼева як «асобы, якая мае дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці», распачалі 29 верасьня, Сьледчы камітэт паведаміў пра гэта 2 кастрычніка.
21 чэрвеня 2023 году Менскі гарадскі суд завочна прыгаварыў Пракопʼева да 25 гадоў зняволення ў справе аб падпале дома дэпутата Палаты прадстаўнікоў, лідэра праўладнай Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алега Гайдукевіча.
Дзяржабвінаваўца Максім Чупрыс пасьля абвяшчэньня прысуду заявіў дзяржСМІ, што «арганізатару і кіраўніку злачыннай супольнасьці „Пракопʼеву“ па сукупнасьці злачынстваў прызначана максымальна магчымае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі» са штрафам у памеры 1.000 базавых велічынь (37 тыс. рублёў).
Спэцвядзеньне праводзіцца ў дачыненьні да абвінавачаных, якія знаходзяцца за межамі Беларусі і «ўхіляюцца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс». Магчымае паводле 34 складаў злачынстваў, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іх акт тэрарызму, генацыд, наёмніцтва, здрада дзяржаве, дывэрсія, стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый і інш.