Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакратычныя сілы адрыхтавалі праект рэформы вышэйшай адукацыі Беларусі, які прадугледжвае выбары рэктараў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Дарожную мапу дэмакратызацыі вышэйшай адукацыі Беларусі падрыхтавалі па ініцыятыве Офіса Сьвятланы Ціханоўскай пры ўдзеле Аб’яднанага Пераходнага Кабінэта.

Яе распрацавала група беларускіх навуковых экспэртаў і практыкаў у сфэры вышэйшай адукацыі, якія вымушана зьехалі за мяжу з прычыны сваёй навуковай і грамадзянскай пазыцыі, паведамляе прэс-служба Сьвятланы Ціханоўскай.

Дакумэнт пакрокава апісвае пераход ад аўтарытарнай сыстэмы вышэйшай адукацыі да дэмакратычнай. Мэта — забесьпячэньне ўстойлівага функцыянаваньня і эфэктыўнай дэмакратычнай трансфармацыі сыстэмы вышэйшай адукацыі ў пераходны пэрыяд.

Дарожная мапа пачне дзейнічаць з моманту фармаваньня Ўраду пераходнага пэрыяду. Дакумэнт ахоплівае першыя 500 дзён пераходнага пэрыяду і падзелены на тры этапы: 50-100-500 дзён.

Асноўныя задачы першага этапу (50 дзён):

  • рэабілітацыя ахвяраў рэпрэсіяў у сфэры вышэйшай адукацыі;
  • захаваньне ўстойлівага функцыянаваньня сыстэмы вышэйшай адукацыі;
  • правядзеньне арганізацыйна-кадравых зьменаў ва ўнівэрсытэтах, перш за ўсё — у сыстэме кіраваньня;
  • прызначэньне новага міністра адукацыі і рэктараў, стварэньне Нацыянальнай рады вышэйшай школы, камісіяў па разьвіцьці ўнівэрсытэтаў.

Асноўныя задачы другога этапу (100 дзён):

  • аднаўленьне і разьвіцьцё міжнароднага супрацоўніцтва;
  • шырокае абмеркаваньне ключавых дакумэнтаў па дэмакратычным кіраваньні ў сыстэме вышэйшай адукацыі, а таксама напрамкаў будучай рэформы сыстэмы вышэйшай адукацыі;
  • навучаньне супрацоўнікаў сыстэмы адукацыі дэмакратычным працэдурам, мэханізмам і прынцыпам узаемадзеяньня.

Асноўныя задачы трэцяга этапу (500 дзён):

  • прыняцьце новых дэмакратычных статутаў унівэрсытэтаў;
  • правядзеньне дэмакратычных выбараў у органы самакіраваньня ўнівэрсытэтаў;
  • правядзеньне дэмакратычных выбараў рэктараў унівэрсытэтаў;
  • шырокае грамадзкае і экспэртнае абмеркаваньне напрамкаў і прыярытэтаў будучай рэформы сыстэмы вышэйшай адукацыі Беларусі.

Дарожную мапу плянуюць рэалізоўваць сумеснымі намаганьнямі Ўраду пераходнага пэрыяду, супрацоўнікаў і студэнтаў/студэнтак ВНУ, структураў грамадзянскай супольнасьці Беларусі.

Праект дакумэнту адкрыты для шырокага грамадзкага і экспэртнага абмеркаваньня, унясеньня абгрунтаваных дапаўненьняў і зьмяненьняў, адзначаюць у прэс-службе Ціханоўскай. Прапановы, заўвагі, дапаўненьні і камэнтары да Дарожнай карты можна дасылаць на пошту roadmapedu24@gmail.com.

Поўны тэкст Дарожнай мапы дэмакратызацыі вышэйшай адукацыі Беларусі можна прачытаць па спасылцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG