Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскі суд адмовіўся зьняць санкцыі з тэрміналу Клайпедзкага порту, які часткова належыць «Беларуськалію»


Порт Клайпеды.
Порт Клайпеды.

Эўрапейскі суд прыняў рашэньне адхіліць пазоў тэрміналу навалачных грузаў у літоўскай Клайпедзе (Biriu kroviniu terminalas, BKT) супраць Рады ЭЗ, які часткова належыць «Беларуськалію», гаворыцца ў рашэньні суду ад 6 сьнежня.

24 лютага 2023 году Рада ЭЗ абнавіла і працягнула санкцыі ў дачыненьні да Беларусі, якімі забаранялася перамяшчэньне па тэрыторыі ЭЗ калійных угнаеньняў зь Беларусі. BKT вырашыў аспрэчваць санкцыі ў судзе.

У рашэньні Эўрапейскага суду зьвяртаецца ўвага на тое, што Клайпедзкі тэрмінал спазьніўся з падачай пазову на адзін дзень: тэрмін для пачатку разбору складае два месяцы і адлічваецца з канца 14-га дня пасьля публікацыі рашэньня ў афіцыйным часопісе (27 лютага) — з 13 сакавіка. Гэты тэрмін дадаткова падаўжаецца на 10 дзён. Такім чынам, апошнім днём для падачы іску было 23 траўня, а BKT падаў пазоў у суд ЭЗ 24 траўня.

Эўрапейскі суд у рашэньні адзначыў, што «правілы аб тэрмінах, якія прымяняюцца ў гэтай справе, не выклікаюць якіх-небудзь асаблівых цяжкасьцяў у тлумачэньні», і абавязаў бок, які прайграў, аплаціць судовыя выдаткі.

У лістападзе літоўскія СМІ са спасылкай на Міністэрства транспарту і сувязі гэтай краіны паведамілі, што ААТ «Беларуськалій» пачало арбітражны працэс супраць Літвы, патрабуючы кампэнсацыі шкоды памерам каля 1 млрд эўра, ня лічачы працэнтаў і судовых выдаткаў.

Пазоўнік мяркуе, што панёс шкоду ў выніку таго, што літоўскі ўрад на пачатку 2022 году прызнаў несапраўднай дамову на перавозку грузаў паміж Літоўскай чыгункай і «Беларуськаліем». На падставе гэтага рашэньня была спыненая перавозка праз балтыйскую краіну ўгнаеньняў. Тым самым, паводле сьцьвярджэньня «Беларуськалію», Літва парушыла двухбаковае пагадненьне 1999 году аб абароне інвэстыцый.

Таксама, на думку беларускай кампаніі, пагадненьне было парушанае ў выніку зьяўленьня спэцыяльнага запісу ў літоўскім рэестры аб прымененых абмежаваньнях дзейнасьці Клайпедзкага тэрміналу навалачных грузаў, што прывяло да зьніжэньня яго кошту.

  • «Беларуськалію» належыць 30% акцый тэрміналу навалачных грузаў у літоўскай Клайпедзе. Цяпер акцыі замарожаныя, бо ў 2021 годзе ЭЗ, ЗША, Вялікая Брытанія і Канада ўвялі санкцыі ў дачыненьні да прадпрыемства. З прычыны ўплыву санкцый у студзені 2022 году нарвэскі пастаўшчык калію Yara — адзін з найбуйнейшых у Эўропе пакупнікоў беларускіх угнаеньняў — абвясьціў аб спыненьні супрацоўніцтва зь «Беларуськаліем».
  • 1 лютага таго ж году спыніўся экспарт калійных угнаеньняў празь літоўскі порт у Клайпедзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG