Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін заявіў, што ў Расеі «няма цікавасьці» ваяваць з краінамі NATO, але абяцаў праблемы Фінляндыі


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, 14 сьнежня 2023
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, 14 сьнежня 2023

Раней у Расеі казалі, што ня будуць нападаць на Ўкраіну.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што ў Расеі «цалкам няма рэзону» і «цікавасьці» ваяваць з краінамі NATO.

У гутарцы з карэспандэнтам расейскага тэлеканалу, урыўкі з якой публікуюць расейскія тэлеграм-каналы раніцай у нядзелю, Пуцін адрэагаваў на нядаўнія словы прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна аб тым, што ў выпадку нанясеньня паразы Ўкраіне Расея можа напасьці на адну з краін NATO. Ён назваў гэтыя словы «лухтой», сказаўшы пры гэтым, што і Байдэн, на яго думку, гэта разумее.

«У Расеі няма ніякай цікавасьці, ні геапалітычнай, ні эканамічнай, ні палітычнай, ні ваеннай ваяваць з краінамі NATO», — сказаў Пуцін.

Паводле яго слоў, Расея «зацікаўлена ў разьвіцьці адносін» з краінамі NATO. Пры гэтым саму арганізацыю ён назваў «заднім дваром» ЗША. Ён таксама паскардзіўся на ўступленьне ў NATO Фінляндыі, сказаўшы, што ў гэтай краіны ў адносінах з Расеяй «праблем не было», а зараз яны будуць, паколькі Расея сканцэнтруе каля граніц з Фінляндыяй «пэўныя воінскія падразьдзяленьні».

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн выказаў аргумэнт аб тым, што ў будучыні Расея можа напасьці на саюзьнікаў ЗША па NATO, заява прагучала 6 сьнежня ў выступленьні, прысьвечаным падтрымцы Ўкраіны.

«Калі Пуцін нападзе на саюзьніка [ЗША] па NATO... што ж, мы, як сябар NATO, абавязаліся абараняць кожны дзюйм тэрыторыі NATO. Тады мы атрымаем тое, да чаго мы не імкнемся і чаго ў нас няма сёньня: амэрыканскія войскі, якія змагаюцца з расейскімі войскамі», — заявіў у прыватнасьці Байдэн.

Аб магчымай расійскай пагрозе краінам NATO — у першую чаргу называюцца краіны Балтыі, а таксама Польшча — асабліва з пачатку ўварваньня ва Ўкраіну неаднаразова заяўлялі і іншыя заходнія палітыкі і аналітыкі.

Аб магчымым нападзе на краіны NATO гаварыў і шэраг расійскіх дзеячаў — у прыватнасьці, кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў. Намесьнік Пуціна ў Радзе бясьпекі Расеі Дзьмітрый Мядзведзеў пагражаў Эўропе «ядзерным Армагедонам», а блізкі да Крамля палітоляг Сяргей Караганаў наўпрост прапаноўваў нанесьці ядзерны ўдар па Польшчы.

У пакеце патрабаваньняў так званых гарантый бясьпекі, вылучаных Расеяй за некалькі месяцаў да ўварваньня ва Ўкраіну, зьмяшчалася і патрабаваньне дэмантажу ўсёй ваеннай інфраструктуры NATO ў краінах, якія ўступілі ў саюз пасьля 1997 года.


Аж да 24 лютага 2022 года расейскія ўлады адмаўлялі пляны ўварваньня ва Ўкраіну. У прыватнасьці ў студзені кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў казаў, што Масква «не зацікаўлена» ў вайне з Украінай:

«Калі гэта залежыць ад Расейскай Фэдэрацыі, вайны ня будзе. Мы войнаў ня хочам, але і наступаць груба на нашы інтарэсы, ігнараваць нашы інтарэсы мы не дазволім», — казаў ён.

Пуцін зараз балятуецца ў прэзыдэнты Расеі на пяты тэрмін. За час ягонага знаходжаньня ва ўладзе ў ЗША зьмяніліся пяць прэзыдэнтаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG