Дадзеныя прадстаўлялі Рыгор Астапеня, кіраўнік «Беларускай ініцыятывы» брытанскага дасьледчага цэнтру Chatham House, Лізавета Каўцяк і Канстанцін Несьцяровіч. Яны расказвалі пра онлайн-апытаньні гарадзкога насельніцтва Беларусі, якія праводзіліся на працягу апошняга году.
Сьцісла
- Беларусы падзеленыя ў стаўленьні да вайны Расеі ва Ўкраіне, але перавага на баку праціўнікаў ваенных дзеяньняў.
- Нават прыхільнікі вайны не жадаюць, каб у ёй удзельнічала беларускае войска.
- Вайна не памяняла кардынальна геапалітычныя прыярытэты беларусаў.
- Фактар страху ў адказах на пытаньні пра вайну выяўляецца ў непраўдзівых адказах і ў перапыненьні рэспандэнтамі анкетаваньня з прычыны нежаданьня адказваць на вострыя пытаньні.
Паводле вынікаў апытаньняў, прадстаўленых на прэзэнтацыі, беларусы падзеленыя ў сваім стаўленьні да вайны Расеі супраць Украіны. Пры гэтым колькасьць праціўнікаў ваенных дзеяньняў Крамля крыху большая, чым доля тых, хто іх падтрымлівае. Зь сярэдзіны мінулага году ў беларускай грамадзкай думцы адсутнічае значная дынаміка зьменаў у адносінах да вайны.
Пры гэтым нават прыхільнікі вайны, якія складаюць прыблізна траціну апытаных, не жадаюць, каб Беларусь у ёй удзельнічала. У беларускім грамадзтве сфармаваўся антываенны кансэнсус.
Дасьледаваньні паказалі, што мэдыяспажываньне беларусаў зьвязанае са стаўленьнем да вайны Расеі з Украінай. Аўдыторыя дзяржаўных СМІ часьцей падтрымлівае дзеяньні расейскай арміі, а недзяржаўных — часьцей выступае супраць.
Дасьледчыкі адзначаюць, што палярызацыя грамадзкай думкі ў Беларусі абумоўленая тым, што прыхільнікі розных бакоў канфлікту знаходзяцца ў інфармацыйных рэхакамэрах.
Як адзначыў падчас прэзэнтацыі Канстанцін Несьцяровіч, гэтыя рэхакамэры вызначаюцца ня толькі мэдыя, якім рэспандэнты аддаюць перавагу, але і колам іх камунікацыі — сваякамі, сябрамі і знаёмымі.
Аналіз сацыяльна-дэмаграфічных характарыстык прыхільнікаў і праціўнікаў расейскай вайны паказаў, што схільныя падтрымліваць дзеяньні расейскай арміі ва Ўкраіне часьцей людзі, старэйшыя за 55 гадоў, якія жывуць у рэгіёнах і маюць сярэднюю адукацыю. А вось праціўнікі дзеяньняў Расеі пераважна жывуць у Менску і маюць вышэйшую адукацыю. Існуе значная доля рэспандэнтаў, якія ня маюць пэўных поглядаў у гэтым пытаньні. Найчасьцей гэта маладыя жанчыны з рэгіёнаў зь сярэдняй адукацыяй.
Вайна не прывяла да кардынальных зьменаў у замежнапалітычных арыентацыях. Пры гэтым крыху пагоршылася стаўленьне і да Расеі, і да Ўкраіны. Але прынамсі 30% апытаных захавалі добрае стаўленьне да абедзьвюх гэтых краін.
Лізавета Каўцяк прадставіла падчас прэзэнтацыі вынікі глыбінных інтэрвію. Згодна зь іх аналізам, ня ўсе тэмы, зьвязаныя з палітыкай, успрымаюцца рэспандэнтамі як раўназначна небясьпечныя. Самымі чуйнымі, вострымі зьяўляюцца тэмы выбараў 2020 году і пратэстаў. Тэма вайны Расеі менш сэнсытыўная, пераважная частка рэспандэнтаў выступае за мірнае вырашэньне канфлікту і няўдзел Беларусі ў вайне.
Паколькі афіцыйны дыскурс уяўляецца ім параўнальна міратворчым, вялікіх асьцярог выказваць свой рэальны пункт гледжаньня рэспандэнты не праявілі. Значных асьцярог не выклікае і артыкуляцыя падтрымкі аднаго з бакоў, паколькі «гэтая вайна не зьяўляецца ўнутранай справай Беларусі». Пры гэтым адмова рэспандэнтаў выказваць пэўную пазыцыю часта зьвязаная з тым, што іх сваякі і знаёмыя жывуць і ва Ўкраіне, і ў Расеі.
Палітыка і вайна не абмяркоўваюцца ня толькі ад страху, але і з прычыны таксычнасьці гэтых тэмаў: акрамя боязі сутыкнуцца з інстытуцыйнымі рэпрэсіўнымі мерамі (звальненьне, вымова, гутарка з супрацоўнікамі КДБ), людзі асьцерагаюцца выказваць думку і сярод знаёмых, каб пазьбегнуць канфліктаў.
Фактар страху ўплывае на вынікі апытаньняў непраўдзівымі адказамі карэспандэнтаў падчас апытаньня і перапыненьнем рэспандэнтамі анкетаваньня ад нежаданьня адказваць на вострыя пытаньні.
Адмаўляюцца працягваць адказваць на пытаньні анкеты празь перасьцярогу ад чвэрці да паловы рэспандэнтаў.
Вынікі глыбінных інтэрвію паказваюць, што людзі з выразнай пазыцыяй — ці то прыхільнікі рэжыму, ці яго апанэнты — больш схільныя адказваць шчыра, адзначыла Каўцяк. Паводле яе, зацятыя прыхільнікі рэжыму лічаць сябе большасьцю і не баяцца наступстваў. («Чаго тут баяцца шчыра адказваць? Няхай яны нас баяцца, тыя, хто хадзіў. Іх вельмі мала»).
Зацятыя праціўнікі рэжыму лічаць, што важна быць сумленнымі. («Надакучыла прыстасоўвацца, я ўсё жыцьцё прыстасоўваюся і больш не магу, брыдка. Я адказваю ў апытаньні шчыра, хоць і разумею рызыкі і баюся за сябе і наступствы для сям’і, але ў мяне больш няма сіл поўзаць. Я хачу быць шчырай хаця б з сабой»).
Сацыяльна-дэмаграфічныя партрэты як тых, хто адмаўляецца працягваць удзельнічаць у апытаньні, гэтак і тых, хто дае няшчырыя адказы, падобныя на партрэты палітычна нэўтральных рэспандэнтаў: гэта часьцей жанчыны, моладзь, асобы без вышэйшай адукацыі. Фактар страху часьцей уплывае на сапраўды нэўтральных і апалітычна настроеных людзей.
Аналіз дадзеных паказвае, што калі рэспандэнты, якія адмаўляюцца працягваць анкетаваньне, і тыя, хто дае няшчырыя адказы, насамрэч хаваюць свае антыкрамлёўскія погляды, то праўкраінскіх адказаў было б значна больш. Але гэтая доля можа складаць ад 3 да 16 адсоткавых пунктаў. Такое скажэньне не пераварочвае вынікі апытаньняў «з ног на галаву».